Гучная кода раўбіцкай рок-сімфоініі

Паведамленне пра тое, што Амбасада ЗША ў Беларусі адмаўляецца ад сваёй рэзідэнцыі ў Раўбічах, выклікала хвалю расчаравання сярод аматараў айчыннай рок-музыкі. Справа ў тым, што лёс вядомага музычнага фэста “Амбасовішча, які праводзіўся на яе тэрыторыі ўжо пяць разоў, у гэтым годзе апынуўся пад пагрозай.



Паведамленне пра тое, што Амбасада ЗША ў Беларусі адмаўляецца ад сваёй рэзідэнцыі ў Раўбічах, выклікала хвалю расчаравання сярод аматараў айчыннай рок-музыкі. Справа ў тым, што лёс вядомага музычнага фэста “Амбасовішча, які праводзіўся на яе тэрыторыі ўжо пяць разоў, у гэтым годзе апынуўся пад пагрозай.

Сумная навіна выклікала шмат меркаванняў і здагадак, які былі спынены толькі тады, калі першыя запрашэнні на “Амбасовішча-2010 усё ж пачалі прыходзіць на адрас музыкантаў і сталых наведвальнікаў фэста. Амерыканскія сябры беларускай рок-музыкі вырашылі даць шанец нашым выканаўцам яшчэ раз...

Мо таму, што сёлетняе “Амбасовішча мела быць апошнім на гэтым месцы, шматлікія яго ўдзельнікі з замілаваннем разглядалі цудоўныя раўбічскія краявіды – маляўнічую вёску Раўбічы і водасховішча, якое паўстала на рацэ Ушача, смарагдавую зеляніну навакольных лясоў і бароў, утульнасць па-амерыканску коратка пастрыжаных лужкоў, на якіх ўжо ў шосты раз разгортавалася музычная дзея фэста.

Ад невясёлых думак пра будучыню фэста ўсіх запрошаных на “Амбасовішча адгарнула яго музычнае аздабленне: пад напаўзабытыя хіты Slade і Sweet настрой тых, хто ў гэты дзень прыехаў на фэст, па троху мяняўся да лепшага ў чаканні заяўленай музычнай праграмы “Амбасовішча-2010.

І вось надыйшоў час, калі цырымонію адкрыцця апошняга ў Раўбічах фэста распачаў сваім уступным словам Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, які адзначыў, што за гады правядзення “Амбасовішча фэст пераўтварыўся ў самае “жывое і гучнае мерапрыемтсва амбасады ЗША ў Беларусі. Яго ўдзельнікамі на працягу ўсяго часу яго правядзення сталі немала цудоўных беларускіх і амерыканскіх выканаўцаў, якія дзеліліся са слухачамі сваім пазітыўным настроем. Як і любая пазітыўная з’ява, адзначыў Часовы павераны, “Амбасовішча павінна мець працяг. Магчыма, у ішым месце, магчыма, у іншым фармаце. У знак таго, што гэта не проста мары, спадар Скэнлан выпусціў у паветра галубоў...

Гэты сімвалічны жэст стаў сігналам для пачатку музычнай праграмы “Амбасовішча-2010. Гэтым разам, улічваючы няпэўную сітуацыю з месцам правядзення наступнага фэста, яго арганізатары вырашылі падвесці своеасаблівыя рахункі і запрасілі пераможцаў мінулагодніх “Амбасовічшаў. Распачаць сёлетнюю канцэртную праграму было даручана мінулагоднім пераможцам фэсту – слаўгарадскаму гурту “Хуткі смоўж. Каманда – рэдкі госць на сталічных канцэртных пляцоўках і таму было цікава параўнаць узровень музыкантаў “Хуткага смаўжа цяперашні і мінулагодні. Да гонару слаўгародцаў (нездарма ж, са слаўнага горада!) адчувалася, што год для рэгіянальных выканаўцаў не прайшоў дарма: гурт набыў яшчэ больш прафесіяналізма, а іх праграма набыла шмат якія рысы сапраўнага музычнага шоу. Песні, якія выканалі музыканты на пачатку праграмы фэста (“Малако, “Ехалі казакі, “Пра газ), прывабілі слухачоў яркімі аранжыроўкамі, гумарам і выканаўчай дасканаласцю, асабліва ўдзельнікаў духавой групы.

Слаўгарадскіх “ветэранаў змянілі ўдзельнікі больш маладога калектыва – гурта “Босае сонца, якія сталі вядомы беларускім слухачам дзякуючы перамозе на фэсце “Беларуская бардаўская восень-2007. Але ў адрозненне ад бардаўска-акустычнага гучання, што дамінавала ў ранейшых песнях гурта, на “Амбасовішчы ўдзельнікі “Босага сонца выканалі некалькі кампазіцый ў больш жорсткіх рок-аранжыроўках. Гэтыя змены выклікалі палеміку сярод тых, хто прызвычаіўся да твораў гурта ў акустыцы. Асабліва рознагалоссі тычыліся манеры спеваў вакаліста Алеся Зайцава, якому, здаецца, не зашкодзіла дадаць да сваёй лірычнай вакальнай палітры трошкі рок-драйву ці хаця б скрымінгу.

