«ГараШ». Доктар АўтаХаўс з Шабаноў у Еўропе

У штаб-кватэры Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы і Еўрапарламента ў Страсбургу (Францыя), у праграме IV Сусветнага Дэмакратычнага Форума 21 лістапада адбылася еўрапейская прэм’ера ўжо досыць нашумелага фільму «ГараШ» беларускага сцэнарыста Андрэя Курэйчыка. Праект «ГараШ» — першы беларускі сіткам, жанр пазначаны як чорная камедыя. Наш гэтакі адказ галівудскім і расійскім серыялам. Карціна пра сучаснага беларуса, з яго бачаннем жыцця.



Паказ і абмеркаванне фільма былі арганізаваны ў рамках панельнай дыскусіі форума «Парадоксы самаідэнтыфікацыі жыхароў постсавецкай прасторы». На форуме прысутнічалі дэпутаты Еўрапарламента, палітыкі, журналісты, прадстаўнікі з больш чым 50 краін.

 

Рэжысёр і сцэнарыст фільму Андрэй Курэйчык падчас прэм'еры распавёў, што «ГараШ» — гэта эксперымент у галіне кіно, зняты камандай энтузіястаў у андэграўндных умовах, прычым з мінімальным бюджэтам. Фільм здымаўся за ўласныя грошы групы стваральнікаў фільму, без дзяржпадтрымкі ці дыктату прадзюсараў. Агульныя выдаткі на фільм склалі ўсяго 3850 долараў. Таксама Курэйчык патлумачыў назву фільма «ГараШ». Падзеі ў фільме разгортваюцца на ўскраіне Мінска ў мікрараёне Шабаны, таму і «Ш» на канцы. Рэжысёр распавёў, што гэты раён Мінска лічыцца самым дэпрэсіўным і савецкім. Гэта можна параўнаць з пазіцыяй Беларусі ў Еўропе — адчуванне аддалення.

 

Мадэратарам паказу выступіў дырэктар Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў Аляксандр Дабравольскі. Перад пачаткам паказу ён адзначыў, што Беларусь сёння спрабуе зразумець, чаго яна можа дасягнуць, ці хопіць рашучасці зладзіцца з праблемамі, якія замінаюць нашаму народу. А пасля прэзентацыі ён падкрэсліў, што фільм выклікаў велізарную цікавасць. Прагляд адбыўся пры поўнай зале, людзі часта апладзіравалі падчас прагляду.

 

Таксама Аляксандр Дабравольскі выказаўся, што «"Гараш" — гэта першы, яркі, прыкметны фільм пра беларусаў і пра тое, што цяпер робіцца ў Беларусі. Вельмі важна, каб у нас было сваё беларускае кіно».

 

Упершыню фільм быў прадэманстраваны ў рамках Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», і яго паказ адбыўся пры поўным аншлагу. Нават не хапіла месцаў для ўсіх жадаючых, у сувязі з чым дырэкцыя фестывалю абвясціла дадатковы сеанс. Верагодна, стваральнікі фільму і самі не чакалі гэтакага эфекту. Прагляд прайшоў пад бурныя апладысменты, а зала раз-пораз узрывалася смехам. Бо фільм выкрывае і закранае тыя праблемы, якія цалкам зразумелы сучаснаму беларусу. Гэта і непаразуменні паміж прадпрымальнікамі ды чыноўнікамі (хабарніцтва сярод якіх высмейваецца ў фільме), і не заўсёды зразумелыя ў народзе законы, якія ім навязваюць зверху. І на фоне гэтага ўсяго — звычайная народная выдумка і кемлівасць, як з усяго гэтага выблытвацца, ды яшчэ і з выгадай для сябе. Ды так, што часам, напэўна, сам Несцерка гэтакай кемлівасці пазайздросціў бы.

 

Падаецца, што Андрэй Курэйчык можа вакол сябе запаліць нават тое, што не гарыць. Яму атрымалася сабраць вакол сябе падобных да сябе гарачых і творчых людзей, якія гатовы працаваць толькі дзеля самой ідэі, дзеля мастацтва. Падчас здымак сцэнарый не раз змяняўся, прыдумляліся і новыя ідэі. Нават музыка да фільму (кампазітар Дзмітрый Фрыга), і тая тройчы перапісвалася са змяненнем канцэпцыі і патрабаванняў да фільму.

 

Уся каманда з энтузіязмам працавала над фільмам, з самай раніцы, да позняй ночы. Быў арганізаваны кастынг, абвешчана акцыя са зваротам да ўсіх ахвотнікаў дапамагчы. Адгукнуліся людзі, знайшліся і абсталяванне, і аўтамабілі для здымак. Таму атрымалася зняць фільм з мінімальнымі ўкладаннямі.

