Гедройц: шэсць найлепшых празаікаў 2012 года

11 лютага ў Амбасадзе Польшчы ў Беларусі абвесцілі шорт-ліст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Фіналістамі сталі: Сяргей Балахонаў, Альгерд Бахарэвіч, Адам Глобус, Уладзімір Някляеў, Людміла Рублеўская, Юры Станкевіч.



"Мне прыемна адзначыць што прэмія набірае прэстыжу і спрыяе папулярызацыі беларускай прозы, — заявіў падчас прэс-канферэнцыі Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Лешак Шарэпка. — Было даслана значна больш твораў, чым у 2011 годзе. Мы разлічваем, што прэмія стане важным пунктам у календары культурных падзей Беларусі".  Лешак Шарэпка падкрэсліў што, нягледзячы на мінулагодні дыпламатычны скандал, які прыпаў акурат на ўручэнне прэміі 3 сакавіка 2012 года, яна па-ранейшаму носіць непалітычны характар."Для нас галоўнае — мастацкая вартасць твораў. Няхай пераможа самая цікавая кніга, адметная мастацкімі якасцямі". 
 
 
Спонсар прэміі — па-ранейшаму "Сомбелбанк", які ў 2013 годзе памяняў назву на "Ідэябанк". 
 
Сакратар прэміі Павел Анціпаў паведаміў,  што ўсяго на суд журы было даслана 43 кнігі,  ўдвая больш, чым летась: "У снежні назіраўся ажыятаж, шмат пісьменнікаў падавалі свае кнігі менавіта ў апошнія дні. Я мяркую, прэмія паўплывала на гэта". У камітэце журы — 10 чалавек: ганаровыя сябры — амбасадар Лешак Шарэпка, радца-пасланнік Пётр Казакевіч, польскі перакладчыкі Адам Паморскі і Малгажата Бухалік, — а таксама беларускія літаратары Ганна Кісліцына, Андрэй Хадановіч, Павел Касцюкевіч, Барыс Пятровіч, Уладзімір Арлоў і Валянцін Акудовіч
 
Старшыня СБП Барыс Пятровіч расказаў аб працы журы: "Прэмія адбылася. Яна стала агульнабеларускай і аб'ядноўчай. Вы можаце меркаваць гэта па лонглісце і шорт-лісце. Туды трапілі, людзі, якія прадстаўляюць розныя саюзы, і тыя, хто не ўваходзіць ні ў якія арганізацыі. Журы было пастаўленае ў няпростыя ўмовы. Было шмат вартых кніжак. І пры ўсім пры тым, большасьць сяброў журы былі шакаваныя і агаломшаныя вынікамі. У кожнага была свая нечаканая "шасцёрка".
 
 
На завяршэнне прамовы Барыс Пятровіч выказаў жаданне, каб розных літаратурных прэміяў у Беларусі было як мага болей.
 
 
Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Андрэй Хадановіч падзячыў усім, хто актыўна выказваецца наконт прэміі Гедройца ў інтэрнэце: "Гэта значыць прэмія жывая". Апісаў ён і кур'ёз, звязаны з перадвыбарчай гонкай літаратараў у празе атрымаць узнагароду: "Адзін з маладых паэтаў, выдаўшы кнігу, назваў свае вершы прозай".
 
 
Каментуючы вынікі галасавання, Хадановіч зазначыў: "Прэмія існуе не для таго, каб задаволіць густы кагосьці з сябраў журы. Гэта — сума ўпадабанняў".
 
Як і ў мінулым годзе, абяцана, што найлепшыя беларускія кнігі будуць выдадзеныя ў Польшчы.
 
 

 

Шорт-ліст прэміі "Гедройца" (у алфавітным парадку):

  1. Сяргей Балахонаў. Зямля пад крыламі Фенікса. Мінск: Логвінаў (серыя "Галерэя Б"). 2012.
  2. Альгерд Бахарэвіч. Гамбургскі рахунак Бахарэвіча. Мінск: Логвінаў / Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода. 2012.
  3. Адам Глобус. Сказы. Мінск. Харвест.
  4. Уладзімір Някляеў. Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без. Мінск: Паперус. 2012.
  5. Людміла Рублеўская. Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега. Мінск: Рэдакцыя газеты "Звязда". 2012.
  6. Юры Станкевіч. Шал. Мінск: Галіяфы ("Другі фронт мастацтваў"). 2012

.

Абмеркаванне:

  • Паўловіч
  • 2013-02-11 23:56:39
"Старшыня СБП Барыс Пятровіч расказаў пра пацу журы..." - Ага, і пра пацу, і пра вацу :)

Думаю, высокую прэмію дастане Ул. Някляеў - так бы мовіць, у якасці кампенсацыі за неатрыманую Нобелеўскую.

Каментаваць