Генадзь Драздоў: царква павінна захоўваць духоўны імунітэт нацыі, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці і фармаваць духоўны стан асобы

Царква павінна захоўваць духоўны імунітэт нацыі, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці і фармаваць духоўны стан асобы, заявіў у інтэрв’ю “Новаму часу вядомы беларускім жывапісец, старшыня суполкі “Пагоня Беларускага саюза мастакоў, прыхільнік адраджэння ў Беларусі аўтакефальнай праваслаўнай царквы Генадзь Драздоў.



Царква павінна захоўваць духоўны імунітэт нацыі, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці і фармаваць духоўны стан асобы, заявіў у інтэрв’ю “Новаму часу вядомы беларускім жывапісец, старшыня суполкі “Пагоня Беларускага саюза мастакоў, прыхільнік адраджэння ў Беларусі аўтакефальнай праваслаўнай царквы Генадзь Драздоў.

Ён выказаў шкадаванне, што ні адна з хрысціянскіх канфесій краіны не выконвае гэтыя важныя функцыі. Так, паводле яго слоў, з часоў жорсткага задушэння нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць расійскага самаўладдзя пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў 1864 годзе Руская праваслаўная царква выконвае запавет генерал-губернатара забранага краю Мікалая Мураўёва-вешальніка пра тое, што на Беларусі патрэбен ужо не расійскі штык, а расійскія поп і настаўнік. “РПЦ ніколі не ўзняла свой голас за пакрыўджаных, рэпрэсаваных і зніклых, не зрабіла заявы наконт сумнеўнага прысуду абвінавачаным у тэракце ў мінскім метро. Першая асоба краіны, якая павінна быць узорам для грамадства, дэманстратыўна раз’язджае з незаконнанароджаным сынам, але царква аніяк не ўздымае свой голас супраць такой амаральнасці. Дарэчы, Ян Хрысціцель быў забіты царом Ірадам Анціпай толькі за тое, што той мужна ўзняў свой голас і асудзіў амаральныя паводзіны самога цара Ірада за незаконнае жыццё сумесна з жонкай свайго брата Філіпа Іраіядай. Разам з тым, нягледзячы на тое, што ў краіне пануе РПЦ, большасць святароў яе Беларускага экзархату з’яўляецца прадстаўнікамі аўтахтоннай нацыі. Вось чаму сярод іх вельмі шмат прыхільнікаў аўтакефаліі. Але ж па прычынах эканамічных і палітычных яны не могуць выйсці з РПЦ, бо адразу страцяць магчымасці для існавання. Пры спрыяльных жа ўмовах яны маглі б адразу перайсці ў склад аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Каталіцкая царква, у асноўным, займае прапольскія пазіцыі, хаця ў ёй ёсць шмат святароў, якія падтрымліваюць ідэалогію беларускага нацыянальнага адраджэння. Узорам такой пазіцыі з’яўляецца светлай памяці нябожчык ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі з вёскі Вішнева Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Пратэстанцкая царква, у асноўным, нацыянальна дэзарыентаваная, бо большасць пастараў прапаведуюць выключна па-руску, — сказаў Драздоў.

Разам з тым, паводле яго слоў, у краіне, у тым ліку і ў сталіцы, высілкамі нацыянальнай інтэлігенцыі дзейнічаюць прыходы аўтакефальнай праваслаўнай царквы — сапраўды народнай і нацыянальнай, якая дбае аб лёсе народа і сама жыве разам з народам. “Але больш дваццаці гадоў гэтая царква не рэгіструецца ўладамі. Так, вернікі сталічнага прыходу імя Ефрасінні Полацкай толькі за апошнія дзесяць гадоў зрабілі
чатыры безвыніковыя спробы рэгістрацыі, прычым апошні раз — 6 снежня 2010 года. Але чыноўнікі штораз пад надуманымі прычэпкамі адмаўляюць нам у гэтым, — сказаў Драздоў.