 

Андрэй Курэйчык зняў са сваёй камандай фільм менш чым 5 тысяч уласных долараў, усяго за рэкордныя 4 дні! Не выдаткаваўшы пры гэтым ні капейкі дзяржаўных грошай. Пры гэтым яго фільм сабраў поўныя залы. Нагадайце, калі ласка, якая іншая беларуская стужка за апошнія нават не гады, а дзесяцігоддзі, здолела зрабіць хоць нешта падобнае? Яму атрымалася зрабіць тое, што ўжо колькі часу не атрымліваецца зрабіць нашаму кіно нават пры добрай матэрыяльнай, тэхнічнай і іншай дзяржпадрымцы — не проста зняць цікавае кіно, а сабраць поўныя залы, і прымусіць пра яго казаць.

 

Ролю галоўнага героя выканаў вакаліст рок-гурта «Neuro Dubel» Аляксандр Кулінковіч, якога рэжысёр Андрэй Курэйчык абраў не выпадкова. Для фільма быў патрэбны герой не «саладзенькі», мара хатніх гаспадынь, а моцная асоба, сапраўдны брутальны беларус, здольны кінуць выклік любым акалічнасцям. Не меней яркім і харызматычным атрымаўся вобраз і напарніка галоўнага героя (ролю выканаў Юры Навумаў).

 

Упрыгожыла фільм маладая актрыса Лізавета Шукава, якая выканала ролю дачкі чыноўніка, які па іроніі лёсу правярае той гараж, і работнікі СТА вымушаны адкупляцца ад яго праверак. Па сюжэце гераіня становіцца кліенткай гаражу, прыязджаючы як раз, калі наш «амерыканец» (ролю выканаў Арцём Курэнь) прыходзіць уладкоўвацца на працу. А далей сюжэт бярэ кірунак у рамантычную лінію. «Зорка Венера ўзышла над зямлёю…». Ды толькі «Нішто не вечна пад месяца», а зорку дастаць не так і проста.

 

Эпатажна бліснула ў фільме ва ўсёй красе зорка беларускага кіно Эвеліна Сакура.

 

Паміж галоўнымі героямі стужкі ўвесь час адбываюцца смешныя і не вельмі сутычкі, з-за рознага светаўспрымання: з аднаго боку — постсавецкага, з іншага — заходняга.

 

«ГараШ» стаў унікальным беларускім кінапраектам. Фільм ствараўся камандай творчых аднадумцаў для таго, каб паказаць іншае беларускае кіно. Аўтары праекта паставілі перад сабой мэту даказаць, што пры жаданні можна зняць незалежнае некамерцыйнае кіно пра Беларусь нават без дзяржаўнай падтрымкі. І яны гэта здолелі даказаць уласным прыкладам.

 

Як выказаўся сам Андрэй Курэйчык: «"ГараШ" — гэта новая форма нацыянальнага беларускага кіно, ён створаны без дзяржаўных крыніц фінансавання, без расійскіх прадзюсараў, затое з выдатнай айчыннай камандай прафесіяналаў і для беларускага гледача. Гэта кіно не ідэалагічнае, не палітычнае, але па-добраму хуліганскае і эксперыментальнае. Яно пра нас — сучасных беларусаў».

 

Пасля прэм’ерных паказаў, якія ўжо адбылася, стваральнікі фільма мяркуюць прапанаваць гэту карціну для пракату па беларускіх тэлеканалах (у больш скарочаным варыянце), а таксама ў кінатэатрах нашай краіны. А калі знойдуцца грошы, то будзе працяг стужкі, і, магчыма, як і першапачаткова было задумана стваральнікамі стужкі — гэты праект перарасце ў паўнавартасны сіткам.

 

Фота аўтара з лістападаўскай прэм'еры і са здымачнай пляцоўкі

Абмеркаванне:

  • Владимир
  • 2015-11-26 00:43:41
Искренне рад, что белорусское кино выходит на новый уровень. И вправду, собрать полные залы давно никому не удавалось. Побольше бы таких молодых инициативных людей, как Курейчик, любящих своё дело, и
выкладывающихся по полной. Андрею хочется пожелать только успехов с его картиной, и хотелось бы видеть продолжение истории. Сам был на премьере, приобретя билеты за несколько дней, и жалею тех, кому
в день премьеры билетов не хватило. Атмосфера премьеры и сам фильм, и понравились и запомнились. Курейчику респект!

Каментаваць