Пазітыўную хвалю “Амабасовішча падхапіў наступны госць фэста – гурт “Кальмары. Бярозаўскія музыканты парадавалі слухачоў вясёлым драйвам сваіх старых кампазіцый, кшталу “Бадмінтон і “Яна і я, навінкамі – гумарыстычнай песняй “Імпарт-экспарт. Відавочна, “Кальмары ўжо вырастаюць з свайго танцавальна-забаўляльнага амплуа. Для бярозаўскага гурта ўжо набліжаецца час, калі яны могуць стаць даволі заўважнымі гульцамі як на рэгіянальным узроўні, так і ў агульнай нацыянальнай рок-плыні.



Не буду сцвярджаць за ўсіх наведвальнікаў фэста “Амбасовішча, але даволі вялікае расчараванне ў мяне выклікаў сэт гурта “Dali, які гэтым разам не выканаў ні воднай песні па-нашаму. “Dali двойчы перамагаў на фэсце, выступаючы менавіта па-беларуску. І вось цяпер музыкі прадэманстравалі такую неўдзячнасць да роднага слова! Гурт “Naka таксама не стаў асабліва абцяжарваць сваю свядомасць лішнімі “праблемамі з роднай мовай, бо застаўся тутэйшым рэтранслятарам традыцый “русского рока. Гэта можна паважаць ці не, але гэта -- пазіцыя музыканатаў “Naka. А вось у выпадку з “Dali мы, здаецца, маем справу з чарговым “моўным кульбітам, якія часам практыкуюць некаторыя мясцовыя выканаўцы.

Добра, што лідэру “Dali Віктору Рудэнку выпаў шанец рэабілітаваць сваё стаўленне да беларускай мовы, калі ён выйшаў на сцэну фэста ў складзе гурта “У нескладовае пад кіраўніцтвам Рамана Арлова. Трэба адзначыць, што гэтая каманда, беларускамоўная творчасць якой арыентавана, па словах лідэра, у асноўным, на расейскага слухача, за невялікі час зрабіў даволі шмат: у рэпертуары “У несладовага з’явіліся новыя кампазіцыі (якія і прагучалі на фэсце), музыканты сталі больш прафесіянальнымі і разняволенымі на сцэне, а песні гурта ўжо адрозніваюцца арыгінальнасцю і сучаснасцю ў аранжыроўках. Бадай, гурту пакуль не хапае яркіх поп-хітоў, які б прыцягнулі ўвагу слухачоў у Беларусі і ў Расіі. Але на гэта арыентыравана праца асноўных кампазітараў гурта -- гітарыстаў Рамана Арлова і Вадзіма Марголіна. Гэтым разам музыкантам “У нескладовага дапамагаў і такі вядомы беларускі рок-музыка і хіт-мэйкер, як Аляксандр Памідораў.



Бадай, самай чаканай прэм’ерай сёлетняга “Амбасовішча стала выступленне на сцэне фэста гасцей са Злучаных Штатаў Амерыкі – гурта “The Bishops з горада Oмаха, штат Nebraska. “The Bishops – прыхільнікі такіх пазітыўных стылістычных адгалінаванняў, як рэгі, ска і рокстэдзі. Карані гэтай музыкі трэба шукаць у мелодыях і рытмах Ямайкі, Карыбскіх вастравоў, Паўночнай і Латынскай Амерыкі, Афрыканскага кантыненту.

Відавочна, што для амерыканскіх музыкантаў з сельскагаспадарчай Небраскі ўдзел у такім незвычайным і маляўнічым фэсце ў Беларусі стаў адной з галоўных прыгод у гэтым годзе! Цікава было назіраць, з якой адкрытасцю госці кантактавалі з музыкантамі і слухачамі, асабліва з блізкімі па духу і стылю выканаўцамі з “Хуткага смаўжа, з якой цікаўнасцю сачылі за беларускімі дзяўчатамі, аглядалі незнаёмыя краявіды, фільмавалі ўсе падрабязнасці “Амбасовішча-2010.

А калі вядучы фэста Алесь Круглякоў запрасіў “The Bishops на сцэну фэста, то амерыканцы вельмі прафесійна, як кажуць, “на высокай ноце выканалі шэраг рытмічных кампазіцый, якія выявілі іх разуменне стыля музыкі рэгі і ска. Цэнтральнымі фігурамі сэта амерыканскіх музыкантаў сталі гітарыст і вакаліст гурта John Green, выканаўца на трубе Ira Hughey і клавішнік Scott Norman, якія разам з іншымі ўдзельнікамі “The Bishops перадалі беларускім слухачам свой цудоўны настрой, заахвоцілі іх да скокаў перад фестывальнай сцэнай, да гарачых апладысменатаў.

Той факт, што “Амбасовішча стала сапраўднай пляцоўкай для блізкага знаёмства беларускіх слухачоў і выканаўцаў з амерыканскай некамерцыйнай музыкаў (нагадаю, што госцем “Амбасовішча-2007 стаў world-music-гурт FOX TRIO са штата Канзас, у 2009 годзе беларусы пазнаёміліся з творчасцю арт-рок гурта The Gifted Children са штата Ню-Ёрк) робіць фэст унікальным на ўсёй постсавецкай прасторы. Значыць, мы маем надзею чакаць працягу традыцый “Амбасовішча, як плацдарма беларуска-амерыканскага культурнага дыялога. Хоць і ў іншым фармаце.

Каментаваць