Гэты вар’яцкі, вар’яцкі, вар’яцкі «Рускі мір» (відэа)

У Прэс-клубе Беларусі ў Мінску  9 верасня Юры Хашчавацкі прадставіў сваю апошнюю стужку «Гэта вар’яцкі, вар’яцкі, вар’яцкі «Рускі мір». Гэтая дакументальна-адукацыйная стужка, знятая ў 2017 годзе, з’яўляецца лагічным працягам «Лабатаміі», «Багоў сярпа і молата» і «Звычайнага прэзідэнта».
Юры Хашчавацкі, фота Радыё Свабода

Юры Хашчавацкі, фота Радыё Свабода

У карціне, пастаўленай дзякуючы падтрымцы грузінскіх калег, Хашчавацкі даследуе механізмы маскоўскай — расійскай — савецкай улады, якая паступова захапіла і трымала пад сваім кантролем закаўказскую дзяржаву. Механізмы гэтага кантролю выглядаюць надзіва знаёмымі і актуальнымі.

Спачатку нас чакаюць клопаты пра аднаверцаў і падпісанне дамоваў, потым разрыў дамоваў — і насаджэнне ўласнага кантролю. Царква і школа пераходзяць на рускую мову, старыя помнікі нявечацца і знішчаюцца, усе паўстанні бязлітасна душацца. Нарэшце, надыходзіць час, калі з кулямётаў расстрэльваюць інтэлігенцыю, а мясцовая эліта замяняецца паслухмянымі каланіяльнымі адміністратарамі.

Нямногія ў Беларусі ведаюць гісторыю Грузіі, але паказаныя ў фільме падзеі тычацца не толькі гэтай краіны. Грузія, Украіна, Беларусь, нарэшце, сама Расія — механізмы імперскай улады паўсюль бязлітасныя да народу.
Расійскі гісторык Юры Афанасьеў, запісаны незадоўга да смерці, тлумачыць, што, калі ў Заходняй Еўропе была ўласнасць на зямлю, то ў Расіі — уласнасць на людзей. Людзі былі маёмасцю: без гарантаваных правоў, без усялякай сталай і неадчужальнай уласнасці.

Паказаны ў фільме «Рускі мір» — гэта вайна за тое, каб людзі, краіны і тэрыторыі ганарыліся, што з’яўляюцца ўсяго толькі маёмасцю маскоўскіх цароў. Маёмасцю, пазбаўленай усялякіх правоў, нават правоў на ўласнае жыццё — і правоў на імя пасля смерці. Замест адмовы ад уласнай свабоды халопам гарантуецца ап’яненне ад тэрытарыяльнай велічы і асалода ад імперскага штыка.

Запытаны пра тое, як пазбегнуць такога, Юры Хашчавацкі адказаў: «Асвета». Трэба развіваць адукацыю, мову, культуру, паэзію. Трэба клапаціцца пра спадчыну — і глядзець у прышлае. «Трэба думаць ужо не толькі пра заўтра, але і пра паслязаўтра», — сказаў Хашчавацкі.

Сваю апошнюю стужку рэжысёр таксама разглядае, як адукацыйную. Ён выставіў яе на YouTube, каб яна была даступнай для кожнага.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Тутэйшы.
  • 2018-09-10 21:05:17
Дзякуючы рэжысёру людзі даведваюцца праўду аб вайне РФ з Грузіей.Вельмі добра,што ўсе гэта выстаўлена на агульны прагляд.

Каментаваць