Германія культурна ахіне Беларусь

Ад 15 верасня да 31 кастрычніка ў Беларусі традыцыйна пройдуць Тыдні Германіі. Мерапрыемствы адбудуцца не толькі ў Мінску, але і ў іншых рэгіёнах краіны. Размах «Тыдняў» сапраўды ўражвае. Пра гэта ў панядзелак распавялі ініцыятары і арганізатары імпрэзаў.


Тыдні Германіі ладзяцца Пасольствам ФРГ сумесна з германскімі культурніцкімі пасярэднікамі і арганізацыямі культуры ў Беларусі ў супрацоўніцтве з беларускімі партнёрамі.

Намеснік кіраўніка дыпламатычнай місіі Германіі ў Беларусі Аня Лютар нагадала, што сёлетнія Тыдні Германіі пройдуць ужо трынццатым разам. “Але сёлета мы маем яшчэ і адзін юбілей — у Брэсце гэтая падзея адбудзецца ўжо дзясяты раз”, — з задавальненнем канстатавала спадарыня віцэ-амбасадар.

Паводле яе словаў, сёлетняя праграма, як і папярэднія, надзвычай разнастайныя. Цягам шасці тыдняў беларусам прапануюцца кінапаказы і тэатральныя імпрэзы, канцэрты класічнай музыкі, джазу, року, паэтычны слэм, літаратурны калаж, аўтарскія чытанні, мастацкія выставы, майстар-класы і семінары ў адзінаццаці гарадах Беларусі. Апроч сталіцы, гэта Полацк, Віцебск, Орша, Маладэчна, Гродна, Баранавічы, Слуцк, Брэст, Пінск, Мазыр.  

Пачнуцца Тыдні Германіі а 18.30 15 верасня ў Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яханэса Раў Літаратурным калажам “Нянавісць — гэта недахоп фантазіі”, які складаецца з тэкстаў Алісы Герц-Зомэр, Георга Кафкі, Леа Штраўса, Ільзы Вебэр, Віктара Ульмана ды Паўля Арона Зандфорта. Гэты праект рэалізуецца пад патранажам былога федэральнага канцлера Германіі доктара Гельмута Коля і дарадцы фонда “Ахвярам Халакоста” прафесара Фелікса Кольмера.

Адным з галоўных арганізатараў і суарганізатараў імпрэзаў у рамках Тыдняў Германіі з’яўляецца Інстытут імя Гётэ ў Мінску. Яго дырэктар Франк Баўман звярнуў увагу на тыя мерапрыемствы, якія могуць выклікаць найбольшую цікавасць. Гэта і “Джазавы мост” — нямецка-беларускі канцэрт Леона Гурвіча (ён з тутэйшых, але ўжо шмат гадоў жыве ў Германіі) ды Лаў Ньюкірк, і спектакль “Місія” паводле Хайнера Мюлера ў выкананні аднаго з лепшых калектываў краіны — Гановерскага дзяржаўнага драматычнага тэатра, і імпрэза з удзелам нямецкага рок-музыкі, спевака і аўтара тэкстаў з Берліна Дэні Дзюка. “Той, хто не ведае нямецкай мовы, атрымае сапраўдную асалоду ад музыкі і выканання, а той, хто мову разумее, яшчэ і захопіцца тэкстамі Дэні”, — адзначыў Франк Баўман. Апроч таго, ён запрасіў усіх цікаўных кінааматараў на Тыдзень нямецкага кіно, які пройдзе ў кінатэатры “Перамога” 17–21 кастрычніка.  

У Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна 12 кастрычніка з нагоды выхаду ў свет зборніка дакументаў і матэр’ялаў “Трасцянец: трагедыя народаў Еўропы, памяць у Беларусі” адбудзецца вечарына “Барацьба за памяць: вывучэнне лагера смерці Трасцянец ад 1965 года да цяперашняга часу”.

Кіраўнік інфармацыйнага бюро Нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD) у Мінску Керсцін Мюлер паведаміла, што ў рамках тыдняў пройдзе практычны семінар для беларускіх студэнтаў юрыдычных спецыяльнасцяў з удзелам адмыслоўцаў з ФРГ, а таксама мерапрыемства для выкладчыкаў і кіраўнікоў беларускіх ВНУ па праблемах уваходжання вышэйшых навучальных установаў нашай краіны ў Балонскі працэс адукацыі.

Цягам шасці тыдняў у Беларусі адбудуцца дзясяткі самых розных мерапрыемстваў. Што да будучыні, то, як падкрэсліла Аня Лютар, арганізатары ў бліжэйшыя год-два пастараюцца зрабіць усё магчымае, каб Тыдні Германіі адбываліся ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Больш падрабязную інфармацыю пра тое, што будзе праходзіць ад 15 верасня да 31 кастрычніка, можна будзе атрымаць на інтэрнэт-старонцы абмасады ФРГ www.minsk.diplo.de

 

 



Каментаваць