Горад майстроў у бункеры ўзурпатара

Сярод сусветных фільмаў, якія калісьці вабілі гледачоў, ёсць стужкі, што быццам наўмысна распавядаюць пра сённяшні беларускі дзень. Гэтыя карціны ствараліся без усялякай аглядкі на «моцную і працвітаючую» дыктатуру. Аўтары большасці фільмаў папросту нічога не ведалі пра Беларусь і яе серыйнага прэзідэнта. Але супадзенні ўражваюць.

На здымку: «Бункер»



Сярод сусветных фільмаў, якія калісьці вабілі гледачоў, ёсць стужкі, што быццам наўмысна распавядаюць пра сённяшні беларускі дзень. Гэтыя карціны ствараліся без усялякай аглядкі на «моцную і працвітаючую» дыктатуру. Аўтары большасці фільмаў папросту нічога не ведалі пра Беларусь і яе серыйнага прэзідэнта. Але супадзенні ўражваюць.

На здымку: «Бункер»


Адкрывае спіс нямецкая стужка «Бункер» Олівера Хіршбігеля. Гэта карціна, знятая ў 2004 годзе, расказвае пра апошнія дні Адольфа Гітлера. На вуліцах Берліна ідуць баі, горад у полымі, а ў скляпеннях рэйхсканцылярыі коўзаецца фюрэр, які ўсё болей губляе пачуццё рэальнасці.

Не ведаю, як пачуваюцца іншыя дыктатары падчас аблогі, але тое, што паказаў Хіршбігель — універсальна. Прага ўлады, шаленства, апошнія канвульсіі зла, мярцвячы спрыт запэцкаць дый зацягнуць у магілу паболей ахвяраў — зло выкрывае само сябе. Зло п’е цыяністы калій. Асаблівую ўвагу прапагандыстам і ідэолагам варта звярнуць на фігуру Ёзэфа Гебельса, чый лёс не радуе.

Блізкая па сэнсе стужка — «Агонія» Элема Клімава. Гэтым разам гутарка ідзе пра царызм. Акультная істэрыя, разгул Распуціна, міністэрская чахарда, незадаволенасць масаў, што нарастае, — вось атмасфера 1916 года. Што з таго, што цар слабы і ўжо прадчувае непазбежнасць катастрофы? Расійскія закалоты, што распачаліся ў 1917 годзе, будуць скалынаць усё ХХ стагоддзе.

Хаця «гісторыка-рэвалюцыйныя» карціны былі паважанымі ў Савецкім Саюзе, стужку Клімава брэжнеўскія герантакраты схавалі як мага далей ад вачэй. Занадта пазнавальнымі былі паралелі з эпохай «развітога сацыялізму». Фільм, першая рэдакцыя якога была зроблена ў 1975 годзе, савецкія гледачы пабачылі толькі праз 10 гадоў. Да скону самога Савецкага Саюза засталося зусім няшмат.

А вось стужку Валянціна Вінаградава «Усходні калідор» гледачы ўвогуле не пабачылі. Гэты беларускі фільм 1966 года абвясцілі падрыўным і антымастацкім. Хаця тэма карціны — самая кананічная: падпольшчыкі на вайне. Але тое, як знятая гарадская партызанская барацьба, — кантраснае асвятленне, рэзкія ракурсы, аголенае цела, карніцкая машына — гаворыць пра адвечную «акупацыю», што можа быць калі заўгодна і дзе заўгодна.

«Усходні калідор»


Яшчэ паказальней правакацыі захопнікаў і спрэчкі падпольшчыкаў, якія спрабуюць вылічыць здрадніка. Такое ўражанне, што дыялогі даўняга фільму спісаны з сецевых палітычных пляцовак, а дзеянне адбываецца ў штабе адной з апазіцыйных партый пасля 19 снежня.

Агульная атмасфера ў краіне — як у польскай стужцы 1956 года «Канал». Фільм Анджэя Вайды расказвае пра Варшаўскае паўстанне 1944 года. Карнікі падавілі паўстанне, нескароныя людзі спрабуюць схавацца ў падземных каналах. Але стужка Вайды распачала «новае польскае кіно». Можна сказаць, што гэта была паваротная эстэтычная кропка, якая ўрэшце прывяла да «Салідарнасці» і да вызвалення краіны.

Пра неабходнасць «Салідарнасці» кажа і Сяргей Эйзенштэйн у сваёй першай карціне «Страйк».

