"GreenPills" і "Крама" завіталі на "Заспявай 2.0" (ФОТА)

На тэрасе кафэ "Chill Out" працягваецца праект "Заспявай 2.0", і ў пятніцу настала чарга рокераў "GreenPills", і ветэранаў айчыннай рок-н-рол сцэны гурта "Крама". 



Зноў жа даволі супрацьлеглыя калектывы. "Green Pills" прэтэндуе на перамогу ў намінацыі "Кавер". Хлопцы граюць разам ужо пяць год. У сённяшні склад гурта ўваходзяць Ян Верабей, Зміцер Аніськоў, Уладзь Машкоў ды Сяргей Пракапенка. Усім музыкам не больш за 27 гадоў. Па стылю яны больш схіляюцца да цяжкой альтэрнатывы, што не перашкодзіла ім выдаць акустычныя версіі. Цяпер гурт працуе над новай праграмай, якая ўключае ў сябе мікс цяжкой музыкi i электроннага гучання. Задумаў у іх багата — ад намераў запісаць альбом і зняць кліп да арганізацыі трыб’юту на гурт "Мроя". Журы "Заспявай 2.0" вылучыла іх за песню "Белакрылы анёл" гурта Zet. Акустычная версія прагучала падчас іх выступу.
 
 
"Крама" выступіла дуэтам (Ігар Варашкевіч і Сяргей Трухановіч). Музыкі прадставілі акустычны канцэрт са сваіх найлепшых песень. За сваё існаванне гурт выпусціў 8 паўнавартасных кружэлак. На канцэрце знайшлося месца як даўнім хітам, так і песнямі з новага альбому гурта "Белая вада".
 
 
Канцэрты ў межах праекту "Заспявай 2.0" праходзяць штопятніцу усё лета. Наступнымі ўдзельнікамі будуць музыка Пятро Клюеў і фолк-гурт "Vuraj".
 
 

Каментаваць