Гаспарэ Манас: партрэты буйным планам

Выстава пад такою назваю з 17 верасня працуе ў Мінску, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.



На здымку, прадстаўленым Музеям сучаснага выяшленчага мастацтва, Гаспарэ Манас са сваімі працамі


Як адзначае куратар праекту Вольга Кліп, у экспазіцыі дэманструюцца 50 жывапісных і графічных твораў выбітнага італьянскага жывапісца, графіка і скульптара Гаспарэ Манаса, які працуе на мяжы абстрактнага і фігуратыўнага накірункаў. Творы з прыватных калекцый і асабістага збору аўтара ствараліся мастаком цягам 25 гадоў ў Лондане, Венецыі і Парыжу, дзе творца жыве і працуе.

Настаўнікі Гаспарэ Манаса Сай Твомблі, Ансельм Кіфер і Люсьен Фройд сфармавалі моцную аснову для даследавання такіх канцэптаў, як людзі, час, прастора і месца, якія сталі галоўнымі ў мастацкім пошуку аўтара.

Манас шырока вядомы інтэрпрэтацыямі ўрбаністычнага свету, якія нараджаюцца падчас працяглых вандровак мастака з Азіі ў Еўропу праз Афрыку. У сваёй выставе Гаспарэ Манас упершыю збірае выключна партрэтныя выявы, якія распавядаюць асабістую гісторыю кожнага персанажу, не апісаную ні ў навуковых манаграфіях, ні ў энцыклапедыях — гісторыю, якая вядомая толькі блізкаму колу людзей. Усе выявы, напісаныя з натуры, распавядаюць пра мінулае кожнай асобы, адкрываюць новы погляд на жыццё і творчасць прызнаных геніяў мінулага стагоддзя.

Экспазіцыя ажыўляе ключавыя персаналіі свету мастацтва, музыкі, кіно і бізнэсу. Партрэты такіх мастакоў, як Люсьен Фройд, Фернанда Батэра, Дэміан Херст і Джэф Кунс суседнічаюць з лікамі музычных геніяў — Дэвіда Боуі і музыкаў групы Ролінг Стоунз, з выявамі дзеячоў кінематографу Квенціна Таранціна, Вудзі Алена і Леанарда Дзі Капрыё, а таксама з вобразамі сусветна вядомых бізнэсменаў, якія напрасткі ці ўскосна паспрыялі развіццю мастацтва другой паловы ХХ стагоддзя — Лі Ка-Шына, Лакшмі Міттала і Карласа Сліма.

Выстава — падзея ў культурным жыцці краіны, бо айчыннаму гледачу прадастаўляецца мажлівасць пабачыць партрэты людзей, якія змянілі свет і, паводле словаў аўтара, «валодаюць выключнай цікавасцю да жыцця і выключнай энергіяй».

Выстава працуе да 28 верасня.

Каментаваць