HALMA MATER: «Мы для іх — апошні фарпост Еўропы»

«І як вам трактары «Беларус»?» — публіка з апошніх сілаў прыдумвала пытанні для пісьменніка Трыстана Х’юза. — «Супер. Яны героі гэтага тыдня: прыбраць столькі снегу! — адказваў Трыстан. — А ўвогуле, я вырас у Канадзе, а бацька мой — фермер, так што ані маразамі, ані агратэхнікай мяне не здзівіш».



«І як вам трактары «Беларус»?» — публіка з апошніх сілаў прыдумвала пытанні для пісьменніка Трыстана Х’юза. — «Супер. Яны героі гэтага тыдня: прыбраць столькі снегу! — адказваў Трыстан. — А ўвогуле, я вырас у Канадзе, а бацька мой — фермер, так што ані маразамі, ані агратэхнікай мяне не здзівіш».

Дзіўным у гэтай размове выпадковаму наведніку галерэі «Ў» магло падацца ўжо тое, адкуль у Мінску ў разгар суровай зімы наогул мог узяцца літаратар з Уэльсу. Гэта нечаканае з’яўленне адбылося дзякуючы еўрапейскай сетцы літаратурнага абмену Halma. Пра спецыфіку дзейнасці гэтай арганізацыі ў Беларусі Алесь Гінзбург гутарыць з Вольгай Гапеевай — дырэктаркай беларускай філіі Halma.

(На здымку: Дом перакладчыка ў Ty Newydd (Уэльс) — партнёр сеткі Halma)


 «Ніякага кантролю няма»

— З якога часу і якім чынам адбываецца «творчы абмен» паміж краінамі Еўрасаюза і Беларуссю?

— Са снежня 2008 года, калі на чарговай сесіі Halma выдавецтва «Логвінаў» прынялі ў арганізацыю, мы маем магчымасць прымаць пісьменнікаў на творчыя стыпендыі. Па-добраму, у нас павінен быць нейкі ўласны «домік творчасці», як амаль ва ўсіх сябраў аб’яднання, але пакуль не дазваляюць фінансавыя магчымасці — таму ў Мінску пісьменнікі жывуць на здымнай кватэры ў цэнтры. Прыязджаюць на месяц. Праграма дае магчымасць выбраць дзве краіны запар, і пісьменнікі гэтым ахвотна карыстаюцца. Заяўкі разглядаем не мы. Калі нехта абірае Беларусь, з намі звязваюцца каардынатары: «Ці можаце вы прыняць пісьменніка ў такі і такі час?» — «Канешне, можам!» Творца атрымлівае грошы на дарогу і жыццё ў сваіх фундатараў і прыязджае ў Мінск.

— І сядзіць і піша?

— Ну, гэта яго справа, чым ён тут будзе займацца, — ніякага кантролю няма: можна адпачываць, пісаць, займацца навуковымі доследамі… Многія пісьменнікі — людзі ў веку пасля трыццаці, таму іх звычайны план — «дапісаць раман» або «скончыць дысертацыю». Адзіны абавязак аўтара — літаратурная імпрэза ў краіне, якая прымае, чытанне дзвюма мовамі, адпаведна, мусіць быць зроблены пераклад вершаў ці прозы.

— Ці ездзяць беларускія пісьменнікі ў творчыя дамы Halma?

— Пакуль гэта даволі складана. У Halma ёсць фінансавы падзел паміж краінамі: адны дзяржавы самі ў стане аплачваць аўтарам вандроўку і выдаваць стыпендыі, а іншыя — не. Беларусь, як і прыбалтыйскія, скажам, краіны, — не ў стане. Сама Halma не выдае грошай — яна прапаноўвае цікавыя магчымасці кудысьці паехаць. Так што пры нашай дапамозе ў Еўропе могуць даведацца: так, мы існуём, і ў нас таксама ёсць цудоўная літаратура, — але стыпендыі беларусы павінны шукаць самі. Да таго ж, мы не можам удзельнічаць у большасці праграм Halma, паколькі Беларусь не ўваходзіць у Еўрасаюз.

— Якія патрабаванні высоўвае Halma да стыпендыятаў?

