Фолк-фэст “Камяніца”: гармонія музыкі і архітэктуры

Колькасць фестываляў фальклорнай скіраванасці ў Беларусі можна пералічыць на пальцах адной рукі. Таму кожны новы фэст, асабліва калі ён праводзіцца на адкрытым паветры, становіцца падзеяй у музычным жыцці краіны. Гэткай важнай канцэртнай падзеяй мусіў, па задуме яго арганізатараў, стаць фолк-фестываль “Камяніца, які прайшоў на мінулым тыдні ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах, каля Мінска. Яго мэта — паказаць найноўшыя напрацоўкі айчынных выканаўцаў фолк-музыкі, а таксама сабраць сродкі на патрэбы музею.



Гурт “KRIWI”


Колькасць фестываляў фальклорнай скіраванасці ў Беларусі можна пералічыць на пальцах адной рукі. Таму кожны новы фэст, асабліва калі ён праводзіцца на адкрытым паветры, становіцца падзеяй у музычным жыцці краіны. Гэткай важнай канцэртнай падзеяй мусіў, па задуме яго арганізатараў, стаць фолк-фестываль “Камяніца, які прайшоў на мінулым тыдні ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах, каля Мінска. Яго мэта — паказаць найноўшыя напрацоўкі айчынных выканаўцаў фолк-музыкі, а таксама сабраць сродкі на патрэбы музею.

Пра гэта перад пачаткам фэсту гаварыла дырэктар Дзяржаўнага музею народнай архітэктуры і побыту спадарыня Святлана Лакотка, а таксама спонсары фестывалю — кіраўніцтва сталічнага рэстарана беларускай кухні “Камяніца. Дарэчы, у “Камяніцы ёсць свой філіял у музеі ў Строчыцах. Гэта “Беларуская карчма, кухары і афіцыянты якой частавалі гасцей, удзельнікаў і слухачоў фолк-фэсту.

Мо толькі тады, калі загучалі першыя акорды ад гурта “Кейлі Кёл, слухачы пачалі займаць выгодныя месцы каля сцэны фэсту. Гэты гурт пад кіраўніцтвам удзельніка “Старога Ольсы Алеся Чумакова вядомы сваёй прыхільнасцю да ірландскай музыкі, але ў беларускай транскрыпцыі. Вось і гэтым разам над жывапіснымі строчыцкімі краявідамі разносіліся рытмы ірландскай джыгі, знакамітай полькі, а таксама старажытных кампазіцый ірландскіх аўтараў “Тлусты кот, “Андро, якія загучалі ў гурта “Кейлі Кёл у беларускіх перакладах.

Гурт "Гаротніца"Своеасаблівым адкрыццём фэсту “Камяніца стала выступленне маладога гурта “Гаротніца. На самай справе, музыка гэтага калектыву зусім не адпавядае яго назве, а з’яўляецца ўвасабленнем пазітыўнага погляду на жыццё і на сучасны фальклор. Лепшымі песнямі, якія мелі вялікі поспех у слухачоў, трэба прызнаць кабарэтовыя “Каралікі, блюз “Я мела на прыкмеце сем жаданняў. Безумоўна, галоўным “перпетум мобіле “Гаротніцы можна назваць яе салістку, вядомую па ўдзеле ў шматлікіх праектах і працы ў гурце “KRIWI — Валерыю Валадзько. Бачна, што выканаўца вырашыла выйсці з ценю сваіх больш вядомых сябровак і заняцца сольнымі спевамі ў гурце. Тут добрую дапамогу Валерыі аказвае яшчэ адзін вядомы беларускі музыкант і спявак — Андрусь Такінданг. Дуэт гэтых выканаўцаў у вялікай ступені вызначае творчы патэнцыял удзельнікаў гурта “Гаротніца. Прынамсі, гэта было бачна па рэакцыі слухачоў на іх сумесны выступ.

З вялікім натхненнем прынялі слухачы спевы ад знанай вакалісткі і выканаўцы Іны Перасецкай, вядомай беларускім слухачам па ўдзелу ў медыявальным гурце "Artes Liberales". Цяпер Іна вельмі ўдала выступае ў амплуа фолк-спявачкі ў гурце “Дзівасіл. Лепшыя песні ў яе выкананні — класічная “Страла, “Явар, “Куды едзеш, Рамане, “Лосю — выклікалі шквал апладысментаў і замацавалі за гуртом справядлівую ацэнку як аднаго з перспектыўных беларускіх фолк-калектываў. Хацелася б адзначыць творчы падыход да аранжыровак названых кампазіцый, якія ажыццявілі інструменталісты гурта “Дзівасіл. Дзякуючы ім гэтыя знаёмыя песні набылі новыя адценні, больш характэрныя для эксперыментальных псіхадэлічных музычных накірункаў. Вялікая роля ў наданні незвычайнага гучання належыць Дзянісу Сухому, які ў гурце грае на дудзе-мацянцы сваёй вытворчасці.

Іншы падыход да фальклорнай музыкі прадэманстравалі ўдзельнікі гурта “Кума лён трэ пад кіраўніцтвам Ксеніі Мінчанкі, якую вядучы фэсту, кіраўнік гурта “Палац Алег Хаменка прадставіў як “Ванэсу Мэй беларускай фолк-сцэны. Сапраўды, Ксенія спявала і грала на скрыпцы. Аснова рэпертуару гурта “Кума лён трэ — беларускія народныя песні, а таксама кампазіцыі на аснове фальклорнай мелодыкі. А вось у музыцы дзяўчаты пад кіраўніцтвам К. Мінчанкі аддаюць перавагу разгорнутым вакальным партыям, а таксама аранжыроўкам у такой рэдкай стылістыцы, як фолк-джаз.

