Гіды без агіды

18 красавіка ў свеце адзначаюць Міжнародны дзень аховы помнікаў і мясцінаў. Сёлета да шырокага адзначэння дадзенага свята далучыліся і ў Беларусі. У розных гарадах краіны прайшло больш за 30 бясплатных экскурсій па незвычайных, а месцамі і наўпрост унікальных маршрутах.

(На фота: Ян Мяльніцкі праводзіць экскурсію па вуліцы Карла Маркса. Фота ўдзельнікаў акцыі з сацыяльнай сеткі vkontakte.ru)



18 красавіка ў свеце адзначаюць Міжнародны дзень аховы помнікаў і мясцінаў. Сёлета да шырокага адзначэння дадзенага свята далучыліся і ў Беларусі. У розных гарадах краіны прайшло больш за 30 бясплатных экскурсій па незвычайных, а месцамі і наўпрост унікальных маршрутах.

(На фота: Ян Мяльніцкі праводзіць экскурсію па вуліцы Карла Маркса. Фота ўдзельнікаў акцыі з сацыяльнай сеткі vkontakte.ru)


Раз-пораз у СМІ можна пабачыць абвесткі: актывісты аховы помнікаў, гісторыкі ды краязнаўцы запрашаюць усіх ахвочых на тую ці іншую экскурсію па малавядомых маршрутах — бясплатна ці толькі за сабекошт арэнды аўтобусу. Але ніколі яшчэ валанцёрскі асартымент не быў такім шырокім, а акцыі па прапагандзе «незвычайнага побач» — такімі масавымі. Да арганізацыі фэсту спрычыніўся шэраг тэматычных грамадскіх аб’яднанняў — Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах, Беларускі фонд культуры, моладзевае аб’яднанне «Гісторыка», гісторыка-крязнаўчае таварыства «Этна», Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. У Мінску экскурсіі прайшлі 18 і 19 красавіка. Нягледзячы на праваслаўны Вялікдзень, які традыцыйна спусташае беларускія гарады на карысць вясковых сваякоў, адбывалася ўсё пры «сціжме людзей незлічонай».

Ян Мяльніцкі ўспадчыніў прафесію ад бацькі — Леаніда Мяльніцкага, які таксама браў удзел у фэсце. Маючы прэстыжную адукацыю (юрыст-міжнароднік), Ян ужо два гады зарабляе на жыццё працай экскурсавода. «Пра існаванне свята Дзень аховы помнікаў я даведаўся ўсяго месяц таму, калі мне прапанавалі правесці некалькі экскурсій, — расказвае ён. — Я з прыемнасцю пагадзіўся, хоць і не чакаў, якога-кольвек ажыятажу з боку публікі». Паводле яго словаў, канцэпцыяй было паказаць жыхарам гораду цікавосткі, паўз якія яны штодня праходзяць, занятыя будзённымі справамі, расказаць гісторыю мясцінаў, у якіх жывуць і працуюць.

Леанід Мяльніцкі і яго экскурсанты на беразе Свіслачы
(фота ўдзельнікаў акцыі з сацыяльнай сеткі vkontakte.ru)


Не сакрэт, што большая частка мінчукоў — перасяленцы з беларускай правінцыі і нават з па-за межаў Беларусі, няхай і ў другім пакаленні. Няпраўда, што гэтым людзям нецікава гісторыя зямлі, дзе яны жывуць. Проста не асабліва ёсць дзе даведацца. Апроч больш-менш класічных, хоць і больш падрабязных, чым гэта прапануюць нашы турыстычныя бюро, цэнтральных маршрутаў — «Вуліца Карла Маркса», «Траецкая гара», «Ракаўскае прадмесце», былі прапанаваныя і маргінальныя, нават экзатычныя варыянты — «Татарская слабада», «Сядзіба Ваньковічаў у Сцяпянцы; лецішча Цанавы», «Трактарны завод», «Грушаўка» і — «Трасцянец».