— Аддаюць перавагу тым, хто ўжо праявіў сябе ў літаратуры і мае пэўны патэнцыял: пісьменнік павінен мець прынамсі адну кнігу. Нікога не турбуе, якое выдавецтва прадстаўляе аўтар і ці ўваходзіць ён у нейкія творчыя саюзы. У некаторых выпадках аўтару неабходныя рэкамендацыі ад аўтарытэтных дзеячаў культуры на радзіме ці за мяжой. Творчасць апліканта, калі яна не па-нямецку ці па-англійску, павінна мець пераклад на адну з гэтых моваў, каб журы магло ацаніць яго ўзровень. І гэта яшчэ адна праблема сучасных беларускіх літаратараў на шляху да еўрапейскіх стыпендый: нас няма каму перакладаць. Мы, зразумела, можам перакласці сябе самі, чым і займаемся, але гэта моветон у перакладчыцкай традыцыі. Важна вырасціць пакаленне перакладчыкаў з беларускай на замежныя мовы, для якіх гэтыя мовы — родныя… У Еўропе неверагодная колькасць фінансавых праграм для літаратараў, стыпендыяты якіх могуць паехаць у творчыя дамы Halma. Прафесійны пісьменнік з пашпартам Еўрасаюза можа ўсё жыццё толькі і рабіць, што мяняць дамы творчасці.

Рональд, Анна, Трыстан

— Якія заходнія аўтары да нас ужо прыязджалі? Чаму яны абралі менавіта Беларусь і ці спраўдзіліся іх чаканні ад паездкі?

— На дадзены момант у нас было тры «візіцёры». Швейцарац Рональд Райхен прыязджаў у жніўні 2009 года. Гэта быў наш першы госць, і мы вельмі перажывалі, як усё пройдзе. Яго паездка была ўдалай: было лета, сонца, Рональд шмат з кім тут пазнаёміўся. Пасля ад’езду я спыталася пра яго ўражанні, ці не трэба нам нешта змяніць, палепшыць. Рональд адказаў захопленым лістом: «У мяне залатыя згадкі пра Беларусь!» Канешне ж, было прыемна пачуць такія словы. Прычына, па якой ён прыехаў, — Райхен ніколі не быў у гэтай частцы Еўропы. Творчая стыпендыя — выдатная нагода зрабіць такі ваяж, на які ён ніколі не адважыўся б самастойна, а Мінск — самая ўсходняя кропка сеткі Halma. Я так зразумела, мы для іх — апошні фарпост Еўропы перад ледзь не Сібір’ю.

Другая госця — Анна Кім, аўстрыйская пісьменніца карэйскага паходжання, піша па-нямецку. Ёй не надта пашанцавала з часам, бо была тут самай дэпрэсіўнай парой, у лістападзе-снежні 2009 года. Яе паездка была звязаная з творчасцю: першы раман Анны быў прысвечаны вайне ў Косава, другі яна будзе пісаць пра Ісландыю. Здаецца, яна паспрабавала праверыць, наколькі суровую зіму ў стане вытрымаць. Ну і, канешне, Беларусь цікавіла Анну як краіна з няпростым палітычным фонам.

Трэці пісьменнік — Трыстан Х’юз — валійска-канадскага паходжання, які гасціў у студзені 2010-га. Ён дапісваў тут свой чацвёрты раман. Яго чытанні ў межах «Літаратурнай кавярні», дарэчы, сабралі найбольш народу: магчыма, паўплывала большая пашыранасць у нас англійскай мовы. З Беларусі Трыстан паляцеў на выспу Радос на другую частку стыпендыі.

Навошта паэту грошы

— Сацыёлаг Алена Гапава, уражаная агучаным у прэсе невысокім памерам пенсіі народнага пісьменніка Рыгора Барадуліна, спыталася ў сваім блогу: «Якая пенсія мусіць быць у паэта?» І адзін малады хлопец, які піша вершы, ёй адказаў так: «Я думаю, гэта, па-першае, прыніжэнне, а па-другое, подласць — браць у грамадства грошы за тое, што ты паэт (…) Паэзія — твой асабісты выбар, і наўрад ці камусьці сапраўды патрэбны паэт, а вось сантэхнікі, пекары, прадаўцы патрэбныя. Ім і пенсія». Магчыма, паводле свайго службовага становішча ў Halma, ты кампетэнтная адказаць: навошта ўкладаць грошы ў людзей, якія пішуць?

— Гэта розніца ў менталітэтах (хоць я вельмі не люблю гэтага слова). Да таго ж, кніжны рынак у нашай краіне функцыянуе зусім іначай, чым на Захадзе. У нас і за мяжой сапраўды рознае стаўленне да таго, кім ёсць пісьменнік. Вельмі нямногія творцы ва ўсім свеце здольныя жыць са сваёй творчасці. У нас, калі ты працуеш выкладчыкам, журналістам, грамадства бачыць гэта і задаволенае: працуй, паэт, ты ж здольны сам сябе пракарміць! А літаратура лічыцца хобі, якім ты займаешся ў вольны час.