Сапраўднай прычынай афіцыйнага непрызнання аўтакефальных прыходаў ён лічыць палітычны складнік. “Улады баяцца нас рэгістраваць, бо сёння адбываецца зрошчванне структур дзяржаўных і царкоўных. Справа ў тым, што абедзве структуры з’яўляюцца небеларускімі па сваёй сутнасці і дзейнічаюць разам супраць усяго беларускага. Найбольш яскрава гэта праяўляецца ў сродках масавай інфармацыі, дзе ідзе татальная антыбеларуская зачыстка. Трэба ўлічваць, што сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць вынішчаць нацыю духоўна, не забіваючы асобаў фізічна. Прычым, гэта цынічна робіцца за кошт падаткаплацельшчыкаў, якія аніяк не могуць паўплываць на змест і ідэалогію СМІ. Акрамя таго, дзяржава фінансава падтрымлівае царкву і закрывае вочы на тое, што царква гандлюе спіртнымі напоямі і тытунём. А царква, у сваю чаргу, закрывае вочы на амаральнасць чыноўніцтва, — падкрэсліў мастак.

На ягоную думку, антыбеларускі саюз дзяржавы з царквой вельмі небяспечны, таму што нацыя яшчэ не паспела ўзнавіць свой культурны патэнцыял, загублены ў перыяд масавых рэпрэсій перыяду сталінізму, як носьбітам нацыянальных інтэлектуальных і духоўных каштоўнасцей зноў пагражае чарговая зачыстка. Сёння Беларусь існуе толькі дэ-юрэ, але не дэ-факта, бо вельмі мала носьбітаў беларускасці, хаця існуюць нацыянальнае дойлідства, беларускія творы літаратуры і мастацтва, а таксама ўстановы і творчыя калектывы культуры, у тым ліку галерэі, музеі, ансамблі, хоры і тэатры, сказаў Драздоў.

Паводле яго слоў, легітымізацыя аўтакефальнай праваслаўнай царквы дазволіла б значна паскорыць развіццё гэтай дэнамінацыі хрысціянства. “Разам з тым, у сённяшнім секулярызаваным грамадстве мы ўсё роўна не дасягнулі б жаданага ўзроўню. На жаль, мы жывём у постхрысціянскім свеце, калі еўрапейская цывілізацыя, пабудаваная на хрысціянскіх каштоўнасцях і сімвалах, адмаўляецца ад сваіх жа прыярытэтаў. І гэтая сусветная з’ява нясе выклік чалавечай цывілізацыі і пагрозу хрысціянскай Еўропе. Вось чаму дзяржава, калі яна лічыць сябе дэмакратычнай, у межах нацыянальнай праграмы павінна прадугледзець падтрымку нацыянальнай царквы, якой і з’яўляецца аўтакефальная. Бо калі ў дзяржавы няма нацыянальнай праграмы, у яе няма і будучыні. На сёння ж, па сутнасці, улада абвясціла духоўную вайну супраць свайго народа, а значыць і супраць Бога, бо народ створаны Богам, — адзначыў мастак.

Паводле яго слоў, адпаведны клопат пра сваю нацыянальную царкву праяўляецца ў шмат якіх краінах, у тым ліку ва Украіне, у Чэхіі, Славакіі і Польшчы. “Беларуская грамадскасць, і ў першую чаргу інтэлігенцыя, павінны памятаць, што яны будуць карміць чужую царкву, калі не будуць адстойваюць свае нацыянальныя каштоўнасці і не выпеставаць сваю нацыянальную царкву. Пра гэта вельмі хораша сказаў вядомы амерыканскі палітолаг Збігнеў Бжэзінскі: краіна ніколі не зможа стаць незалежнай і самастойнай, калі хоць на дваццаць працэнтаў залежыць ад духоўнага кіраўніцтва іншай краіны, зазначыў Драздоў.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў краіне ні адна палітычная партыя ці рух не надаюць належнага значэння ролі царквы ў жыцці грамадства. Паводле яго слоў, абыякавыя адносіны да царквы з’яўляюцца “самым хворым месцам у беларускім дэмакратычным руху. “Але ж стварэнне нацыянальнай царквы ёсць кропка адліку пераменаў у беларускім грамадстве. Бо як толькі мы створым такую царкву, сам Бог будзе дапамагаць беларусам у адбудове дэмакратычнай дзяржавы, — сказаў мастак.