«Мяне запыталіся, ці не хачу я правесці экскурсію ў сваім раёне, груба кажучы, для сваіх суседзяў, паведамляе Ян. — Я жыву ў чвэрці гадзіны ад Лошыцкага парку, і таму прапанаваў у якасці аднаго з маршрутаў яго. На гэту экскурсію па Лошыцы прыйшла цэлая ветэранская арганізацыя нашага раёну, у рамках культпаходу, арганізаванага іх старшынёй. Таксама было шмат людзей з іншых раёнаў гораду, у асноўным моладзь». (Не дзіва, што гэты маршрут прывабіў шмат цікаўных: горад усхваляваны сумнеўнай «рэканструкцыяй» сядзібы, якая толькі што распачалася). «Працаваць — расказваць, адказваць на змястоўныя пытанні слухачоў было займальна. Гэта не як заўсёды — калі на экскурсію сілком заганяюць школьнікаў ці супрацоўнікаў нейкага прадпрыемства. Людзі сапраўды хацелі даведацца штосьці новае».

Сапраўднай зоркай фэсту, па ўражаннях турыстаў, што адгукнуліся на абвесткі, стаў Аляксей Фралоў. Аўтар захапляльных экскурсій па Беларусі — толькі адна з яго іпастасяў. Аляксей Фралоў вядомы як класічны музыка і пастар рэфарматарскай царквы, з чым і былі звязаныя яго тэматычныя шпацыры па горадзе — «Мінск Музычны» і «Мінск Хрысціянскі». Па словах відавочцаў, шлейф турыстаў, якія сабраліся «на Фралова», і сапраўды нагадваў ці то натоўп фанатаў опернага тэнара, ці то збор вернікаў.

Ідучы па горадзе і расказваючы, Аляксей адно множыў сваю паству: «Мы вельмі здзіўляліся, чаму наш «мітынг» не спыняе міліцыя», — жартуе спадарыня Ганна, інжынер. Суботу, 18 красавіка, гэтая кабета правяла на экскурсіях. З 10 ранку да 7-й вечара яна наведала іх тры. «Мае паводзіны выклікалі абурэнне сяброў і знаёмых, — расказала захопленая экскурсантка. — Маўляў, даведалася пра такое унікальнае мерапрыемства і не паведаміла нікому». Цяпер я папулярызую сярод цікаўных сайт http://spadczyna.org/, дзе і пабачыла абвестку і графік экскурсій. Што прывабіла? Жаданне лепей ведаць свой горад! І яшчэ і мне, і дзвюм пажылым, але вельмі актыўным спадарыням, з якімі мы пазнаёміліся падчас экскурсій, было неперадавальна прыемна чуць літаратурную беларускую мову з вуснаў экскурсаводаў. Родная мова магла б увогуле стаць добрым тонам нашых гідаў. У астатнім, не ўсе маршруты падаліся мне змястоўнымі: маладыя гіды хутчэй палалі імпэтам, чым неслі інфармацыю. Але нягледзячы на гэта, было пазнавальна!»

Такім і быў вынік Фэсту беларускіх экскурсаводаў. Нічога, апроч удзячнасці — і жадання новых падобных акцый. «Цяжка быць гісторыкам, — пісала пасля ў інтэрнэце студэнтка гістфаку, — адну палову ўжо ведаеш, другую палову проста не чуеш, таму што выхаванне не дазваляе прапіхвацца ўперад праз вялікае кола натоўпу. Але ўсё роўна спадабалася!» «Наступная акцыя такога маштабу плануецца праз год, — кажа адзін з каардынатараў праекту Цімох Акудовіч. — Падчас экскурсій мы пабачылі, што зацікаўленых у такім праекце ў Мінску вельмі шмат. Мы збіралі каардынаты людзей. Плануем раз на месяц ладзіць разавыя экскурсіі ў розных раёнах нашага гораду».
 

Каментаваць