Fine Rammstein!

Пасля легендарнага мінскага канцэрта аркестра Дзюка Элінгтона ў 1971 годзе і мінулагодняга выступу «Prodigy» на стадыёне «Дынама», канцэрт «Rammstein» займае трэцяе месца сярод топавых падзей гастрольнага жыцця краіны і першае — па колькасці слухачоў, якія наведалі канцэрт рок-зоркі ў Мінску.



Пасля легендарнага мінскага канцэрта аркестра Дзюка Элінгтона ў 1971 годзе і мінулагодняга выступу «Prodigy» на стадыёне «Дынама», канцэрт «Rammstein» займае трэцяе месца сярод топавых падзей гастрольнага жыцця краіны і першае — па колькасці слухачоў, якія наведалі канцэрт рок-зоркі ў Мінску.

У свой час для савецкай моладзі нямецкія гурты з ГДР былі своеасаблівым «вакном» у вялікі свет сусветнай рок-музыкі. Такія каманды, як «Karat», «Prinzip», «Puhdys», «Neumis Rock Circus», часцяком гастралявалі па рэспубліках СССР і знаёмілі слухачоў, зацікаўленых найноўшымі стылістычнымі рок-тэндэнцыямі, з тым, як яны ўвасабляюцца ў «жывых» канцэртных праграмах, дапамагалі асэнсаваць, якіх вяршынь могуць дасягнуць музыканты з краін «сацыялістычнага лагера».

Пасля аб’яднання Германіі нямецкі шоу-бізнес узбагаціўся за кошт таленавітых выканаўцаў ГДР, і таму сярод сусветных рок-зорак сёння мы бачым «Guano Apes», «Lacrimosa», «Tanzwut», «In Extremo», «Accept», «Udo», «Rage», «Helloween», прадстаўнікоў маладой хвалі нямецкай рок-музыкі — «Tokio Hotel», «Nevada Tan», «Cinema Bizarre»...

Але «Rammstein» у гэтай абойме займае асаблівае месца — месца галоўнага экспартнага прадукту нямецкамоўнай рок-культуры. Многія краіны свету лічаць за гонар прыняць на сваіх канцэртных пляцоўках культавых музыкантаў. Вось надышла чарга і Беларусі.

Дзякуючы дапамозе рэдакцыі «Новага Часу» мне ўдалося трапіць у лядовы палац «Мінск-Арэна» на гістарычны канцэрт «Rammstein».

Хваляванні па дарозе да зорнага палаца

Перад тым, як упершыню выправіцца ў дарогу да «Мінск-Арэны», мне прыйшла ідэя даведацца праз інтэрнэт, якім транспартам лепш дабірацца да гэтай мінскай спартыўнай пляцоўкі, што на час пераўтварылася ў Мекку беларускіх меламанаў. На жаль, мне нічога канкрэтнага ў сусветным павуцінні знайсці не ўдалося. Давялося даверыцца інтуіцыі: на прыпынку каля ратушы разам з шматлікай кампаніяй маладых людзей зайшоў у аўтобус маршрута №1 і даверыўся лёсу. Хутка мае хваляванні адносна магчымасці не даехаць да «Мінск-Арэны» былі развеяны.

Добрым вястуном для мяне і іншых пасажыраў, якія не былі ўпэўнены ў правільнасці свайго шляху да «Rammstein», стала кандуктар аўтобуса, якая гучна абвясціла: «Не хвалюйцеся! Усе вы даедзеце да «Мінск-Арэны»! І сапраўды, праз некалькі прыпынкаў пасажыры з палёгкай убачылі гмах новага лядовага палаца і праз падземны пераход рушылі да збудавання, разглядаючы і абмяркоўваючы яго архітэктуру і грандыёзныя памеры.

Сек’юрыці: ветлівасць і ўважлівасць

Відавочна, што вельмі цяжка падтрымліваць парадак у шматтысячным асяроддзі такой публікі, як прыхільнікі року. Але ў службы аховы ўжо ёсць вопыт працы сярод іншага неспакойнага кантынгенту — хакейных фанатаў. Ды і беларускія прыхільнікі року «Rammstein» адчувалі гістарычнасць моманту, таму збольшага праяўлялі разуменне і дэманстравалі дысцыплінаванасць у пераадольванні фармальных патрабаванняў бяспекі.

