“Gods Tower”: вяртанне года

Не паспелі адгрымець апошнія акорды фестываляў “Be2gether і “Купальскае кола, як аматараў беларускай рок-музыкі запрасілі ў сталічны клуб “Рэактар на новую музычную імпрэзу экстрэмальнай скіраванасці. Але гэта быў не проста шараговы канцэрт, кшталту прэзентацыі альбо тэматычнага фэсту, гэта быў акт паўнавартаснага вяртання на сцэну зоркі айчыннага англамоўнага pagan-metal — гурта “Gods Tower (“Вежа Багоў).



Не паспелі адгрымець апошнія акорды фестываляў “Be2gether і “Купальскае кола, як аматараў беларускай рок-музыкі запрасілі ў сталічны клуб “Рэактар на новую музычную імпрэзу экстрэмальнай скіраванасці. Але гэта быў не проста шараговы канцэрт, кшталту прэзентацыі альбо тэматычнага фэсту, гэта быў акт паўнавартаснага вяртання на сцэну зоркі айчыннага англамоўнага pagan-metal — гурта “Gods Tower (“Вежа Багоў).

Нагадаю, што гомельскі гурт “Gods Tower быў утвораны ў 1989 годзе гітарыстам, кампазітарам Аляксандрам Ураковым і вакалістам каманды Леслі Найфам (Lesley Knife — Слава Наважылаў). За час існавання “Gods Tower музыкантамі былі запісаны і выдадзены некалькі значных альбомаў, якія дазволілі крытыцы і слухачам па ўсёй тэрыторыі СНД і Еўропы казаць пра “Gods Tower, як пра легенду славянскага pagan-metal.

На жаль, гурт праіснаваў да 2002 года, калі музыканты па розных прычынах вырашылі разысціся і адыйсці ад сумесных выступленняў. У наступным годзе памёр лідэр і заснавальнік “Gods Tower А. Уракоў.

І вось праз восем гадоў маўчання “Gods Tower і яго цяперашні лідэр вакаліст Лэслі Найф абвясцілі пра вяртанне на сцэну іх гурта. Па словах музыкантаў, да гэтага кроку іх прымусілі розныя абставіны, але асноўная — звароты слухачоў і прыхільнікаў “Gods Tower па ўсёй краіне. Гэта таксама стала магчымым, калі знайшлася замена гітарысту А. Уракову, месца якога ў гурце цяпер займае Зміцер Лазарэнка, вядомы па ўдзелу ў гомельскай камандзе “Бан-Жвірба.

Даведаўшыся пра вяртанне “Gods Tower на вялікую сцэну, прыхільнікі “цяжкой рок-музыкі больш сталага ўзросту, як і прадстаўнікі маладой metal-генерацыі, без асаблівых праблем запоўнілі залу клуба “Рэактар, у якой, нягледзячы на летнюю спякоту, не засталося вольных месцаў. Тым больш, што арганізатары канцэрта-вяртання “Gods Tower абяцалі яшчэ адну музычную сустрэчу — з блізкім па духу і стылю “Gods Tower гуртом “Znich.

Менавіта “Znich і распачаў гэта свята “цяжкага металічнага гучання. Каманда Алеся Таболіча нагадала слухачам лепшыя песні з розных альбомаў каманды. У іх выкананні прагучалі такія хіты, як “Ярыла, “Атрута, “Каляда, “Чорны Зьніч, а таксама кампазіцыі з найноўшага іх альбома “Мроя. Дарэчы, гэта выступленне гурта можна было б лічыць і прэзентацыяй. Бо “Znich не так даўно з дапамогай кампаніі “Будзьма беларусамі! выдаў новы дыск, на якім у фармаце mp3 запісаны альбом “Мроя і новы відэа-кліп на галоўную песню. Але гэта не ўсё: на дыску змешчаны амаль усе лепшыя альбомы гурта “Znich мінулых гадоў. Таму гэта выданне ўяўляе з сябе немалую фанаграфічную каштоўнасць для прыхільнікаў беларускамоўнага pagan-metal.

Што тычыцца слухачоў, многія з якіх прыйшлі вітаць адраджэнне легенды “Gods Tower, з задавальненнем успрынялі і беларускамоўны pagan-metal у выкананні “Znich. Бо ў музыцы гэтай каманды адчувалася не толькі павага да народных музычных крыніц, але і магутнасць гукавога напору гурта, якія спалучае шмат якіх “цяжкіх стыляў, ад death і black да symphonic metal.

Пасля завяршэння сэту гурта “Znich Алесь Таболіч, які дэманстраваў не толькі свой “паганскі гроул, але і маляўнічыя татуіроўкі на аснове нацыянальнага арнаменту, паклікаў на сталічную сцэну гамяльчан з “Gods Tower. Трэба сказаць, што гады змянілі музыкаў знешне, але не змянілі іх прыхільнасці да славянскіх каранёў у музыцы, да экспрэсіўна-віртуознага “металічнага выканання песень.

У гэты дзень, быццам бы па заяўках шматлікіх фанаў, музыканты “Gods Tower на адным уздыху нагадалі лепшыя песні гурта з розных альбомаў. Так, добрым падарункам тым, хто ў гэты дзень прыйшоў вітаць любімых выканаўцаў, сталі кампазіцыі “Civilizations, “The Eerie, “Rissing Arrows і іншыя хіты каманды. Уражанне пра тое, якім будзе новы альбом “Gods Tower пад назвай “Steel Says Last, у слухачоў склалася паводле зместу песні, якую Леслі Найф назваў “Пра лётчыкаў. Што тычыцца выканаўчай манеры Леслі, то яна засталася адпаведнай: вакаліст “Gods Tower пераўтварае кожную песню ў своеасаблівае шоу, вядзе няспынны дыялог са слухачамі.

Асобна хацелася б спыніцца на інструментальным складніку музыкі Gods Tower. Безумоўна, “старыя прыхільнікі музыкі і класічнага гучання гурта стараліся параўноўваць гітарнае выкананне былога гітарыста А. Уракова і цяперашняга — Д. Лазарэнкі. Гэтыя музыканты ў чымсьці аднолькавыя, граюць у амаль падобных манерах, але галоўнае — іх аб’ядноўвае прыхільнасць да pagan-metal як крэда “Gods Tower. Таму змены ў складзе каманды слухачамі былі ўспрыняты з разуменнем і з шчырымі пажаданнямі “Gods Tower новых музычных адкрыццяў.
 

Каментаваць