Нямы «Страйк» 1924 года — гэта скарбонка не толькі мастацкіх, але і палітычных прыёмаў. Вось улады змагаюцца з бунтаўнікамі: каб спляжыць іх, наймаюцца штатныя правакатары з гаваркімі мянушкамі — Мартышка, Пугач (амаль як слынны правакатар Даўн са снежаньскай Плошчы). Правакатары, у сваю чаргу, ангажуюць для брудных справаў усялякае шалупінне. Саюз дыктатуры і поскудзі. А вось «пакаяннае» прызнанне рабочага, які здае сваіх сяброў, уражвае.

Не губляюць актуальнасці і контрмеры: забароненыя сходкі маскуюцца пад святочныя гулянні, употайкі арганізуюцца страйкавыя камітэты.

Усеагульны беларускі страйк, пра які ўзгадвалі і на Плошчы, сапраўды, здольны зваліць дыктатуру. Каб навучыцца рабіць страйкі — звяртайцеся да класічнай стужкі.

А пакуль — «Асса». Калі хто не памятае, была такая стужка 1987 года. Першая частка «маразматычнай трылогіі» Сяргея Салаўёва. У фільме юная дзяўчына, якая шукае багатага жыцця, звязалася з тагачасным мафіёзі — Станіславам Гаварухіным. Але ёсць іншае жыццё — хлопец з рок-музыкай. Паралелі з сённяшняй сітуацыяй простыя: дзяўчына, як Беларусь, галоўны нягоднік — і так зразумела, хлопец — будучыня і спроба вырвацца з замагільнай стабільнасці. Песня «Пераменаў» Цоя рыфмуецца з песняй пра муры, што спявалі на Плошчы. А дадатковы сюжэт фільма пра патаемную змову і забойства імператара Паўла нават страшна падумаць, на што намякае.

Каб падняць настрой — лепей паглядзець «Планету страху» Раберта Радрыгеса, 2007-га года выпуску. Гэта праўда, што гнюсныя зомбі-ваенныя, якія распадаюцца і смуродзяць, выглядаюць крыху лепей за беларускіх амапаўцаў. Гэта праўда, што атрутныя вірусы і адкіды можна разглядаць як штодзённы хлуд рэжымнай прапаганды.

Затое якая энергетыка ў герояў! Гераіня Роўз МакГоўн, якой адарвалі нагу, не губляе баявой формы і набывае замест нагі кулямёт, каб размаўляць з апанентамі на іх мове. Я ў ніякім разе не заклікаю грамадзянаў краіны браць з яе прыклад, але павучыцца аптымізму і няскоранасці ў Роўз МакГоўн варта.

А вось прыклады слушных паводзінаў у сённяшняй сітуацыі, акрамя стужкі Эйзенштэйна, дае «Горад майстроў» Уладзіміра Бычкова. Гэта беларуская кінаказка 1965 года паводле п’есы Тамары Габе гаворыць, што рабіць, калі наш горад майстроў акупаваў узурпатар. Трэба смяяцца — і з ягоных высілкаў, і ягоных інструкцый.

«Горад майстроў»


Трэба сыходзіць, каб не выконваць загадаў карніка, — і гуртаваць сілы.

Трэба быць салідарнымі ў барацьбе і — самае істотнае — мець чыстае сэрца.

Пра чыстае сэрца кажуць і дзве іншыя найсучаснейшыя карціны. «Quо Vadis» 2001 года Ежы Кавалеровіча — гэта апошняя і самая ўдалая экранізацыя аднайменнай кнігі Генрыха Сянкевіча. Забойца, падпальшчык і камедыянт Нерон. Першых хрысціян пераследуюць, кідаюць да ільвоў, паляць жыўцом. Але гістарычная перамога — не за дыктатарам. І чалавечая, дый мастацкая — таксама.

Нарэшце, фільм 1964 года «Евангелле паводле Мацвея» П’ера Паола Пазаліні — гэта непасрэднае кіраўніцтва да сучаснага дзеяння. Фільм даслоўна зняты па Дабравесцю — з невялікім літургічным дадаткам прароцтва ад Ісаі.

«Евангелле паводле Мацвея»


Як даказвае гэтая чорна-белая стужка, знятая ў дакументальнай манеры з непрафесійнымі выканаўцамі, словы Хрыста — самыя радыкальныя сведчанні. Жыццё Хрыста — самая важная рэвалюцыя. Да яе цяпер далучаецца Беларусь.
 

Каментаваць