Гальшаны як культурна-гістарычны цэнтр. На два дні

У суботу, 26-мая, у мястэчку Гальшаны пройдзе традыцыйны штогадовы фестываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак–2012 — Карнавал стагоддзяў». Арганізатарамі выступаюць Ашмянскі райвыканкам і мінскае тур-агенцтва «Гісторыя-Тур».



У суботу, 26-мая, у мястэчку Гальшаны пройдзе традыцыйны штогадовы фестываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак–2012 — Карнавал стагоддзяў». Арганізатарамі выступаюць Ашмянскі райвыканкам і мінскае тур-агенцтва «Гісторыя-Тур».


Праграма фестывалю мае быць вельмі цікавай і разнастайнай, хоць і разлічана ўсяго на адзін дзень, які пачнецца не зусім па-сярэднявечнаму — з парада рэтра-машын. Наведвальнікам фестывалю прапануюць розныя забавы — выступленне тэатра «Фламея» ў сярэдзіне дня і выступы гуртоў «Яварына», «Стары Ольса», «Тутэйшыя», «Унія» ды DJ П. Бальцэвіча ўвечары.

 
Фестываль прадугледжвае і актыўны ўдзел гледачоў у праграме — пройдуць майстар-класы не толькі сярэднявечных, барочных ды рэнесансных танцаў, але і народных. Будзе цікава даведацца, як танчылі ў беларускіх мястэчках. Ну, і як на любым іншым сярэднявечным фестывалі, на гэтым адбудуцца сапраўдныя рыцарскія баі, турнір лучнікаў, конныя спаборніцтвы ды традыцыйнае фаер-шоў.

 
Падчас мерапрыемства будзе працаваць выстава-продаж, дзе можна будзе не толькі набыць сувеніры, але самастойна нешта зрабіць сабе на памяць. Адзіны мінус — уваход на ўсе гэтыя мерапрыемства платны: для дарослых 40 тысяч беларускіх рублёў, для дзяцей і студэнтаў — 20 тысяч. Арганізатары абяцаюць, што льготны квіток можна набыць нават па залікоўцы! На жаль, больш высокія балы не прынясуць дадатковую зніжку.

 
Разам з фестывалем у Гальшанах таксама пройдзе Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Пятыя Гальшанскія чытанні», якая будзе прысвечана гісторыка-культурнай спадчыне Ашмяншчыны і прымеркавана да Году кнігі. З гэтай нагоды на чытанні запрошаны беларускія пісьменнікі і дзеячы культуры.

 
Запланавана правядзенне некалькіх выстаў: унікальных і арыгінальных выданняў навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, археалагічных рэчаў, якія былі знойдзены на тэрыторыі гальшанскага гарадзішча ў часавых прамежках ад папярэдняй канферэнцыі да бягучай, а таксама відэапрэзентацыя «Археалагічныя знаходкі з 2006 года да сённяшніх дзён».

 
Удзельнікі і госці мерапрыемства будуць мець магчымасць наведаць гальшанскае гарадзішча і прыняць ўдзел ў раскопках, якія якраз у гэты час там будуць праводзіцца. Разынкай канферэнцыі стане прэм’ера сюіты «Гальшаны» кампазітаркі Ганны Кароткінай. Падрыхтоўка да мерапрыемства ідзе поўным ходам. Як зазначылі ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вялікую ўвагу атрымаюць працы і даследаванні самых маладых удзельнікаў чытанняў.

 
Ужо зараз аб’яўлены рэгіянальны пленэр па выяўленчаму мастацтву сярод юных мастакоў Ашмяншчыны, Астравеччыны і Смаргоншчыны, а таксама сярод школьнікаў пройдзе конкурс на лепшае сачыненне, прысвечанае тэме канферэнцыі.

 
Вось так неспадзявана невялікае мястэчка Гальшаны ператворыцца ў сапраўдную гістарычна-культурную сталіцу, няхай і на невялікі час. А патрапіць туды можна на адным з рэйсавых аўтобусаў, якія ходзяць з Гродзенскага міжгародняга аўтавакзала, пачынаючы з 6.15 і да 17.30 у пятніцу і да 16.40 у суботу.


Паводле сайта “Твой стыль
Ілюстрацыя: photoclub.by

Каментаваць