Георгіеўская стужка ў салаце

Георгіеўскія стужкі цяпер можна есці. У рускамоўным сеціве ліхаманкава пашыраюцца кулінарна-патрыятычныя рэцэпты. Новыя стравы сваім афармленнем і смакам мусяць нагадваць пра Дзень Перамогі.

Салата «Георгіеўская стужачка» гатуецца з бульбы, селядца, морквы — і палосак імітаванай ікры. Выглядае страва як сапраўдная жоўта-чырвоная стужка да медаля; але гэтую стужку прапануюць згатаваць і пасмакаваць.



Георгіеўскія стужкі цяпер можна есці. У рускамоўным сеціве ліхаманкава пашыраюцца кулінарна-патрыятычныя рэцэпты. Новыя стравы сваім афармленнем і смакам мусяць нагадваць пра Дзень Перамогі.

Салата «Георгіеўская стужачка» гатуецца з бульбы, селядца, морквы — і палосак імітаванай ікры. Выглядае страва як сапраўдная жоўта-чырвоная стужка да медаля; але гэтую стужку прапануюць згатаваць і пасмакаваць.

Салата «Дзень Перамогі» складанейшая. Гэта малюнак з Крамлём, салютам, кветкамі і ордэнам. У склад уваходзяць бульба, шампіньёны, сыр, яйкі, маянэз, соль. Салата абачліва пасыпаецца ікрой, кукурузай, агуркамі і памідорамі, дадаюцца гарошак, аліўкі, масліны. Як падкрэслівае ананімная аўтарка гэтай кулінарнай карціны, «працаваць над упрыгожваннем салаты давядзецца доўга».

«9 Мая» трэба не забываць саліць! Гэтага патрабуе кулінарка Мілаяна на Бэбі-блогу. «9 Мая» складаецца з бульбы, гарошку, яек, кукурузы і маянэзу. Але самая галоўная частка салаты — георгіеўская стужка. Сапраўдная жоўта-чорная стужка кладзецца побач з талеркай; а ў самой талерцы георгіеўка выкладаецца морквай і маслінамі ды абкладаецца кропам.

Процьму патрыятычных рэцэптаў прапануе сайт Поварёнок.ру. Сайт правёў імпэтны конкурс «10 кампанентаў Перамогі». Няцяжка здагадацца, што гэтымі дзесяццю кампанентамі з’яўляюцца: курыца, сыр «Мацарэла», яблыкі, памідоры, морква, баклажан, ананас, рыс, соевая падліва і балгарскі перац. Соль, алей і спецыі — на смак.

Хатнія гаспадыні навыперадкі кінуліся гатаваць святочныя стравы: найлепшым кулінаркам была абяцаная японская кухонная тэхніка (тэма перамогі над мілітарысцкай Японіяй у кухарскіх творах не закраналася). Вынікі кашаварных баёў прымушаюць праглынуць язык.




Мясны торт «Баявая каска» — «вельмі смачная, апетытная, пікантная прэсаваная закуска; выдатна пасуе згатаванаму рысу і бульбе». Патрыятызм стравы падкрэсліваецца папяровай зоркай. А вось на «Помніку танкістам» — зорка ўжо зроблена з памідора. Дула танка і ягоны люк выразаюцца з баклажанаў. Да гарнірнага «Помніку» дадаецца «Мясная міна». Рысава-ананасная салата «Дарога да Перамогі» танкавую тэму працягвае (у талерцы — танк пад ялінкай у коле з перчаных зорачак).

Змаганне не абышлося без падступных вайсковых аперацый: халадзец «Ордэн», згатаваны адзіным мужчынам, быў дыскваліфікаваны «за некарэктныя паводзіны кухара». Затое страты кампенсавала салата «Кацюша — машына нашай Перамогі», выкладзеная з балгарскага перцу, морквы і дзікага рысу (суцяшальны прыз — вафельніца).

Абарону трымае Фрося Педалькіна з закускай «Бліндаж» (баявы рыштунак: баклажаны, рыс, курыная печань). Праўда, Фрося сумняваецца, што атрымаўся бліндаж: «Магчыма, я бункер пабудавала. А знаўцы кажуць, што гэта дот!» Затое георгіеўская стужка дадаецца як упрыгожанне.

А за «гарачы» шэдэўр «Франтавыя трохкутнікі» Фрося атрымала параварку. Сакрэт смачных франтавых трохкутнікаў — аладкі з курынае печані.

Курыныя сэрцы неабходныя для «Агню Перамогі». Імі выкладаецца пяціканцовая зорка. У цэнтры ўстаўляецца свечка. Кампазіцыя ўпрыгожваецца кветкамі з памідораў. Свечка запальваецца… Як падкрэслівае аўтарка, якая і запаліла агонь, перад прыгатаваннем трэба абавязкова сабрацца з думкамі, маральна падрыхтавацца.

Хаця ў конкурсе былі дэсертныя ордэны «За адвагу», салата да Сталінградскай бітвы і ганаровы пячоначны торт «Голуб Перамогі», што заняў першае месца, самае незабыўнае ўражанне на аўтара гэтых радкоў пакінула «Курачка для Пераможцаў». Страва ўяўляе сабой раскірэчаную згатаваную курыцу, у якую ўваткнутая георгіеўская стужка з ружовай папяровай зоркай.

Рэдкія пратэсты асобных наведнікаў, што падобныя конкурсы — безгустоўнасць, патаналі ў воклічах: «Смаката! Колькі фантазіі! Пальчыкі аблізаць!»

Каментаваць