Першая з іх — працэдура ўваходу ў сектар. Дзеля гэтага трэба было прыкласці свой білет да лазернага сканера, які праз секунду даваў дазвол да далейшага руху ў напрамак да металашукальнікаў. І гэтая «перашкода» шматтысячным натоўпам прыхільнікаў «Rammstein» з поспехам пераадольвалася. Аператыўнасці спрыялі прафесіяналізм і ветлівасць супрацоўнікаў «Мінск-Арэны», якія ў гэтай важнай для слухачоў справе раўняліся на досвед сваіх нямецкіх калегаў. Далей наведвальнікаў канцэрта «Rammstein» чакалі зручныя гардэробы, кавярні і прыбіральні. А таксама імправізаваныя крамы, дзе можна было набыць адзенне з лагатыпам любімай каманды...


Сустрэча з легендай

Канцэрт пачаўся на гадзіну пазней, чым было заяўлена ў афішах. За гэты час публіка дастаткова «разагрэлася», каб як след, на высокім эмацыянальным уздыме прыняць з’яўленне сваіх куміраў.

Напачатку публіку «разаграваў» сумесны амерыкана-нарвежкі гурт «Combichrist», які выканаў некалькі рытмічных англамоўных кампазіцый. Публіку весяліла тое, што музыканты «Combichrist» кідаліся адзін у аднаго часткамі ўдарнай устаноўкі і іншымі музычнымі прыладамі.

На гэтым «разаграваючы» сэт скончыўся, і пад гучныя воплескі і воклічы прыхільнікаў на сцэну пачалі з’яўляцца музыканты «Rammstein». Спачатку да публікі выйшаў фронтмэн «Rammstein» Тыль Ліндэман (Till Lindemann), а потым астатнія ўдзельнікі гурта — гітарысты Рыхард Круспе (Richard Zven Kruspe), Пауль Ландэрс (Paul Landers), басіст Алівер Рыдэль (Oliver Riedel), клавішнік Крысціян Лорэнц (Christian Flake Lorenz) і ўдарнік Крыстаф Шнайдэр (Christoph «Doom» Schneider). Гэтым складам музыкі адкрылі праграму свайго мінскага канцэрта, калі заспявалі песню-візітоўку «Rammstein» «Rammlied» (Песню-таран).

Сусветнавядомыя музыканты прывезлі ў Мінск новую праграму паводле апошняга скандальнага альбома «Rammstein» «Liebe ist fur alle da» — «Каханне існуе для ўсіх». Самае цікавае, што беларускім прыхільнікам ужо добра вядомыя гэтыя творы, і яны з задавальненнем спявалі разам з Тылем Ліндэманам такія кампазіцыі, як «Pussy», «Ich tu dir weh», некаторыя англамоўныя песні з гэтай кружэлкі. Выступ прайшоў на адным дыханні, імгненна, бо нямецкія музыканты маюць валадарства над часам: могуць спрасаваць, а могуць і расцягнуць яго. Адчуваецца моцны магічны пасыл музыкі «Rammstein»!

З музычнага пункту гледжання гучанне калектыву не змяняецца і застаецца сінтэзам традыцыйных маршавых рытмаў, фанетычных асаблівасцяў нямецкай мовы і ўзораў класічнай музыкі гэтай краіны. Да таго ж, «Rammstein» сёння, нават у свеце камерцыйных патрабаванняў шоу-бізнеса, застаецца адным з самых экстрэмальных па гучанню nu-metal і industrial-гуртоў сусветнай рок-сцэны. Класічным у творчасці «Rammstein» з’яўляецца і тое, што фронтмэн гурта Тыль Ліндэман выконвае песні ў экстрэмальнай стылістыцы, пры гэтым карыстаецца опернымі прыёмамі.

