Грунвальд адкрывае таленты

Быў час, калі «Грунвальдскі фэст» заставаўся для беларускага грамадства, моладзі адзіным напамінам пра вялікую Перамогу нашых продкаў над тэўтонцамі.



Быў час, калі «Грунвальдскі фэст» заставаўся для беларускага грамадства, моладзі адзіным напамінам пра вялікую Перамогу нашых продкаў над тэўтонцамі. Цяпер, у шасцісот першую гадавіну Грунвальда, можна канcтатаваць, што ў напрамку ўшанавання ваярскага чына беларусаў зроблена не так ужо і мала: адбылося агульнабеларускае святкаванне 600-гадовага юбілею бітвы, ёсць першы помнік героям Грунвальда і яго трыумфатарам — Вітаўту і Ягайлу, — які ўсталяваны сябрамі клуба «Спадчына» ў Старых Дарогах, створаны шматлікія літаратурныя і выяўленчыя творы на гэтую тэматыку, а ў нашых гарадах паступова з’яўляюцца вуліцы з назвай «Грунвальдская», як гэта нядаўна адбылося ў Магілёве.

(На здымку: гурт P.L.A.N)


І ўсё ж «Грунвальдскі фэст» да гэтага часу застаецца буйнейшай культурніцкай акцыяй, мэта якой — прапаганда сярод моладзі слаўных старонак айчыннай гісторыі, а таксама музычных твораў розных напрамкаў, якія ўслаўляюць мужнасць і рыцарскі дух герояў Грунвальда. Менавіта выкананню гэтай місіі і быў прысвечаны чарговы, трэці па ліку, «Грунвальдскі фэст–2011», удзельнікі якога 15 ліпеня нагадалі слухачам пра знакамітую дату ў беларускай гісторыі.

Афіша «Грунвальдскага фэста–2011» абяцала ў гэтым годзе шмат цікавых музычных сустрэчаў з мінулагоднімі ўдзельнікамі гэтай музычна-гістарычнай імпрэзы і нават прэзентацыю альбомаў некаторых з іх, так і незабыўныя выступленні калектываў, якія прадстаўляюць рэгіёны нашай краіны. Гэтыя акалічнасці і штрухнулі аматараў айчыннага рока да таго, каб у летнюю спёку прыйсці на адкрытую пляцоўку парка Чалюскінцаў, дзе быў запланаваны канцэрт «Грунвальдскага фэста–2011».

Першымі на сцэну былі запрошаны музыкі мінскага гурта «UNIA», якія адзін за адным выканалі некалькі сваіх хітоў, каб «разагрэць» публіку. Музыканты змаглі надаць «Грунвальдскаму фэсту» святочны настрой і зрабіць так, каб канцэрт трошкі пазней ператварыўся ў моладзевы танцавальны марафон. Для гэтага музыкі «UNIA» адыгралі адна за адной некалькі сваіх самых завадных кампазіцый: «Вясна», «Ульяна», «Калядо» і іншыя, якія выклікалі гарачыя апладысменты слухачоў.

Фестывальную эстафету падхапілі музыкі гурта «Testamentum Terrae», якім кіруе самавіты і каларытны Юрась Панкевіч. Цікава тое, што нават пры адсутнасці ў афішы ветэранаў «Грунвальдскага фэсту» — гурта «Стары Ольса», «Testamentum Terrae» аднаасобна змог узяць на сябе хэдлайнерскія функцыі і стварыць на фэсце незабыўную атмасферу сярэднявечнага свята, закружыць ахвочых у танцавальнай віхуры. Гэтым разам музыкантам дапамагалі дзяўчыны з танцавальнага гурта «Гістрыён», якія пад рытмы і мелодыі «Беларускай полечкі», «Гандзюленькі», «Кракавяка» і «Рыцара вераб’я», развучвалі старадаўнія па, а потым і пускаліся ў агульныя скокі разам са сваімі «вучнямі». Такая ўжо спецыфіка супольных канцэртаў гуртоў «Testamentum Terrae» і «Гістрыён».

