Гарачыя. Дарагія. Твае.

Нарэшце, залаты медаль ёсць і ў Беларусі. Біятланістка Дар'я Домрачава выйграла гонку пераследу з 37-секундным адрывам ад канкурэнтак. Вялізныя медальныя надзеі беларусаў ўскладаюцца таксама на фрыстайлістаў.



Дар'я Домрачава, Тура Бергер, Тэя Грэгарын.Фота Reuters


Калі 1 снежня 2009 года аргкамітэт сочынскай Алімпіяды прадставіў лагатып Гульняў, ключавым элементам якога быў адрас афіцыйнага сайта спаборніцтваў, гэта здавалася нейкім іміджавым прарывам. Цяпер жа, праз чатыры гады, гэтая наватарская ідэя паспела састарэць, і цяпер больш актуальна глядзеўся б адпаведны хэштэг сацыяльных сетак.

Зрэшты, зазіраць у сацыяльныя сеткі да пачатку Гульняў было няпростым выпрабаваннем для тых, хто жадаў убачыць у Сочы лепшую зімовую Алімпіяду ў гісторыі. Мясцовыя жыхары сотнямі публікавалі фатаграфіі непадрыхтаванага горада, скардзіліся на драконавыя захады бяспекі і незаконныя звалкі смецця вакол алімпійскіх аб'ектаў. І калі ў Сочы за некалькі дзён да пачатку Алімпіяды прыехалі першыя журналісты, горшыя чаканні пачалі спраўджвацца.

"Калі хочаш нармальную Алімпіяду — трэба зрабіць яе самому. Таму сёння я ўпершыню ў жыцці памыў падлогу ў нумары гатэля", — піша ў твітэры каментатар расійскага тэлеканала “НТВ -Плюс” Павел Занозін . Яму пашанцавала больш, чым калегам з CNN, якія забраніраваўшы 11 нумароў за пяць месяцаў да Гульняў, па прыездзе выявілі недабудаваны гатэль.

Рэпутацыя ў Сочы да пачатку Гульняў і так была не на вышыні . У свеце наперабой абмяркоўвалі медалі, зробленыя ледзь не са скрадзеных каштоўных металаў, алімпійскія паходні якія падчас эстафеты агню згасалі некалькі дзясяткаў разоў і вар'яцкі, нават па афіцыйных дадзеных, каштарыс Алімпіяды. Слоган "Пяцьдзясят. Мільярдаў. Даляраў" на некаторы час стаў больш папулярным у інтэрнэце, чым афіцыйны "Гарачыя. Зімовыя. Твае".

Але галоўнай "фішкай" Алімпіяды для міжнароднай аўдыторыі стаў прыняты нядаўна закон аб забароне гей-прапагагды сярод падлеткаў. Праз яго на адкрыццё Алімпіяды адмовілася ехаць некалькі кіраўнікоў дзяржаў, а правы геяў і лесбіянак у Расіі ў алімпійскіх рэпартажах замежных журналістаў займалі больш месца, чым, уласна, трэніроўкі спартсменаў.

Мала якая Алімпіяда абыходзіцца без арганізацыйных праблем. Але ў гэты раз толькі лянівы пры кожнай памылцы або недапрацоўцы арганізатараў не згадваў велізарны кошт Гульняў, які перавысіў выдаткі на ўсе папярэднія зімовыя Алімпіяды.

Крыху супакоілі ўсіх спартсмены, якія прыляцелі ў Сочы. Яны прыязна адзначылі, што не сутыкнуліся з нейкімі арганізацыйнымі праблемамі і ім усё падабаецца. Нават перапоўнены ў першыя дні Алімпіяды аэрапорт даў рады з наплывам пасажыраў.

Аматары спорту нецярпліва чакалі адкрыцця Гульняў, каб усе  нарэшце пачалі казаць пра спорт, а не пра палітыку ці гатэльныя прыбіральні.

Адкрыццё выйшла сапраўды маштабным. Спецыяльна для цырымоніі быў пабудаваны стадыён на 40 тысяч месцаў, а геаграфічнае размяшчэнне горада ў субтропіках і плюсавая тэмпература на ўзбярэжжы дазволілі арганізатарам, не абмежаваным умовамі надвор'я, зрабіць шоў, якое можна параўнаць з найлепшымі цырымоніямі летніх Алімпіяд. Як потым высветлілася, прыкладна палова пастаноўшчыкаў цырымоніі — брытанцы, якія працавалі на Гульнях у Лондане, і харэографы Цырка дзю Салей.

Заваяванне мораў і заснаванне Санкт-Пецярбурга, балі XIX стагоддзя і вір Кастрычніцкай рэвалюцыі, авангард 1920-х і стылягі 1960 -х. Расія не страціла шанец нагадаць ўсяму свету пра сваю гісторыю, культуру і мастацтва, паказаць сябе са светлага боку. Няхай гэты светлы бок, паводле сцэнару, быў усяго толькі сном маленькай дзяўчынкі.

У цырымоніі не знайшлося месца ні Вялікай Айчыннай (кажуць, тэму вайны забараніў выкарыстоўваць Міжнародны алімпійскі камітэт ), ні гісторыі сучаснай Расіі. Затое ўсе звярнулі ўвагу на тэхнічную непаладку — у самым пачатку шоў, калі з пяці сняжынак над стадыёнам ўтвараліся алімпійскія колцы адна з іх так і не раскрылася. Гэта нераскрытая сняжынка ўжо стала новым своеасаблівым сімвалам гэтых Гульняў і чарговым падставай для з'едлівых жартаў.

Зрэшты, пагаворым пра спорт. Бо Алімпіяда — гэта ў першую чаргу гісторыя спартсменаў, а не арганізатараў. У медальным заліку лідзіруюць Нарвегия, Канада і Германия.

Зборная Расіі, нягледзячы на традыцыйныя амбіцыі, пакуль толькі ў дзясятцы. Заслугоўвае ўвагі выхад на лёд Яўгена Плюшчанкі, які вярнуўся ў спорт пасля доўгага перапынку і цяжкіх траўмаў, каб выступіць на сваёй чацвёртай Алімпіядзе, а таксама фенаменальны выступу15-гадовай Юліі Ліпніцкай, якую ўжо называюць лідэрам жаночага фігурнага катання на гады наперад.

Ёсць першы залаты медаль і ў нашых заходніх суседзяў. У скачках з трампліна яе выйграў ураджэнец Закапанэ Каміл Стох (Польшча). Яго поспех не дзіўны: паляк праводзіць у гэтым годзе выдатны сезон, а ў мінулым ён зрабіўся чэмпіёнам свету.

Звяртае на сябе ўвагу поспех у захапляльным мужчынскім спрынце легенды біятлону Оле-Эйнара Б'ёрндалена (Нарвегія). У свае 40 гадоў ён стаў сяміразовым алімпійскім чэмпіёнам. За пяць Алімпіяд, у якіх ён прымаў удзел, ён выйграў медалёў больш, чым усе беларусы ва ўсіх зімовых віду спорту разам узятыя.

Каментаваць