Гаспадыня Дома рамёстваў

Валянціна Свірская — дырэктар Палянскага сельскага дома народнай творчасці і рамёстваў, народны майстар па саломапляценні, маці траіх дзяцей. Жыве і працуе ў вёсцы на Ашмяншчыне. Тут, на роднай зямлі, яна знайшла прымяненне сваім талентам, фантазіі. Адбылася як творчая асоба. І змагла згуртаваць вакол сябе людзей розных узростаў, але аднолькава неабыякавых да беларускай спадчыны.

 



Дырэктар Палянскага сельскага дома народнай творчасці і рамёстваў Валянціна Свірская


А пачалося ўсё ў 1997 годзе, калі маладой вясковай жанчыне прапанавалі ўзначаліць Палянскі сельскі клуб, які на той час лічыўся адным з самых адсталых у раёне.

Калі я ўбачыла, як ён выглядае, адразу захацелася штосьці змяніць, зрабіць гэты асяродак культуры больш прывабным. Каб людзі часцей заходзілі сюды і атрымоўвалі задавальненне, — успамінае Валянціна Свірская.

Вось з гэтага маленькага жадання нарадзілася, без перабольшання, вялікая справа. На дапамогу жанчыне прыйшла пляменніца Наталля Мась (настаўніца з Ліды), якая навучыла яе працаваць з саломкай. Да гэтага Валянціна Казіміраўна толькі вязала, дый тое ў падлеткавым узросце. Але ўжо ў хуткім часе пачала весці заняткі з дзецьмі ў гуртку «Умелыя ручкі». У асноўным рабілі аплікацыі з саломкі ды розныя рэчы з пап’е-машэ. Потым асвоілі і саломапляценне.

Вырабы з саломкі — аўтар Валянціна Свірская; «Зімовае дрэва»,  работа дачкі Валянціны Казіміраўны — Настассі

Агульнымі намаганнямі і з вялікім задавальненнем упрыгожылі сваімі работамі сцены клуба, стварылі майстэрню ў стылі «Беларускай хаткі». Да пошуку экспанатаў падключыліся і мясцовыя жыхары. Даставалі з куфраў дарагія сэрцу рэчы і неслі ў клуб. Каб людзі пазнаёмілася з іх майстэрствам, а пры жаданні самі навучыліся ткаць, вышываць...

Напрыклад, вядомая на Ашмяншчыне майстар па ткацтве Вера Афанасьеўна Саўчанка падаравала дыван, які вышывала крыжыкам пяць гадоў! І стала частым госцем у клубе.

Звычайна, пераступаючы парог, кажа: «Мне трэба паправіць здароўе», — расказвае Валянціна Свірская. — Заўсёды паглядзіць, што ў нас новага, падкажа, як лепш размясціць вырабы. Густу майстрыхі мы давяраем. Была ў нас і выстава яе работ. Некаторыя з іх яна падарыла нашаму Дому творчасці.

Маці Валянціны Казіміраўны, Феліцыя Казіміраўна, і свякроў, Гэнуэта Станіславаўна (цяпер яе ўжо няма ў жывых), аддалі «ў хатку» капу, ручнікі, якія самі калісьці выткалі.

У 2003 годзе Палянскі сельскі клуб атрымаў новы статус і стаў называцца «Палянскі дом народнай творчасці», а праз два гады ператварыўся ў «Палянскі дом народнай творчасці і рамёстваў». З гэтага часу тут пачалі працаваць ажно восем гурткоў. У шасці з іх дзеці знаёмяцца з народна-прыкладной творчасцю, у сёмым асвойваюць тэатральныя сакрэты (ёсць і свая «Батлейка»), а ў восьмым вучацца вакалу.

Як толькі прыйшла мода на бісер, дзеці, безумоўна, захацелі навучыцца бісерапляценню. Давялося Валянціне Казіміраўне засесці за літаратуру і па кніжках, самастойна, асвоіць яшчэ адно адмысловае рамяство. А аднойчы за кароткі час навучылася працаваць з салёным цестам, бо прыйшла дзяўчынка, якая вельмі захацела зляпіць з яго падарунак бабулі да 8 Сакавіка.

Чатыры гады таму ў Валянціны Казіміраўны з’явілася памочніца —  Валянціна Пакульневіч, якая вядзе заняткі ў гуртках «Кручок і фантазія», «Рукадзелле».

Работы юных майстроў і іх настаўнікаў пастаянна дэманструюцца падчас розных мерапрыемстваў раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, адзначаны шматлікімі граматамі і дыпломамі.

Не пустуе дом рамёстваў і падчас школьных канікулаў. Бывае, на заняткі прыходзяць і дзеці, якія прыехалі да бабуль у госці. Заходзяць і дарослыя — адпачыць душою, перамовіцца словам з аднавяскоўцамі, паглядзець, як іх дзеці і ўнукі асвойваюць старадаўнія і сучасныя рамёствы.

Ужо стала традыцыяй, што кожную восень работнікі культурных устаноў Ашмянскага раёна наведваюць сваіх калег. Гэты своеасаблівы абмен вопытам з’явіўся штуршком да таго, што тэрыторыя каля дома народнай творчасці ў Палянах, якая займае ладны кавалак зямлі, ператварылася ў чароўнае месца. Людзі прыходзяць сюды на экскурсію, фатаграфуюцца на памяць.

Тэрыторыя каля дома рамёстваў радуе і вока, і душу

Гледзячы на прыгожую, напоўненую энергіяй Валянціну Свірскую,  міжволі здзіўляешся, як яе на ўсё хапае. Работа, сям’я, уласная гаспадарка (трымаюць яшчэ і каня). Жыццё ж у вёсцы лёгкім не назавеш.

Без дапамогі аднадумцаў, сваіх вучняў, а таксама мужа, Міхаіла Генрыхавіча, не змагла б увасобіць у жыццё многія ідэі, — шчыра прызнаецца дырэктар дома рамёстваў. — Калі я на працы, то жыву толькі творчасцю, адпачываю ад гаспадарчых клопатаў. Бо тут я займаюся любімай справай, хаця і вельмі баляць пальцы ад саломы. Шчыра кажучы, не ўяўляю жыцця нашай вёскі без дома рамёстваў, тым больш, што пяць гадоў таму ў нас закрылі школу. Калі вёска страціць яшчэ і гэты асяродак культуры, то жыццё ў Палянах будзе зусім іншым.

Фота аўтара

Каментаваць