Год 2009: сутаргі культурнага каланіялізму

Псіхолагі сцвярджаюць, што аператыўная памяць чалавека мае такія асаблівасці, што выціскае ўспаміны больш позняга тэрміну. Вось і свежыя ўражанні айчыннага меламана падказваюць: усё ў беларускім рок-руху ціп-топ! Толькі што адбыліся аншлагавыя канцэрты гуртоў «N.R.M.», «Neuro Dubel», «:B:N:», ніхто не адмяняў 75-працэнтную квоту на ратацыю твораў беларускіх выканаўцаў у эфіры, а айчынную фанатэку папоўнілі цікавыя альбомы і складанкі беларускіх выканаўцаў.



Псіхолагі сцвярджаюць, што аператыўная памяць чалавека мае такія асаблівасці, што выціскае ўспаміны больш позняга тэрміну. Вось і свежыя ўражанні айчыннага меламана падказваюць: усё ў беларускім рок-руху ціп-топ! Толькі што адбыліся аншлагавыя канцэрты гуртоў «N.R.M.», «Neuro Dubel», «:B:N:», ніхто не адмяняў 75-працэнтную квоту на ратацыю твораў беларускіх выканаўцаў у эфіры, а айчынную фанатэку папоўнілі цікавыя альбомы і складанкі беларускіх выканаўцаў.

Але калі кінуць рэтраспектыўны позірк на працэсы ў беларускамоўным сегменце айчыннай рок-музыкі, то становіцца відавочным, што мінулы год для гэтых выканаўцаў нельга назваць выніковым напоўніцу. Слухачы чакалі новых альбомаў і канцэртаў ад лідэраў айчыннага року, але амаль цэлы год іх выступленні не праводзіліся, новыя рэлізы не прэзентаваліся. Адны музыканты былі заняты рэалізацыяй асабістых праектаў, іншыя — адпачывалі або папросту цешыліся сваім становішчам лідэраў.

Такая заспакоенасць мела негатыўныя вынікі — слухачы пераадрасоўвалі сваю прыхільнасць іншым выканаўцам, больш актыўным і камерцыйна паспяховым. Гэта дало падставу некаторай частцы тутэйшага музычна-крытычнага бамонду абвясціць пра змену лідэрства на айчыннай рок-сцэне. Без цені сумневаў яны канстатавалі: «Сёння праблема «N.R.M.» у тым, што гурт не можа пашырыць сваю аўдыторыю, у адрозненні ад гурта «Ляпіс Трубяцкой». Гэта фраза не выпадковая: мінулы год стаў апагеем праекта падмены ў вачах маладых слухачоў беларускамоўных лідэраў на рускамоўных.

Шкада, што такім таранам стаў папулярны поп-рок-гурт «Ляпіс Трубяцкой», які ў гэтым годзе меў даволі значны поспех. Музыканты выдалі новы альбом «Кульпрасвет», знялі шыкоўныя відэакліпы, далі паспяховыя канцэрты ў Беларусі, Расіі і ЗША, за што атрымлівалі ад расійскага шоубіза розныя прэстыжныя рэспекты.

Рэцэпт для здзяйснення гэткага фокуса быў просты: некалькі песень з моцнымі актуальнымі рыфмамі, кшталту «Belarus Freedom», «Рамонкі» і «Ружовыя акуляры», абавязковая галоўная карона на «Рок-каранацыі», пара разгорнутых на канцэртах бел-чырвона-белых сцягоў...

Пасля ўсіх гэтых «поспехаў» заставалася толькі рэпрэзентаваць гурт у якасці лідэра беларускага андэграўнду на знакавых і ад пачатку беларускамоўных фэстах, кшталту «Басовішча» ці «Be Free». Не істотна, што ўдзел у іх разбураў фармат гэтых фэстаў, бо галоўнай была мэта — замацаваць у вачах найбольш прагрэсіўнай часткі моладзі лідзіруючы стан гурта «Ляпіс Трубяцкой». І — якая ўдача! — з дапамогай саміх тубыльцаў рэалізоўваць «культурную» каланіяльную палітыку, камерцыйна прыбытковую, папсовую і рускамоўную адначасова.

Не атрымалася з «RASTA» і «ДетиДетей», затое «Ляпіс Трубяцкой» тут прыйшоўся да месца! Шкада, што таленавітыя музыканты сышлі са сваёй камерцыйнай поп-дзялянкі і сталі зброяй у руках тых, каму муляе сённяшні стан беларускамоўнай музыкі. Каму важна, каб наша моладзь адвярнулася і больш не ўзгадвала сваіх ранейшых беларускамоўных куміраў.



Але аглушальны поспех калядных канцэртаў гурта «N.R.M.», як і выступы іншых выканаўцаў, паставілі пад сумнеў іх марныя спадзяванні. Моладзь разумее, што сапраўдныя прадстаўнікі сучаснай беларускай музычнай культуры, якія б яны паспяховыя ні былі ў суседніх краінах, не маюць права ігнараваць родную мову!

Што тычыцца іншых рускамоўных выканаўцаў, то гэты год яны ўсё больш аддаляліся ад беларускага культурнага дыскурсу, аж да такой ступені, што іншы раз хацелася перапытаць некаторых з іх: чаму цыркавое шоу «Мама-Афрыка» пазначалася ў рэкламе як «экзатычнае», а, напрыклад, гурт «Без білета», які выдаў альбом «Афрыка», упарта імкнуўся звацца «беларускім»?

