Гурт ZARTIPO: авангардным рокам па агітпрапу

На мінулым тыдні культурны цэнтр фальварка “Добрыя мыслі зноў стаў арэнай авангардных музычных эксперыментаў.

(На здымку: Андрэй Iваноў i «Кастрычнiк»)



На мінулым тыдні культурны цэнтр фальварка “Добрыя мыслі зноў стаў арэнай авангардных музычных эксперыментаў.

(На здымку: Андрэй Iваноў i «Кастрычнiк»)


Гэтым разам усіх тых, хто завітаў у фальварак, чакаў незвычайны канцэрт — выступленне вядомага беларускага авангарднага гітарыста Андрэя Іванова, які сёння ў адной асобе прадстаўляе легендарны віртуальна-інструментальны гурт “ZARTIPO. У праграме канцэрта была дэманстрацыя мастацкай стужкі “Кастрычнік Сяргея Эйзенштэйна (1927), якая суправаджалася эксперыментальнай музыкай Андрэя Іванова.

Трэба адразу паставіць усе кропкі над “і: Андрэй не лічыць сябе тапёрам на новы лад, яму проста цікава з дапамогай рок-музыкі выявіць новыя эмацыянальныя адценні ў старых чорна-белых кінастужках, такіх, напрыклад, як эйзенштэйнаўскі “Кастрычнік.

Сюжэт фільма “Кастрычнік быццам створаны да такіх эксперыментаў: кантрастныя вобразы герояў карціны і яе сюжэтная лінія, а таксама тое, што “Кастрычнік адносіцца да так званага “нямога кіно, даюць шмат прасторы для фантазіі выканаўцы і эксперыментаў у постмадэрнісцкім накірунку. У той жа час, Андрэй падкрэслівае, што гэты канцэрт — не адраджэнне тапёрскай традыцыі ў кіно, а сапраўдны рок-канцэрт, драматургія якога абапіраецца на змест класікі савецкага кінаагітпрапу. Нягледзячы на значную частку гістарычных недакладнасцяў і прапагандысцкіх прыёмаў, звязаных з адлюстраваннем гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыяй, стужка Сяргея Эйзенштэйна поўная сімвалічных кадраў і сюррэалістычных сцэн, якія так і просяцца, каб іх “ажывілі сучаснымі музычнымі сродкамі.

У музыцы, якая гучала падчас дэманстрацыі “Кастрычніка, былі прадстаўлены ўрыўкі з дзвюх праграм гурта “ZARTIPO, аб’яднаных альбомамі “Overpsycho live і “Overpsycho ultra, з той толькі розніцай, што на канцэрце ў “Добрых мыслях былі выкарыстаны імправізацыйныя моманты, якія звязаны з імкненнем больш дакладна адлюстраваць змест мастацкіх сімвалаў стужкі Эйзенштэйна.

Трэба адзначыць, што канцэрт з дэманстрацыяй фільма “Кастрычнік С. Эйзенштэйна ў творчай біяграфіі А. Іванова і гурта “ZARTIPO не першы: паспяховая прэм’ера канцэрта на вялікім экране адбылася ў 2009 годзе ў кінатэатры “Перамога, дзе яна ўпершыню дэманстравалася. Працяг быў зроблены ў наступным годзе на Берлінскім на фестывалі TACHELES. Гэтым жа часам рок-канцэрт паводле “Кастрычніка быў адыграны на фэсце “несвоечасовага мастацтва “Дах-Жах у Мінску. І вось Андрэй Іваноў зноў прапанаваў свае музычныя навацыі на суд сталічных слухачоў, цяпер ужо для малога плазменнага экрана “TOSHIBA...

Вельмі ўразіла тое, што складаная рокавая кампазіцыя Андрэя Іванова была выканана ім аднаасобна, хоць у ёй гучалі партыі бубнаў, сінтэзатараў, секвенсараў. Але гэта не значыць, што “ZARTIPO — гэта гурт, які выконвае музыку пад фанаграму. Проста ідэю віртуальнага калектыву можна рэалізаваць толькі так: спачатку Андрэем запісваюцца партыі ўдарных інструментаў, накладваюцца электронныя клавішныя. І толькі потым, у час канцэрта, гэтыя музычныя кавалкі дапаўняюцца гітарнымі імправізацыямі.


У выніку музычная кампазіцыя паводле фільма “Кастрычнік была напоўнена незвычайнымі рытмамі і гукавымі фарбамі, якія былі характэрны для аванградных накірункаў сучаснага музычнага мастацтва. Уражвала разнастайнасць выканаўчай палітры, якую выкарыстоўваў Андрэй для стварэння музычных вобразаў карціны.

Так, напрыклад, каб паказаць хаатычнасць дзеянняў, а з імі маральную дэградацыю Часовага ўрада і яго кіраўніка А. Керанскага, падкрэсліць сарказм аўтарскіх адносін да гэтых антыгерояў рэвалюцыі, былі выкарыстаны сюррэалістычныя музычныя фарбы з арсеналу электроннай музыкі. Сцэны петраградскай гарадской рэчаіснасці (пустыя кварталы і металічныя канструкцыі развадных мастоў, якім у стужцы адводзілася шмат сімвалічнага месца) суправаджаліся тэмбрамі індустрыяльнага (industrial) рока. Своеасаблівы культурны шок чакаў гледачоў менавіта ў тым месцы прагляду, калі аўтары “Кастрычніка сродкамі новага кіно распавядалі пра “братанне салдат і матросаў рэвалюцыйнага Петраграда і ваякамі знакамітай у той час “дзікай дывізіі. Радасныя скокі прадстаўнікоў рэвалюцыйнага інтэрнацыяналу былі агучаны такім жа суправаджэннем у стылістыцы хардкор-панка: рытмічна нястрыманым, нават у нечым “бязбашаннымі. Такі настрой перадаваўся і гледачам, якія потым адзначылі гэты эпізод як адзін з самых запамінальных...

Калі фільм быў скончаны, гледачы некалькі хвілін стоячы віталі Андрэя Іванова і яго шматгадовую музычную дзейнасць, як музыканта-авангардыста. Пачаўшы сваю выканаўчую кар’еру ў гурце “Блізняты, запачаткаваўшы ў Беларусі такі складаны музычны напрамак, як арт-рок, Андрэй і цяпер застаецца верным свайму музычнаму крэда, з годнасцю прэзентуе на міжнароднай музычнай арэне авангардны рок Беларусі.
 

Каментаваць