ГУЛЬНЯ Ў МАФІЮ: на сцэну Мінскай Оперы ўнеслі каністру


24 кастрычніка я трапіла на здачу оперы “Трубадур Джузепе Вердзі, супольнага праекту Беларускай оперы і галандскай фірмы “Supierz Music Management. Чацвёртая па ліку беларуская пастаноўка знакамітай італьянскай оперы, прэм’ера якой адбылася 25 і 27 кастрычніка, надзвычай шырока анансавалася ў айчынных СМІ як першы прэцэдэнт сучаснай опернай рэжысуры на айчынных падмостках.




24 кастрычніка я трапіла на здачу оперы “Трубадур Джузепе Вердзі, супольнага праекту Беларускай оперы і галандскай фірмы “Supierz Music Management. Чацвёртая па ліку беларуская пастаноўка знакамітай італьянскай оперы, прэм’ера якой адбылася 25 і 27 кастрычніка, надзвычай шырока анансавалася ў айчынных СМІ як першы прэцэдэнт сучаснай опернай рэжысуры на айчынных падмостках.

Драматычны сюжэт, які Вердзі ў сваім 1853 годзе раскрыў у дэкарацыях Іспаніі ХІІ стагоддзя, у 2009 годзе меўся разгарнуцца для беларускага гледача ў антуражы Італіі 1940–1950-х гадоў, у эпіцэнтры барацьбы мафіёзных груповак.

ГАЛАСУЕМ, ХТО МАФІЯ

Абстрактны горад паваеннай Італіі — хоць з тым жа поспехам гэта можа быць італьянскі квартал Чыкага. Калі горад засынае, рэй на яго вуліцах вядуць мафіёзныя кланы злодзея ў законе Луна (мянушка — “Граф) і цыганскага сына, правадыра бесхацінцаў ды іншых адкідаў грамадства Манрыка (мянушка — “Трубадур). Абодва мачо закаханыя ў спявачку вар’етэ Леанору. Тая аддае перавагу рамантычнаму гітарысту Манрыка. Любоўны трохкутнік — прычына абвастрэння стасункаў між кланамі і каталізатар двубояў.

Між тым, слухач дазнаецца, што калісьці Луна меў малодшага брата. Калі шмат год таму яго сваякі спалілі старую цыганку за нібыта наведзены на немаўля сурок, дачка цыганкі выкрала дзіця і спаліла яго на тым жа месцы. Мара Луна — адпомсціць забойцы. Нарэшце людзі Луна хапаюць Азучэну — тую самую цыганку-піраманку. Яна — маці Манрыка. Хлопец кідаецца ратаваць маці і таксама трапляе ў палон. Леанора, каб уратаваць каханага, на словах аддаецца Луне, а на справе выпівае атруту і канае на руках у Трубадура. Раз’юшаны такой яе ахвярай Луна аддае загад забіць Манрыка. І калі ён стаіць над целам зрынутага ворага, цыганка Азучэна расказвае яму праўду. Шмат год таму яна спаліла на вогнішчы ўласнае дзіця, выхаваўшы скрадзенае замест сына. Луна толькі што здзейсніў братазабойства. У гэтым і палягала яе помста за спаленне маці, бо помста, як вядома, — страва, якую падаюць халоднай.

Вось, калі сцісла, сучасны пераказ класічнай оперы, здзейснены шведскай рэжысёркай Марыянай Бэрглёф. Салісты ў яе інтэрпрэтацыі пагражаюць адно аднаму, звужаючы колы, ножычкамі-выкідухамі, хор рэжацца ў карты, чысціць парабэлумы перад паходам на “дзела, залізвае раны, грэючыся каля жалезных бочак на звалцы, палівае ахвяраў мафіёзных разборак бензінам з каністры. На сцэне чорна — гэта, паводле задумы нямецкай брыгады сцэнографаў, адсылае слухача оперы да стылістыкі “фільм нуар — паваенных амерыканскіх стужак, дзеянне якіх, як правіла, адбывалася ў змрочных урбаністычных дэкарацыях, — што мы і бачым на сцэне. Візуальным маркёрам Італіі тут з’яўляюцца не сонечныя верхавіны гор ды ласкавае мора на даляглядзе, а зарасці жалюзі, якія масавана апускаюцца на сцэну. Італьянскасці праекту дадае і ўдзел запрошаных тэнараў Джавані Манфрына і Серджыа Панаджына (партыя Манрыка).