З гэтага пункту гледжання адзначу кампазіцыі гурта “Кума лён трэ, якія вельмі прыхільна былі сустрэты слухачамі і адзначаны шчырымі апладысментамі, — “А ў нашай вёсцы не было вяселляў, “Пра мора.

Сваю частку авацый і прызнання публікі, што прыбыла на фэст “Камяніца, здабыла такая неардынарная сталічная каманда, як гурт “Нагуаль. Гэты калектыў вядомы па шматлікіх выступах у Беларусі і за яе межамі. Са сваёй праграмай “Нагуаль і яе лідэр Леанід Паўлёнак не так даўно выступалі на фолк-фэсце “Таўкачыкі. Пры ўсёй неадназначнасці таго музычнага тэрміну, якім вызначаюць музыку гэтага гурта, — этнічны сюррэалізм, трэба заўважыць, што фальклорных матываў у музыцы “Нагуаля падчас выступу на “Таўкачыках было нашмат больш.

Што тычыцца фэсту “Камяніца, то каманда Л. Паўлёнка гэтым разам сканцэнтравала ўвагу слухачоў на сваіх так званых “песнях, якія выконваюцца лідэрам гурта інструментальна пад акампанемент разнастайных і вельмі “завадных рытмічных структур. Трэба адзначыць, што такія “песні, абсалютна не нагружаныя сэнсам, вельмі спрыяюць фантазіі слухачоў, якія апантана выяўляюць сябе ў скоках пад архітыповыя рытмы “Нагуаля. Увогуле, творчасць гурта ў мяне выклікала забытае з курса культуралогіі вызначэнне дыянісійскай культуры як “ірацыянальнай, экстатычна-пачуццёвай, накіраванай на святочнае суіснаванне з іншымі людзьмі.

“Дыянісійскі пасыл музыкаў “Нагуаля падхапіў яшчэ адзін “пазітыўны калектыў, які выйшаў на сцэну фолк-фэсту “Камяніца, — гурт “Джамбібум пад кіраўніцтвам Настассі Хмель. З недалёкіх часоў выхаду іх першага сольнага альбому “Жавароначкі, гучанне і рэпертуар гурта даволі выразна змяніўся. У кампазіцыях “Джамбібума з’явіліся рысы рэп-выканання (“Позна), а таксама экзатычныя рытмы, характэрныя для лацінаамерыканскай музычнай культуры і карыбскага рэгі. Увогуле, асацыяцый з музыкай лаціна ў “Джамбібума было даволі шмат, але слухачы найбольш актыўна прынялі традыцыйныя хіты гурта — гумарыстычнае рэгі “Пра казла з альбому “Жавароначкі, кампазіцыі “Два сына і “Танга. Апошняя ўпершыню была запісаны Арынай Вячоркай на дыску “Вясковая лірыка. Там гэтая песня на “трасянцы мае назву “Кіпарысы.

На завяршэнне фэсту “Камяніца арганізатары падрыхтавалі феерычнае мерапрыемства: фэст сваімі выступамі завяршалі лідэры медыявальнай сцэны Беларусі гурт “Стары Ольса і ветэраны айчыннай фолк-сцэны — гурт “KRIWI з заўжды чароўнай і артыстычнай Веранікай Кругловай на сола-вакале.

Музыкі “Старога Ольсы распачалі свой выступ на хвалі будучага 10-годдзя гурта, які выканаўцы мяркуюць хутка адзначыць ля муроў Гальшанскага замка. Таму адпаведнай была і музычная праграма: ад твораў знакамітага “Полацкага сшытка (з альбома “Дрыгула) да сусветных хітоў, у якіх выкарыстоўваліся мелодыі Курта Кабэйна і рок-гурта “NIRVANA (“Ai Vis Lo Lop) і іншыя. Суперпрафесійнае выкананне і знаёмыя сярэднявечныя рытмы выклікалі ў слухачоў эмацыянальны шторм, які стаў апагеем гэтага фэсту.

На гэтай узнёслай ноце слухачы, якіх на той час ужо налічвалася некалькі тысяч, сустрэлі рэдкага госця на айчынных фолк-фэстах — гурт “KRIWI, які цяпер больш гастралюе ў міжнародным складзе па краінах Еўропы. Але гэта акалічнасць не адлюстравалася ні на рэпертуары, ні на вядомасці “KRIWI сярод беларускіх слухачоў. Маладыя беларусы аднолькава прыхільна сустрэлі як хіты гурта часоў альбому “Hej Loli (“Я скакала), песні з супольных праектаў (“Святы вечор), так і новыя кампазіцыі ў прачулым выкананні Веранікі.

Фестываль завяршыўся святочным феерверкам, які выклікаў шмат аптымізму ў слухачоў і трывогі ў прысутных на музейнай тэрыторыі пажарных. Але, дзякаваць Богу, усё абышлося без надзвычайных здарэнняў, і арганізатары могуць канстатаваць: фолк-фэст “Камяніца атрымаўся і яго мэты дасягнуты.

P.S. Адна заўвага: фэст не будзе мець будучыні, калі не вырашыцца пытанне транспарту і вяртання людзей пасля яго позніх канцэртаў.
 

Каментаваць