Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«Фіндус з’язджаў» з галерэі «Ў», разам з ім і Ганна Хітрык

Арганізаваная спявачкай Таццянай Беланогай прэзентацыя дзіцячай кнігі «Фундус з’язджае» шведскага пісьменніка Свэна Нурдквіста адбылася сёння ў прысутнасці некалькіх дзясяткаў дзетак з бацькамі ў галерэі «Ў» у Мінску.

Фішкай імпрэзы было чытанне тэксту — з элементамі тэатралізацыі — вядучымі акцёрамі Купалаўскага тэатру:  Ганнай Хітрык і Паўлам Харланчуком. Дзеці слухалі раскрыўшы раты — і тэкст жывы, і выканаўцы здолелі стварыць незабыўную атмасферу. Кніжка, шостая з серыі “Каляровы ровар” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў, прыгожа выдадзеная выдавецтвам “Кнігазбор”, у цвёрдай вокладцы, на добрай паперы, разыходзілася як гарачыя піражкі. Разам з папярэднімі выданнямі, якія можна было набыць там жа.


Шчымлівую нотку падзеі надавала разуменне таго, што сёння госці імпрэзы адзін з апошніх разоў перад перапынкам на невядомы час бачылі Ганну Хітрык. Застаўся яшчэ канцэрт яе гурта “Сундук” у Купалаўскім тэатры, і затым, напрыканцы кастрычніка, акторка-спявачка з мужам Сяргеем Рудэням (таксама купалаўцам і музыкам) і сынам, едзе на пастаяннае жыхарства ў Ізраіль. Дзеля таго, каб сын Ганны, што церпіць на аўтызм, рос у краіне, больш талерантнай і адкрытай да дзяцей з асаблівасцямі развіцця.


На жаль, прапанаваць столькі жывога цяпла, як умее Ганна Хітрык, здатныя ў нас вельмі нямногія. Праўда, як зазначыла Ганна спецыяльна для НЧ, пераезд азначае заканчэнне толькі тэатральнай кар’еры (апошняя роля была сыграна ёю ў гэтым годзе ў п’есе “Школа падаткаплацельшчыкаў”). Гурт “Сундук” працягне дзейнасць, бо музыка не баіцца межаў, а сама спявачка час ад часу будзе з’яўляцца на сваёй першай радзіме на канцэртах.


Пасля чытанняў кніжкі дзеці забаўляліся маляваннем герояў прачытанага тэксту і частаваліся цукеркамі.  У сярэдзіне кастрычніка яшчэ адну прэзентацыю выдання правядзе яго перакладчыца, Надзея Кандрусевіч — у дзіцячай бібліятэцы імя М.Астроўскага. Сачыце за абвесткамі.

Таццяна Беланогая адкрывае прэзентацыю

 

Фота аўтара

Каментаваць