Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Хэдлайнерам «Камяніцы 2017» будзе Onuka

16 верасня пад Мінскам адбудзецца дзявяты фестываль «Камяніца». Хэдлайнерам фестывалю сёлета будзе украінскі гурт Onuka, які арганічна спалучае актуальную электроніку і традыцыйныя ўкраінскія інструменты. Кожны іх выступ – уражваючы спектакль з выбітным узаемадзеяннем музычных і візуальных элементаў.

Першы альбом гурта выйшаў у 2014 годзе і адразу апярэдзіў дыск «Океан Ельзи» у хіт-парадзе ўкраінскага iTunes. Другі міні-альбом «Vidlik», прысвечаны 30-годдзю Чарнобыльскай катастрофы, у 2016 годзе ўразіў усіх не менш за дэбют.

Міжнародную хвалю папулярнасці Onuka прынёс выступ у якасці гасцей фінала «Еўрабачання 2017» у Кіеве, пасля чаго запісы гурта апынуліся ў хіт-парадах iTunes у Вялікабрытаніі, Нямеччыне,  Польшчы, Нідэрландах, Даніі, Швецыі, Бельгіі, Францыі, Швейцарыі і Аўстраліі.

Пра гэты выступ напісаў нават брытанскі New Musical Express: «Яны перацягнулі на сябе коўдру знішчальным міксам традыцыйнага фолку, духавых і моцных тэхна-вайбаў. 12 балаў ад нас».

Onuka «Megamix» (Еўрабачанне 2017)

Фестываль адбудзецца на пляцоўцы Музею народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо (4 кіламетры за аўтарынкам «Малінаўка»). Усе грошы квіткоў ідуць на рахункі музея і скарыстоўваюцца для захавання ўнікальнай калекцыі беларускай драўлянай архітэктуры 18-20 стагоддзяў.

Арганізатары «Камяніцы» традыцыйна прымаюць заяўкі на ўдзел у кірмашы нацыянальнай культуры. Перавага надаецца найбольш арыгінальным праектам, якія працуюць у беларускім кантэксце. Заяўкі можна адпраўляць да 8 верасня на мэйл kamianica2003@gmail.com з апісаннем, прыкладамі і кантактамі.

Інфалінія: (029) 363 76 85, (017) 209‑41-63.

Паводле прэс-рэлізу

Каментаваць