* * *

На іншым крыле сучаснага музычнага мастацтва краіны — у шэрагах выканаўцаў дзяржаўнай поп-музыкі — панавала чаканне новых датацый і чарговай магчымасці «засвяціцца» на «Еўрабачанні» за дзяржаўны кошт. У гэтых выканаўцаў пакуль няма разумення таго, якіх мелодый і рытмаў чакаюць ад беларусаў на «Еўрабачанні». І нават калі б гэтае разуменне з’явілася, то не гарантавала б ім поспех.

Бо ні кашулі-вышыванкі ў падтанцоўцы, ні цымбалы ў аранжыроўках не нададуць нацыянальнага каларыту выканаўцам, у якіх душа атрымала доўгатэрміновую прышчэпку ад усяго беларускага. Да таго ж, сёлетні поспех на «Еўрабачанні» нарвежскага выканаўцы, этнічнага беларуса Аляксандра Рыбака засведчыў, што мы маем справу з працэсамі глабалізацыі на кантыненце, а ў яго выпадку — з глыбокім сплавам нацыянальнага ў папулярнай музыцы. Рэцэпт поспеху Рыбака просты: важна быць пазнавальным, але ні ў якім разе нельга губляць свайго нацыянальнага аблічча!

* * *

На жаль, рашучых зменаў і ў айчыннай фанаграфіі таксама было няшмат. Тыя ж гульцы беларускага аўдыё-рынку ў асноўным займаліся выданнем, тыражаваннем і распаўсюдам масавых накладаў дыскаў айчынных выканаўцаў.

Праўда, у якасці выдаўцоў CD-прадукцыі дэбютавала кампанія «Будзьма», якая ў гэтым годзе прадставіла слухачам свой першы рэліз — зборку «The Best фольк-мадэрн». Сярод стосу іншых дыскаў у асобны шэраг вылучаюцца гістарычна-рэтраспектыўныя выданні, сярод якіх адзначу рэлізы БМАgroup — дыск-прысвячэнне Наталлі Арсенневай «З крывіцкай сям’і», альбомы А. Камоцкага «Песня як жыццё», «28 зорка» легендарнай «Мроі», святочная музычная складанка культурніцкай камісіі БНФ «20 гадоў — 20 гітоў».

Не засталіся без жаданых набыткаў і прыхільнікі D.I.Y-культуры: іх калекцыі папоўніліся альбомам гродзенскага панк-гурта «Deviation» «Чарговы дзень пад акупацыяй» і акустычным DVD-канцэртам ад гурта «IQ 48» «Зрабі сам». Ну а рэгіянальны рок-рух нашай краіны быў збольшага рэпрэзентаваны магілёўскімі рок-камандамі. Альбомы гуртоў «Глюкі» і «Zatoczka» вылучаліся стылістычным каларытам і небанальным поглядам на хвалюючыя маладых беларусаў тэмы. Першую прыступку ў намінацыі «Экстрэмальная арыгінальнасць», калі б такая намінацыя існавала, варта было б аддаць сталічнаму folk-medieval-metal-гурту «LitvinTroll» і іх альбому «Rock-&-troll» — цудоўнаму падарунку аматарам зыкаў беларускай дуды!

Сваю бонду ў запаўненне «белых плямаў» айчыннай класічнай музыкі зрабілі і незалежныя выдаўцы. Натхнёны прыкладам знанай Арыны Вележ, вядомы мінскі прадзюсер і калекцыянер беларускіх музычных рарытэтаў Уладзімір Азёма ў супрацы з фірмай «Global CD» ажыццявіў значны культурніцкі праект: выдаў два двайных альбома з беларускай прафесійнай музыкай XVIII і XIX стагоддзяў. Таксама ён не забыўся і пра беларускіх дзетак, прапанаваўшы іх бацькам CD «Чытанка для маленькіх»...

Год яшчэ не завяршыўся, і ў святочныя дні беларускіх слухачоў чакаюць яшчэ некалькі значных прэм’ер. Маю на ўвазе прэм’еру зборніка беларускамоўных кавераў на сусветна вядомыя хіты «Беларускі глобус», а таксама дыск праекта Лявона Вольскага «Такога няма нідзе», у запісу якога прынялі ўдзел сярод іншых і музыканты згаданага вышэй гурта «Ляпіс Трубяцкой». Зноў для іх выпадае шанец асэнсаваць сябе сапраўднымі беларусамі. Паглядзім, ці выкарыстаюць музыканты яго ў наступным годзе!

* * *

Завяршаючы свае нататкі, хачу звярнуцца да праблемы з трансляцыяй беларускай музыкі ўсіх напрамкаў на айчынных музычных тэлеканалах і FM-радыёстанцыях. Стан тут такі: калі б чыноўнікам з Мінінфармацыі загадалі праверыць выкананне мясцовымі FM-станцыямі пастановы пра 75 працэнтаў беларускай музыкі ў эфіры, то іх бы чакаў сапраўдны шок! Цяпер нават легендарных «Песняроў» пачуць — вялікая ўдача, не тое што гаварыць пра міфічныя 75 адсоткаў. Строга прытрымліваючыся літары закона і дадзенага дакумента, дарэчы, ініцыяванага Лукашэнкам, у іх з’явіліся б падставы ставіць пытанне пра закрыццё большасці з гэтых станцый.

Складваецца такое ўражанне, што тутэйшыя музычныя тэле- і радыёстанцыі кінуліся ў апошняе змаганне за важнейшы каланіяльны фарпост у краіне — рускамоўную папсу і яе тутэйшых апалагетаў. На жаль, ім не дадзена зразумець, што іх аднабаковыя культуртрэгерскія закіды толькі ствараюць глебу для далейшых супярэчнасцяў па нацыянальна-моўнаму пытанню. Таму ў перспектыве, калі беларуская дзяржава павернецца да патрэб сапраўднай нацыянальнай культуры, іх «намаганні» будуць мець самае непрыгляднае адценне.

Каментаваць