Плён руплівай працы — фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны

Настаўнік-пенсіянер з вёскі Заполле Івацэвіцкага раёна Алесь Зайка выдаў свой «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны» ў ААТ «Брэсцкая друкарня» накладам 300 асобнікаў.

 



«Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны» — плён маёй доўгай руплівай працы. Працы, якая, праўда, аніяк не абцяжарвала. Наадварот, прыносіла радасць, адчуванне споўненага абавязку перад людзьмі, што збераглі, захавалі ў маўленні жывое народнае слова», — так шчыра прызнаўся Алесь Фаміч у прадмове да кнігі.

Аўтар найперш дзякуе людзям, якія збераглі фразеалагізмы, а мы, чытачы, а таксама тыя, хто цікавіцца народным словам, павінны шчыра дзякаваць аўтару за вялікую, карысную, клапатлівую і неабходную працу. Дарэчы, Алесь Зайка і раней цешыў нас «Дыялектным слоўнікам Косаўшчыны» (2011) і «Населенымі пунктамі Івацэвіччыны» (2012) — кнігамі, якія станоўча былі ацэнены і літаратурна-краязнаўчымі даследчыкамі, і навукоўцамі Беларусі.

У «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны» ўвайшла фразеалогія насельнікаў паўночнай часткі Івацэвіцкага раёна Брэсцкая вобласці. А размаўляюць на Косаўшчыне гаворкай, характэрнай для Гарадзенска-Баранавіцкай дыялектнай групы, якая вельмі блізкая да беларускай літаратурнай мовы і вызначае яе нацыянальную спецыфіку: дзеканне і цеканне, пераход в, л у пэўнай пазіцыі ў у нескладовае, цвёрдыя шыпячыя, р, ц, аглушэнне звонкіх зычных у канцы слова і склада перад глухім зычным, цвёрдыя губныя на канцы слова, чаргаванне ро, ло, ле, з ры, лы, лі і іншыя.

Разам з тым у слоўнікавых артыкулах адлюстраваны дыялектныя адметнасці Косаўшчыны. Гэта, напрыклад, захаванне канцавога ненаціскнога о ў назоўніках і прыслоўях, наяўнасць моцнага якання ў канчатках дзеясловаў другой і трэцяй асобы адзіночнага ліку, першай і другой асобы множнага ліку, разам з поўнай формай прыметнікаў, займеннікаў і лічэбнікаў ужываецца сцягнутая форма (добра карова, нова хустка, гэто сяло, сёма гадзіна) і іншыя адметнасці Косаўшчыны.

Акрамя ўласна дыялектнай фразеалогіі ў фразеалагічны склад Косаўшчыны ўваходзяць і агульнанародныя, літаратурныя, фальклорныя фразеалагізмы, зразумелыя кожнаму беларусу. Але вельмі шмат сабрана Алесем Зайкам і такіх фразеалагізмаў, якіх раней, напрыклад, мне не даводзілася чуць і сустракаць. Вось некалькі з іх:

Жаба на языку не спячэцца (так кажуць пра таго, хто не ўмее захоўваць тайны).

Жывот на нос лезе (так кажуць пра цяжарную жанчыну).

Зайграць бублікі (адмысловай мелодыяй вывесці з танцаў).

Звязваць бараду (закончыць жніво).

З калена не выламіш (не мець магчымасці выканаць).

Казіняц у спіну ўбіўся (анямець, заклякнуць, адзервянець (пра цела).

Лёстачкамі душу даставаць (падколваць, насміхацца).

Мышы лемяха з’елі (так кажуць, даючы ацэнку суду).

Ні акыш, ні аюсь (нічога не мець у гаспадарцы).

Сена такого і пападдзя не ела (пра вельмі смачную яду).

У лісіцы пад хвастом заплецена хварастом (так кажуць пра дзяўчыну, якая без патрэбы падкрэслівае сваю цнатлівасць) і г.д.

Усе мы добра ведаем, што народная фразеалогія — гэта згусткі народнай мудрасці. Яна была і заўсёды будзе крыніцай вобразнасці і эмацыянальнасці мастацкага слова. Шырока выкарыстоўвалі і выкарыстоўваюць народную фразеалогію ў сваёй творчасці беларускія пісьменнікі.

Фразеалагізмы Косаўшчыны, якія сабраў энтузіяст з Івацэвіччыны Алесь Зайка, маюць свае прыкметы. Яны, як і свабодныя словазлучэнні складаюцца не менш як з двух слоў: «землю грызці» (дабівацца, ажыццяўляць), «з душою» (старанна, з любоўю), «не год» (пра цяжкія, неспрыяльныя кліматычныя ўмовы), «палічыць рэбра» (набіць), «слацца лістом» (дагаджаць), «як калун» (вельмі дрэнна) і іншыя. Многія фразеалагізмы Косаўшчыны маюць адзінае лексічнае значэнне, якое ў многіх выпадках не вынікае са значэння слоў-кампанентаў, напрыклад: фразеалагізм «выйсці сухім з вады» (застацца беспакараным, апраўдацца), але яно не вынікае са значэннем трох слоў, з якіх складаецца фразеалагізм. Тое самае бачым у фразеалагізмах «душа ў пятках» (так кажуць, калі моцна спалохаешся), «малоць языком» (гаварыць пустое), «язык праглынуць» (зацята маўчаць) і г.д.

Некаторыя фразеалагізмы Косаўшчыны надзелены эмацыянальнай афарбоўкай, перадаюць розныя стылістычныя адценні, напрыклад: фразеалагізм «залатыя рукі мець» мае адценне захаплення, «задзіраць носа» — асуджэння, іроніі, «сляза слязу пабівая» — адценне спагадлівасці і г.д.

Фразеалагічны склад кожнай мовы вызначае нацыянальную адметнасць народа, раскрывае самабытнасць яго духоўнага свету, маральна-эстэтычныя каштоўнасці, мастацка-вобразны лад маўлення. Фразеалогія ж пэўнага дыялекту спрыяе пашырэнню і ўзбагачэнню агульнанароднай фразеалогіі. «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны» Алеся Зайкі — яркае таму пацвярджэнне. У ім сабрана каля 2500 фразем Косаўшчыны.

У папулярнай этнаграфічна-гістарычнай серыі Алеся Зайкі, якую запачаткаваў ягоны «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны» і працягнуў «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны», у бліжэйшы час плануюцца да выхаду новыя кнігі аўтара. Гэта «Прыказкі, прымаўкі, выслоўі Косаўшчыны» і «Мікратапаніміка Івацэвіцкага раёна». Пажадаем жа яму здароўя, сіл і з надзеяй чакаем гэтых выданняў.

Каментаваць