Адной з нечаканасцяў сёлетняга «Грунвальдскага фэсту» стаў удзел у ім гурта «P.L.A.N.» і яго лідара рок-барда Андрэя Плясанава. Чаму нечаканасць? Мо таму, што ў апошні час гэты знаны гурт, адзін з ветэранаў айчыннай рок-сцэны, не так часта клічуць на такія імпрэзы, хоць у рэпертуары гурта «P.L.A.N.» шмат цікавых твораў рок- і фолк-рок тэматыкі, беларускамоўных кавераў на сусветна вядомыя рок-хіты...

Як толькі на сцэну выйшлі музыканты «P.L.A.N.», сярод якіх быў баяніст Анатоль Стэцэнка, то сярод наведвальнікаў фэсту можна было пачуць пытанне: «Што гэта: рок пад баян?» Але, як паказалі далейшыя падзеі, гэты інструмент у таленавітых руках толькі дадаваў свежыні аранжыроўкам гурта «P.L.A.N.», як і іншым удзельнікам канцэрта, якія ў сваім складзе маюць гэты ўніверсальны інструмент нароўні з гітарамі і сінтэзатарамі.

Андрэй Плясанаў разам з сябрамі нагадалі слухачам колькі песень з розных альбомаў гурта, «грунвальдскую» песню «Выправа» на верш Я. Малішэўскага. Але найбольшыя апладысменты выпалі на долю знакамітага хіта «P.L.A.N.» «Добрай табе раніцы, Беларусь!», якую хораша і ўзнёсла заспявалі ўсе ўдзельнікі фестывалю. Гэтыя творы далі падставу слухачам выклікаць кіраўніка гурта Андрэя Плясанава на «біс», і той зрабіў падарунак слухачам — сола выканаў вострасацыяльны зонг «Даміно».

Сярод тых, хто стаяў ля вытокаў многіх медыявальна-музычных фестываляў і акцый, быў і застаецца гурт «Рокаш». Гэтым разам у музыкантаў была падвоеная нагода для святкавання — слаўная дата 601-х угодкаў Грунвальда і прэзентацыя іх доўгачаканага альбома «Запалі агонь». Таму музыканты гурта «Рокаш» з асаблівым пачуццём у гэты дзень выйшлі на сцэну: ім было што прапанаваць слухачам. Адзін за адным прагучалі песні «Рокаша» з новага альбома, якія вельмі спадабаліся тым, хто прыйшоў на «Грунвальдскі фэст». Сапраўднай зоркай прэзентацыі стала вакалістка гурта «Рокаш» Паліна Дулінец, якая дэманстравала цудоўныя вакальныя і артыстычныя здольнасці. Гэта дапамагало Паліне больш яскрава раскрыць унутраны патэнцыял музычных твораў гурта.

Гурт Рокаш

Гурт ROSY



Трэба адзначыць, што гучанне гурта апошнім часам стала больш шчыльным і «цяжкім», не ў апошнюю чаргу намаганнямі басіста Лявона Казакова. Відавочна, што альбом «Запалі агонь» стаў для гурта «Рокаш» новай прыступкай для выканаўчага ўдасканалення і творчага росту.

Зноў здзівіў слухачоў і сталічны гурт «Кашлаты Вох»: гэтым разам было значна менш панкаўстага шоў, затое з музычнага і выканаўчага боку гурт падаўся больш сталым і разнастайным. Магчыма, зараз у музыкантаў адбываецца пераацэнка каштоўнасцяў. Не хацелася, каб «Кашлаты Вох» згубіў тое, за што іх любіць публіка. Але відавочна, што гурту трэба шукаць шляхі ў будучыню.І яшчэ, трэба падзякаваць музыкам за тое, што нягледзячы на стылістычныя пошукі, «Кашлаты Вох» не адмаўляецца ад беларускай дуды і ўвесь час выкарыстоўвае ў сваіх канцэртах, адкрывае новыя грані выканаўчых магчымасцяў гэтага нацыянальнага інструмента ў сучасным музычным кантэксце.