Інакш у Еўропе. Той жа Трыстан Х’юз мае вучоную ступень у літаратуразнаўстве, але ўжо доўгія гады не працуе выкладчыкам: гэта адцягвае яго ад творчасці, кажа ён. Яшчэ, відаць, прычына ў тым, што ў Еўропе ёсць рэзерв грошай, які можа быць выдаткаваны на ўтрыманне літаратуры. Да пісьменнікаў ставяцца як да аўтарытэтаў у публічных пытаннях, да іх прыслухоўваюцца. Ёсць разуменне: прагрэс літаратуры — гэта прагрэс грамадства ў цэлым. У нашых жа чыноўнікаў такога разумення няма.

Мінск прадстаўлены ў сетцы Halma як «Горад Сонца»


— Якім беларускія партнёры Halma бачаць свой будучы дом творчасці? Мне, прынамсі, з таго, што мы можам прапанаваць Еўропе экзатычнага, уяўляецца такі сабе «хутар на балоце»…

— Я разумею чаканне экзатычнага, якое маюць, едучы сюды, замежнікі. Але пісьменнікі розныя па натуры: адным лепш працаваць у бязлюднай вёсцы, другім — у шумным горадзе. Будуючы свой дом, усім не дагодзіш. Збудаваць такі дом у Мінску па фінансавых прычынах нерэальна. Таму аптымальны варыянт — дом непадалёк ад Мінска. Напрыклад, у Ракаве ці Заслаўі. Магчыма пацягнуць набыццё будынка ці сялібы ў 200 кіламетрах ад сталіцы, але гэта малаверагодна. Бо любы вясковы ідылічны дамок патрабуе давядзення да ладу: прыбіральня, душ, інтэрнэт, пісьмовы стол, ложак. Нават аскетычны варыянт вымагае гэтага джэнтльменскага набору. Паўстае вельмі шмат выключна побытавых, нятворчых пытанняў.

— Але я маю на ўвазе хутчэй гісторыка-культурнае значэнне такога «дамка творчасці». Соус, пад якім падаецца Мінск у каталозе Halma, — гэта «Горад Сонца» Артура Клінава. Якую яшчэ гісторыю, легенду ў ідэале можна было б прапанаваць пісьменнікам пра Беларусь або нейкі яе куточак?

— Гэта не наша мэта — прыдумляць легенды і шукаць нейкі цымус. Ты кажаш пра «хутар на балоце» — у эстонскіх партнёраў Halma прыкладна так і ёсць. Палескімі камарамі нікога не здзівіш. Няма сэнсу даваць нейкую адмысловую рэкламу, усё адно чалавек з-за мяжы вырашае ехаць у Беларусь па нейкіх сваіх, мала зразумелых нам прычынах. У якім менавіта асяроддзі яны будуць тут жыць — рэч для замежнікаў малаважная. Калі людзям наогул цікавая краіна, ім тут усё будзе цікава.

-------------------------------------------------------------------

Даведка:

Halma network — сетка літаратурных дамоў, якая на дадзены момант уключае ў сябе 26 інстытуцый. Само слова «хальма» абазначае гульню накшталт шашак. У нас вядомы яе варыянт пад назвай «вугалкі». Гульня была вынайдзена ў 1884 годзе ў ЗША, яе сэнс — у перамяшчэнні фішак на квадратнай дошцы са свайго кута ў кут суперніка. Прыкладна гэткім жа чынам працуе сетка Halma, мэта якой — «перамяшчэнне літаратуры», пісьменніцкі абмен у Еўропе дзеля таго, каб розныя творцы «адчулі на сабе разнастайнасць культураў». Пісьменнік, які прымаецца да ўдзелу ў праграмах абмену, можа выбраць два дамы творчасці па ўсёй Еўропе, у кожным з якіх мае права жыць і працаваць месяц. Halma пачыналася з саюзу ўсяго некалькіх творчых дамоў у Польшчы, Германіі, Аўстрыі. І толькі нядаўна атрымала сапраўды шырокую геаграфію. Беларускае выдавецтва «Логвінаў», якое падтрымлівае стыпендыяльныя праграмы ў Беларусі, — партнёр Halma са снежня 2008 года.

Паводле http://www.halma-network.eu

Каментаваць