ПРАВІЛЫ ПЕРАНОСУ

Пры ўсім вышэйапісаным на сцэне Мінскай Оперы абышлося без лішняга постмадэрнізму. Рэжысёрка, вядома ж, моцна пераставіла акцэнты. Гісторыя палкага кахання адышла на другі план, дзеянне сфакусавана на тэме вендэты. Але ж крыважэрнасць сюжэту шакавала яшчэ сучаснікаў Вердзі — у найноўшай жа публікі яна можа выклікаць асацыяцыі з чарнухай у духу газеты “Прыватны дэтэктыў. Вердзі, які літаральна за месяц пераклаў на музыку “феадальную драму іспанскага драматурга Гарсія Гуцьераса, свайго часу бараніўся ад нападак крытыкаў: “Жыццё — яно такое. Зазначу, што перанос дзеяння ў іншую эпоху выглядае на сцэне даволі арганічна — і ў класічнай версіі апісвалася эпоха, далёка не сучасная аўтару. Дадатковы ж сэнс рэвалюцыйнай для Мінска пастаноўкі Вердзі раскрываецца, калі са сцэны ў стылі нуар вока слізгае на абрамленне залы ў стылі пампезнага, залачонага неакласіцызму. Кантраст уражвае.

Дагэтуль адзінай спробай паставіць у Мінску оперную класіку па-сучаснаму была “Травіята таго ж Вердзі — у 1997 годзе футурыстычныя дэкарацыі, што амаль ператваралі куртызанку ХІХ стагоддзя ў кіношную касманаўтку Барбарэлу з фільма Вадзіма Ражэ, былі ўспрынятыя мінчукамі на “ўра. І вось надышоў час смялейшых інтэрпрэтацый на той жа сцэне. Апроч захопленых выгукаў пад заслону былі і нешматлікія, але надзвычай абураныя рэакцыі слухачоў, што дэманстратыўна пакідалі залю: “Так нельга! — крыўдавалі некаторыя мінскія операманы за Вердзі, а адзін слухач рашуча заявіў, што ўдзел галандцаў у пастаноўцы, на яго думку, палягаў у пастаўцы рэжысёрцы і дэкаратарам лёгкіх наркотыкаў.

Прычына такіх рэакцый зразумелая. Так склалася, што па гэты бок “жалезнай заслоны опера зрабілася акадэмічным мастацтвам для вузкага кола з дамінаваннем у дэкарацыях золата і блёстак. У Заходняй Еўропе назіраецца іншая скрайнасць. Опернае мастацтва, няхай і не засталося гэткім жа актуальным, модным, лічы — масавым, як у свае залатыя часы, але імкнецца адпавядаць эпосе па-за тэатральнымі мурамі. Часам на сцэне даходзіць да наўпростага авангарду — у будапешцкай оперы, скажам, Электра ў аднайменнай оперы Рыхарда Штраўса цягае за сабой па басейне, застаўленым мяшкамі з цэментам, кадку з дрэўцам, а ў фінале арыі круціць дрэўца над галавой за верхавінку разам з кадкай. Іншыя еўрапейскія тэатры няшмат адстаюць: пры ўсіх лёгкіх недаробках і супярэчлівасцях прэм’ернага паказу, несумненная перавага беларуска-галандскага “Трубадура — у адлюстраванні гэткіх тэндэнцый, пакуль што нязвыклых для Беларусі.

Трэба спадзявацца, у Галандыі, куды на цэлы месяц з’язджае пастаноўка, уласна музычныя якасці беларускага “Трубадура будуць ацэненыя належным чынам. Па-першае, на Захадзе даўно прызвычаіліся да дынамічнай рэжысуры ды асучаснівання опернай класікі, і на абмеркаванне гэтых нюансаў тамтэйшы бамонд будзе траціць значна менш энергіі, чым тутэйшы. Па-другое, як прыязна б ні ацэньвалі мы ўзровень аркестру ды спевакоў Опернага, сумнавядомая акалічнасць, што, нягледзячы на рамонт і рэнавацыю, тэатр Лангбарда мае фатальную акустыку, замінае мінчукам напоўніцу насаладзіцца адным з найпрыгажэйшых і найпапулярнейшых музычных твораў, які свайго часу быў расхапаны на вулічныя песенькі — гэтак удала папрацаваў Вердзі з італьянскімі народнымі напевамі. Пасля ж галандскіх гастроляў пастаноўка вернецца ў Беларусь — на сталае жыхарства.

 

Каментаваць