Гістарычны музей адкрывае выставу пра фальшываманецтва

У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі распачынае працу адкрываецца выстава "Зладзейскія грошы", або Гісторыя фальшываманецтва". Выстава адкрываецца 17 мая ў 17.00. Запрашаем!



Гісторыя фальшываманецтва налічвае амаль столькі ж гадоў, колькі і гісторыя ўласна грошай. Імкненне да незаконнага ўзбагачэння шляхам падробкі легальных плацежных сродкаў фіксуецца практычна ва ўсіх кутках свету і ва ўсе гістарычныя перыяды. Не абмінула гэтая з’ява і тэрыторыю Беларусі.

У апошнія стагоддзі, з развіццём нумізматычнага калекцыянавання, у вытворчасці несапраўдных грошай з’явілася новае адгалінаванне выпуск так званых антыкварных падробак, якія вырабляюцца для рэалізацыі калекцыянерам, а не для грашовага абарачэння, — расказалі ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Па словах арганізатараў выставы, тут будуць адлюстравана не толькі фальшываманецтва як злачынства, але і псаванне грошай на дзяржаўным узроўні, стварэнне антыкварных падробак.

Экспазіцыя ўключае фальшывыя манеты і банкноты, дакументальныя вытрымкі пра найбольш вядомыя справы фальшываманетчыкаў, інструменты для падробкі манет і банкнотаў, антыкварныя падробкі. З мэтай параўнання большая частка падробак размешчана поруч з арыгіналамі.

Вялікая ўвага на часовай экспазіцыі надаецца тэме крымінальнай адказнасці за фальшываманецтва ў розныя перыяды гісторыі ад Сярэднявечча да сучаснасці.

Выстава падрыхтавана сумесна з Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь і гістарычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яна будзе працаваць да 11 ліпеня.

Дар'я Спевак, zviazda.by

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць