Гісторыку Леаніду Лычу — 85. Віншуем!

Каб павіншаваць беларускага навукоўца і грамадскага дзеяча, доктара гістарычных навук, прафесара Леаніда Лыча з 85-годдзем, 12 лютага ў акадэмічнай бібліятэцы імя Якуба Коласа сабраліся ягоныя родныя, калегі і сябры.

 



Леанід Лыч на сваёй святочнай вечарыне


Вядомы беларускі мастак Алесь Цыркуноў падараваў гісторыку ягоны партрэт, а пляменніца навукоўца, выкладчыца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Таццяна Цыбульская праспявала неўміручую песню Сямёна Рака-Міхайлоўскага на верш Максіма Багдановіча «Зорка Венера», а таксама старадаўнюю беларускую народную песню «Чабарок».

Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі Леаніду Лычу свае падарункі — кніжную выставу «У гісторыі шукаць будучае» і буклеты са спісам асноўных прац навукоўца, артыкулаў гісторыка, а таксама літаратуры аб ягоных жыцці і дзейнасці.

Леанід Лыч падзяліўся сваімі ўспамінамі пра жыццё, адзначыў прыгажосць сваёй роднай вёскі Магільнае, што на Уздзеншчыне ў Мінскай вобласці, дзе ў 1930-я гады гаворка была цалкам беларуская, а святочныя строі сялян — спрэс бел-чырвона-белымі. Глыбока і пранікнёна спадар Леанід гаварыў пра працу земляроба, пра родную зямлю і мову, пра трагедыю вайны і паваеннай русіфікацыі беларусаў.

І нават служба ў падраздзяленні Міністэрства ўнутраных спраў, якое ахоўвала палітвязняў Азёрлагу (адна з частак ГУЛАГу каля Тайшэту ў Іркуцкай вобласці Расіі), не зламала гэтага годнага і высакароднага беларуса.

Ён не пісаў рапарты аб звальненні, не спіўся і не скончыў жыццё самагубствам, як некаторыя з саслужыўцаў. Размовы з адукаванымі, выхаванымі і інтэлігентнымі землякамі — вязнямі сібірскіх лагераў — дазволілі маладому беларусу спазнаць свет і навучылі яго глыбокай павазе да ўсяго нацыянальнага.

Падчас службы ён папаўняў свае веды пра палітычную сітуацыю ў краіне ў гады масавых рэпрэсій эпохі сталінізму, а пасля вяртання ў родную Беларусь прысвяціў сваё жыццё даследаванню яе трагічнага і слаўнага мінулага, у тым ліку гісторыі беларускага нацыянальнага адраджэння.

Нагадаем, што Леанід Лыч нарадзіўся 8 лютага 1929 года. З 1962 году працуе ў Інстытуце гісторыі НАН, даследуе пытанні сацыяльна-класавых адносін у савецкі час, гісторыю беларускай культуры, моўную палітыку ў Беларусі ў XIX–XX стагоддзях, а таксама міжнацыянальныя адносіны на Беларусі ў XX стагоддзі. Адзін з аўтараў «Гісторыі Мінска» (1967), «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 5, 1975), «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (т. 4, 1987), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995). У 1992–1996 гадах узначальваў Тапанімічную камісію пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Вядомы сваёй вострай публіцыстыкай у незалежнай прэсе па пытаннях нацыянальнай культуры і моўнай палітыкі на Беларусі.

Рэдакцыя НЧ віншуе Леаніда Лыча з 85-годдзем і жадае яму новых поспехаў у працы па вывучэнні роднай гісторыі, а таксама моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Каментаваць