“Гродназнаўства”: гісторыя Гродна ад пачатку да 1991 года

Самыя яскравыя, запамінальныя і важныя старонкі гісторыі Гродна ў выкладанні гродзенскіх гісторыкаў Алеся Госцева, Аляксандра Дабрыяна, Святланы Марозавай, Андрэя Чарнякевіча пад рэдакцыяй Віталя Карнялюка і Вячаслава Шведа пад адной вокладкай сабрала выдавецкая ініцыятыва “Гарадзенская бібліятэка.



Самыя яскравыя, запамінальныя і важныя старонкі гісторыі Гродна ў выкладанні гродзенскіх гісторыкаў Алеся Госцева, Аляксандра Дабрыяна, Святланы Марозавай, Андрэя Чарнякевіча пад рэдакцыяй Віталя Карнялюка і Вячаслава Шведа пад адной вокладкай сабрала выдавецкая ініцыятыва “Гарадзенская бібліятэка.

Тыдзень таму прэзентацыя выдання “Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада прайшла ў Гродзенскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі, днямі кніга з’явілася ў продажы ў гродзенскай кнігарні на вул. Гарнавых (кошт — 80 тысяч), наперадзе грамадская прэзентацыя.
 
Хаця “Гродназнаўства і не з’яўляецца афіцыйным падручнікам, кніга выкананая менавіта ў форме падручніка: тэкст падзелены на параграфы, пасля кожнага з іх ёсць пытанні да абмеркавання і заданні.

У кнізе змешчана вялізная колькасць малюнкаў, фотаздымкаў, схемаў, мапаў, копій дакументаў, іншага ілюстратыўнага матэрыялу.

Выдаўцы тлумачаць гэта імкненнем зрабіць тэксты максімальна даступнымі для сучаснага маладога чытача.
 
У пошуках ілюстрацый укладальнікам давялося перагледзіць ўсе магчымыя прыватныя архівы і калекцыі, дзякуючы чаму знайшліся ўнікальныя матэрыялы.


На базе гэтых матэрыялаў “Гарадзенская бібліятэка запачаткавала Цэнтр дакументацыі па гісторыі Гродна.

"Далучэнне да мінулага свайго роднага горада, веданне трагічных і слаўных старонак яго гісторыі робіць сучасных гараджан мацнейшымі, пераконвае ў тым, што менавіта яны — гродзенцы — з’яўляліся (і з’яўляюцца!) галоўнымі аўтарамі гісторыі Гродна, — піша ў прадмове да кнігі доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук. Гісторыі, што складаецца якраз з мараў і ўчынкаў, мужнасці і баязлівасці, любові і нянавісці, гонару і рабалепства, працавітасці і ляноты яго жыхароў. У пэўным сэнсе кожны з нас піша гісторыю свайго горада. Гэта неабходна разумець, каб адчуваць сябе яго Гаспадаром і ўсведамляць уласную адказнасць за яго сённяшні дзень і будучыню.
 
У трыццаці васьмі параграфах на 330 старонках змясціліся найважнейшыя падзеі гісторыі Гродна, інфармацыя пра сотні гістарычных асобаў, якія спрычыніліся да падзей гродзенскай гісторыі, аповеды пра славутых гродзенцаў, успаміны сведкаў, апісанні помнікаў дойлідства, спіс літаратуры для тых, хто цікавіцца мясцовай гісторыяй.

 
Каардынатар “Гарадзенскай бібліятэкі Павал Мажэйка распавядае:
 
— Мы атрымалі тэксты па гісторыі Гародні да канца 1990-х гадоў, але вырашылі прыгожа скончыць 1991 годам.

Гэта час, калі Беларусь атрымала незалежнасць (у тым ліку і дзякуючы стогадовым намаганням жыхароў Гародні), здабыла свае нацыянальныя сімвалы.

Мы вырашылі, што гісторыя на гэтым скончылася, і пачалася палітыка. Перыяд пасля 1991 года і ў жыцці Гародні, і ў жыцці ўсёй Беларусі яшчэ патрабуе свайго асэнсавання.

Да гэтых падзей мы яшчэ вернемся.


Паводле сайта “Твой стыль
 

Каментаваць