Фотаўспамін пра Міколу Селяшчука ў «Добрых мыслях»

15 ліпеня 2010 г. у фальварку «Добрыя мыслі» ў Мінску (вул. Магілёўская, 12) адчынілася трэцяя фотавыстава знакамітага майстра Яўгена Коктыша, арганізаваная мастацтвазнаўцам Таццянай Гаранскай.

(На здымку: Яўген Коктыш)

15 ліпеня 2010 г. у фальварку «Добрыя мыслі» ў Мінску (вул. Магілёўская, 12) адчынілася трэцяя фотавыстава знакамітага майстра Яўгена Коктыша, арганізаваная мастацтвазнаўцам Таццянай Гаранскай.

(На здымку: Яўген Коктыш)


У мінулым годзе дзьве экспазіцыі, адзначаныя  высокім майстэрствам прац ці не самага знакамітага фатографа Беларусі і эстэтным густам арганізацыі экспазіцыі, прысвячаліся знакавым асобам нацыянальнай літаратуры і культуры – Васілю Быкаву і Алесю Адамовічу.

Гэтым разам прысвячэнне атрымалася падвойнае. Аўтару работ, галоўным героям якіх апынуўся выдатны беларускі графік і мастак Мікола Селяшчук, днямі споўнілася 70 гадоў. Таму экспазіцыя «Памяці Міколы Селяшчука» ўшаноўвала трагічна памерлага ў 1996 г. мастацкага лідэра маладога пакалення, чые работы прымушалі беларускае грамадства не толькі захапляцца, але і задумвацца над сэнсам сучаснага жыцця ў пераломныя 1980-90-я гады. Але адначасова яе з'яўленне апынулася вітаннем не менш знакамітага фатографа-юбіляра.

Гутарка сяброў Селяшчука і Коктыша, якія сабраліся за круглым сталом у дзень адкрыцця  закранула балючую праблему неўпарадкаванасці спадчыны мастака. Яго сябры на чале з прысутным на адкрыцці доктарам Аляксандрам Цярэшчанкам так і не здолелі дагэтуль ажыццявіць сфармуляваную ў 1996 г. ідэю стварэння фонда Селяшчука.

Дагэтуль у рукапісе застаецца падрыхтаваная з удзелам самога мастака капітальная манаграфія яго творчасці, пра што паведаміла яе складальніца Валянціна Трыгубовіч. Выдадзены Наталляй Шаранговіч 335-старонкавы альбом-каталог і зборнік успамінаў «Мікола Селяшчук. Гучанне музыкі нябёсаў» (2007) ахоплівае далёка не ўсе звязаныя з творчасцю мастака матэрыялы. Ён быў адным з першых  беларускіх творцаў, чые работы пачалі афіцыйна прадавацца на Захад: невыпадкова зараз у Ню-Ёрку адбываецца выстава прыкладна 20 яго палотнаў.

Селяшчук. Гучанне музыкі нябёсаў


Затое фотамастацтва дапамагае захаваць для нашчадкаў «партрэт эпохі, партрэт культуры Беларусі» –  заўважае ў буклеце выстаўкі Таццяна Гаранская. Каля 50 здымкаў – на іх Мікола Селяшчук у майстэрні, са сваімі сябрамі-мастакамі Ўладзімірам Савічам і Міколам Тоўсцікам, з паважаным ім «маэстра» Георгіем Срыпнічэнка, са звабліва-прыгожымі мадэлькамі, ва ўлюбёных Заслаў'і і Ратамцы на прыродзе. Імгненні жыцця, якія праз фотакамеру набываюць вечнасць.

«Добрыя  мыслі» з Таццянай Гаранскай і Яўгенам Коктышам увосень плануюць прадоўжыць фотападарожжа па вяршынях айчыннай культуры. У планах стварэнне галерэй-успамінаў пра Уладзіміра Мулявіна, Стэфанію Станюту, Анатоля Анікейчыка.
 

Каментаваць