Такія асаблівасці гучання гурта беларускія слухачы добра ведаюць па хітах «Rammstein» мінулых гадоў, якія нямецкія рок-музыканты з задавальненнем выканалі ў рэтра-частцы сваёй праграмы і на «біс». Пад высокімі крыламі «Мінск-Арэны» асабліва ўражвалі сваім гучаннем такія вядомыя кампазіцыі, як «Links 234», «Ich Will», «Benzin», «Bang Bang», «Ohne Dich», «Sonne»...


Выбуховыя рытмы і вогненныя мелодыі

Калі распавядаеш пра канцэртныя ўражанні ад выступу такой рок-зоркі, як «Rammstein», нельга не адзначыць «фішку» гурта, якая прываблівае слухачоў з усіх кантынентаў — іх сусветнавядомае фаер-шоу. Заўважна, што для зручнасці музыкантаў яе прыстасаванні схаваны пад канцэртнай сцэнай. Гэта частка праграмы «Rammstein» — бадай самая тэхнічна ёмістая, і для транспарціроўкі абсталявання пад яе патрабуецца большая частка з дваццаці фураў, якімі карыстаецца тэхперсанал гурта.

Трэба адзначыць і тое, што «рамштайнаўскае» фаер-шоу — галоўная турбота беларускіх пажарных, якія (і гэта зразумела!) баяліся паўтору таго, што адбылося ў Расіі ў сумнавядомым клубе «Хромая лошадь». Сапраўды, беларускім пажарным давялося папрацаваць разам з нямецкімі спецыялістамі, каб агонь і выбухі петард не прынеслі шкоды слухачам, а спрыялі выключна візуальнаму ўвасабленню індустрыяльнай эстэтыкі гурта «Rammstein».


У выніку слухачы сталі сведкамі унікальнага відовішча, своеасаблівай сімфоніі з выкарыстаннем слупоў агню і пары, сцэнічных агнямётаў, кіруемых феерверкаў і моцных выбухаў, якія скаланалі палац і ўнутранасці слухачоў.

Асабліва ўражвала тое, як выбухі вялікіх петард і феерверкаў, якія на сцэне былі замаскіраваныя лялькамі з тканіны, сінхронна супадалі з сола ўдарніка «Rammstein» Крыстафа Шнайдэра. Каб надаць фаер-шоу рысы драматызму, яго рэжысёры ўводзілі ў сцэнарый шоу жывых удзельнікаў, якія бегалі па сцэне ў палаючых касцюмах, альбо «згаралі» пад уздзеяннем фантануючага вадаспада іскраў.

Але не толькі вогненнымі фокусамі было адзначана выступленне «Rammstein» у Мінску. Былі таксама і гіганцкія гарматы з мыльнымі бурбалкамі і рознакаляровымі пялёсткамі, якімі музыканты прасігналізавалі слухачам пра заканчэнне канцэрта...

Можна доўга распавядаць пра тэхнічныя навінкі, якіх яшчэ не бачыў Мінск. Але не ў гэтым бачыцца важнасць гэтай культурнай падзеі. Для нашай краіны канцэрт гурта «Rammstein» сімптаматычны па некалькіх прычынах.

Па-першае, уладам урэшце ўдалося адысці ад саўковага ўяўлення пра маральнае і амаральнае ў рок-музыцы і ўстрымацца ад забароны канцэрта «Rammstein» у Беларусі. Як бы на тым не настойвалі самыя кансерватыўныя колы беларускага грамадства. Бо гэта нанесла б непапраўны ўрон аўтарытэту нашай краіны ў свеце і сярод беларускай моладзі ў прыватнасці.

Па-другое, для шматлікіх беларускіх рок-выканаўцаў канцэрт «Rammstein» — рэальнае ўвасабленне ідэі таго, што музыканты могуць дасягнуць сусветнай вядомасці і не здраджваць роднай мове, што прагрэсіўны шоу-бізнес — не перашкода для тых, каму душа баліць за лёс роднага слова ў сучаснай культуры. Ці значыць гэта, што на чарзе новыя крокі да свабоды самавыяўлення асобы — канцэрты «Metallica», «AC/DC» ды «Kiss»?

Каментаваць