На яго меркаванне, ролю нацыянальнай можа выканаць толькі аўтакефальная праваслаўная царква. Паводле яго слоў, грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква, безумоўна, у свой час дапамагла беларусам захаваць нацыянальную ідэнтыфікацыю і тоеснасць свайго духоўнага жыцця. “Але ўніяцтва ўжо адыграла сваю гістарычную ролю і сёння не мае перспектывы, — лічыць Драздоў.

Паводле яго слоў, сённяшнія незарэгістраваныя прыходы аўтакефальнай царквы, якія дзейнічаюць на Беларусі, з’яўляюцца спадкаемцамі вялікай шматвяковай традыцыі, якая ўзыходзіць да часоў хрышчэння продкаў сучасных беларусаў у X стагоддзі, калі з Канстанцінопаля праз Кіеў праваслаўе прыйшло на беларускія землі. “На працягу стагоддзяў вера была магутным чыннікам у жыцці народа і моцнай апорай яго нялёгкай долі, — сказаў мастак. Паводле яго слоў, продкі беларусаў далі царкве сваіх святых, у тым ліку нябесную заступніцу Беларусі святую Ефрасінню, князёўну Полацкую, святога Кірылу — епіскапа Тураўскага, а таксама святых Віленскіх пакутнікаў Антона, Яна і Яўстаха. “Ужо ў XI стагоддзі нашы продкі мелі свае епіскапскія кафедры ў Полацку. Смаленску і Тураве, а пазней — у Наваградку і Берасці. А ў XVI стагоддзі канстанцінопальскі патрыярх Філафей высвеціў першага мітрапаліта Літоўска-Рускай (Беларускай) мітраполіі Рамана. Са смерцю мітрапаліта Рыгора Цамблака ў 1419 годзе Беларуская мітраполія страціла самастойнасць і ўвайшла спачатку ў склад Кіеўскай мітраполіі, а пазней — Аўтакефальнай праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай напрыканцы XVIII стагоддзя на Беларусі пануе Руская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, — адзначыў Драздоў.

Паводле яго слоў, пасля Рыжскага міру 1921 года праваслаўе ў Заходняй Беларусі адышло да Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, а праваслаўныя вернікі Усходняй Беларусі зведалі ўсе здзекі і вынішчэнні супраць царкоўнага жыцця і яго носьбітаў з боку савецкіх бальшавікоў. “Нягледзячы на масавыя рэпрэсіі, у 1922 годзе мітрапаліту Мелхіседэку ўдалося часова аднавіць самастойнасць Беларускай мітраполіі ад Масквы. Але дзейнасць Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы была легалізавана толькі ў 1942 года ва ўмовах нямецкай акупацыі. Прычым, па непацверджаных дадзеных, гэтая самастойнасць была прызнаная спецыяльным томасам (граматай) Канстанцінопальскага ўсяленскага патрыярха. Пасля вайны частка прадстаўнікоў БАПЦ з’ехала за мяжу, а частка засталася на радзіме. Мы працягваем іх традыцыю, згодна з якой раней высвечаныя святары высвячаюць новых. Трэба мець на ўвазе, што згодна заявы ўсяленскага патрыярха Варфаламея, зробленай у верасні 2011 года ў Стамбуле, Беларусь і Украіна не з’яўляюцца кананічнымі тэрыторыямі Маскоўскага патрыярхату, пра што ўвесь час гаворыць сінод Рускай праваслаўнай царквы, — падкрэсліў Генадзь Драздоў.



На здымку: Генадзь Драздоў у сталічным Палацы мастацтва каля свайго твору “Вазвяртанне блуднага сына на выставе “II фэст беларускага духоўнага мастацтва (18–29 студзеня 2011 года). Злева — праваслаўны святар, айцец Леанід Акаловіч.
 

Каментаваць