Футуролаг Уладзімір Батаеў з адкрытай лекцыяй пра новыя тэхналогіі — 6 мая

Чарговая лекцыя цыкла "Уяўляючы Беларусь" прысвечана сучасным трэндам, звязаным з новымі тэхналогіямі. Уладзімір Батаеў, кіраўнік аддзела "разумных гарадскіх рашэнняў" EsperantoXL, выступіць у Мінску 6 траўня з публічнай лекцыяй "Новыя кропкі адліку і перспектыўныя сцэнары развіцця будучыні".



Будучыня ўжо тут. Яна проста нераўнамерна размеркавана

Уільям Гібсан

 

Мы жывем у часы, калі грань паміж навуковай фантастыкай і рэальнасцю хутка мяняецца. Тэхналагічны прагрэс, рухомы інавацыямі і магчымасцямі, сёння выступае неабходным фундаментам развіцця краінаў, але таксама і тым чыннікам, які непазбежна ўплывае на чалавека, яго асяроддзе. Аднойчы гэтыя тэхналогіі могуць сапраўды змяніць наш свет да непазнавальнасці — і тое, што зараз успрымаецца як утопія, стане рэальнасцю нашага сёння. Гэта адначасова захапляе, але і пужае. Як перспектыўныя тэхналогіі паўплываюць на нашу будучыню? Якія сацыяльныя наступствы нас чакаюць? Ці не пагражае гэта прыватнаму жыццю чалавека, яго індывідуальнасці? Ці не стане гісторыя эвалюцыі тэхналагічнага працэсу гісторыяй чалавечых пройгрышаў? Ці зняволяць чалавека машыны, ці ўсё ж існуе шанец адбіцца?

 

Прапануем разважаць над гэтымі пытаннямі, уяўляючы будучыню новых тэхналогій разам з практыкуючым футуролагам Уладзімірам Батаевым. У межах цыкла “Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні” Лятучы ўніверсітэт і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі запрашаюць на яго публічную лекцыю “Новыя кропкі адліку і перспектыўныя сцэнары развіцця будучыні”, якая адбудзецца 6 траўня а 18.30 у канферэнц-залі бізнэс-клуба “Imaguru” (вул. Фабрыцыюса, 4).


У лекцыі разглядаюцца найбольш супярэчлівыя і адначасова шматабяцаючыя напрамкі развіцця сучасных тэхналогій: ад штучнага інтэлекту да разумных гарадоў, ад інтэрнэту рэчаў да цыркулярнай эканомікі, а таксама абмяркоўваецца іх уплыў на паўсядзённае жыццё асобнага чалавека і грамадства ў цэлым.


Уваход вольны!

 

Інфармацыя пра лектара:

 

Уладзімір Батаеў з'яўляецца кіраўніком аддзела “разумных гарадскіх рашэнняў” у EsperantoXL — галандскім сістэмным  інтэгратары і распрацоўшчыку разумных рашэнняў у галіне транспарту ды лагістыкі, а таксама ў іншых сегментах разумнага горада. Ён працаваў з муніцыпалітэтамі, архітэктурнымі фірмамі і фірмамі, якія займаюцца гарадскім планаваннем, а таксама з інавацыйнымі кластарамі ў Фінляндыі, Малайзіі, Нідэрландах, ААЭ і Вялікабрытаніі. Яго ўвага засяроджана на выяўленні канкрэтных мясцовых гарадскіх праблем, якія могуць быць хутка вырашаны з дапамогай разумных гарадскіх рашэнняў, іх рэалізацыі і стварэнні выразных каналаў сувязі для грамадзян, якія дапамагаюць быць упэўненымі, што грамадзяне атрымліваюць адчувальныя выгоды, і што якасць іх жыцця паляпшаецца.

 

Каментаваць