Для сталічных слухачоў да часу заставаліся таямніцай імёны іншых удзельнікаў «Грунвальдскага фэсту–2011» — гуртоў «ROSY» са Стоўбцаў і «ОМУТ» (Драгічын—Мінск). І вось вядучы запрасіў на сцэну першых гасцей — гурт «ROSY», які ўжо вядомы слухачам па ўдзелу ў хіт-парадзе партала «Тузін гітоў». А сёння ім выпала магчымасць прадставіцца сталічным слухачам у «жывым» гучанні. З першым акордам стала зразумела: «ROSY» — калектыў вопытны і творча ўсталяваны. У музыцы каманды можна адчуць уплывы традыцыйнага рок-н-рола і музыкі кантры. Прынамсі, так падалося слухачам, калі тыя слухалі кампазіцыю гурта пад назвай «Аршанская» і іншыя творы гурта. Але музыкантам блізкія лірычныя і баладныя тэмы і мелодыі. Іх выдатна выконваюць вакалісты (адначасова і гітарысты) гурта Віталь Чарняўскі і Ягор Касцюкоў, дзякуючы якім гучанне гурта набывае мастацкую завершанасць.

Танцы ад гурта Гістрыён

Эльвіра Стэльмашук, гурт ОМУТ



І ўсё ж найбольш вольна музыканты сябе пачуваюць у блюзавай стыхіі. Пра гэта засведчыў жартоўны блюз «Чыкага-Стоўбцы», які быў віртуозна выкананы музыкантамі гурта «ROSY» пад несціхальныя апладысменты сталічных слухачоў. «ROSY» зноў засведчылі вялікі патэнцыял рок-музыкантаў з рэгіёнаў, якіх абавязкова трэба прыцягваць да музычных фестываляў і канцэртаў, што праводзяцца ў сталіцы, дапамагаць ім выданні сольных альбомаў.

Яшчэ адно адкрыццё сёлетняга «Грунвальдскага фэсту» — лідары «палескага металу», фолк-рок-гурт з Драгічына «ОМУТ». Тут таксама саліруюць два вакалісты: Эльвіра Стэльмашук — уладальніца магутнага опернага сапрана і штатны «гроўліст» Алесь Максімовіч. Менавіта на спалучэнні здавалася б неспалучальнага: класічнага і рок-вакалу ў яго экстрэмальным выглядзе і базуецца вакальная частка гучання гурта. Да таго ж, гэтыя музыканты, бывае, выкарыстоўваюць у сваіх творах такі рэдкі ў нас еўрапейскі духавы інструмент, як вістл. Калі ён гучыць разам з баянам, то і «металічныя» рыфы «ОМУТа» не падаюцца такімі ўжо неарыгінальнымі. Дакладна, музычныя творы драгічынскіх музыкантаў (гурт быў створаны ў 2009 годзе) былі ўспрыняты з вялікім энтузіязмам, што не магло не адбіцца на настроі музыкаў.

На адным дыханні яны выканалі фальклорныя песні «Ой, у полі рэчанька», «Шэры гусі», аўтарскія песні («Спявай, Зямля»), прадставілі слухачам сваю новую кампазіцыю, якая пакуль не мае назвы. Сэт гурта «ОМУТ» стаў цудоўнай кодай усяму «Грунвальдскаму фэсту–2011». Бо яшчэ раз прадэманстраваў слухачам важкі патэнцыял айчынных выканаўцаў, якія, нягледзячы ні на якія неспрыяльныя ўмовы, зрабілі стаўку на родную беларускую мову.

Каментаваць