Генадзь Драздоў: У абароне беларушчыны — сэнс жыцця і творчасці мастака

Калі позна вечарам 23 снежня ў Мінску завяршыў сваю працу XXI з’езд Беларускага саюзу мастакоў, ягоныя 250 дэлегатаў былі настолькі змораныя, што амаль не ўдзельнічалі ў абмеркаванні зменаў у статут творчага аб’яднання.



Генадзь Драздоў у сваёй майстэрні


Трэба адзначыць, што напярэдадні з’езду 19 снежня было сарванае пасяджэнне рады БСМ – сябры яго трох з 14 структураў саюзу (жывапісу, скульптуры і дэкаратыўнага мастацтва) патрабавалі змяніць зацверджаную раней квоту вылучэння дэлегатаў. Незадаволеныя мастакі адмовіліся выканаць прапанову старшыні аб’яднання Уладзіміра Савіча пакінуць залу пасяджэнняў, бо патрабавалі, каб іх калегі па секцыях, не абраныя дэпутатамі з’езду, маглі не толькі прысутнічаць на ім, але і ўдзельнічаць у галасаванні, што супярэчыць статуту саюза. Гэтае процістаянне працягвалася і пасля адкрыцця з’езду, які з-за бурных спрэчак тры гадзіны (!!!) не мог распачаць працу. І толькі а 13-й гадзіне, калі эмоцыі былі выплюхнутыя, дэлегаты ўрэшце пачулі адзін аднаго…
 
 
Увогуле, увесь запал спрэчак на пасяджэнні звёўся да барацьбы за пасаду старшыні – каб на ёй апынуўся чалавек, найбольш блізкі мастакам па сваім якасцям. А паколькі ў кожнага з творцаў – суб’ектыўныя ўяўленні пра чалавечыя каштоўнасці, дык кандыдатамі на пасаду старшыні творчага аб’яднання былі вылучаныя графік Рыгор Сітніца, скульптары Генадзь Буралкін і Уладзімір Слабодчыкаў, жывапісец Мікола Бушчык і манументаліст Алесь Суша. Аднак Мікола Бушчык сваю кандыдатуру зняў.
 
 
Новым старшынём саюзу абраны вядомы беларускі графік і паэт Рыгор Сітніца (набраў больш за 130 галасоў).
 
 
На жаль, дэлегаты з’езду так і не выйшлі за межы абмярковання ўнутраных пытанняў дзейнасці творчага аб’яднання і не імкнуліся да гаворкі пра месца і ролю мастака ў вырашэнні наспелых агульнаграмадскіх праблем.
 
 
Адзіным, хто закрануў іх, стаў старшыня суполкі “Пагоня” БСМ Генадзь Драздоў. Ён выступіў супраць сямейнай кланавасці, празмернай цэнтралізацыі, бескантрольнасці і непразрыстасці дзейнасці дзяржаўных структур, у тым ліку і Міністэрства культуры. Мастак прапанаваў удасканаліць дзейнасць кіраўніцтва БСМ, каб пазбавіцца неаб’ектыўнасці і непразрыстаці пры размеркаванні заказаў на мастацкую творчасць. Прычым, як падкрэсліў старшыня “Пагоні”, прыкладна 80 адсоткаў мастакоў увогуле ніколі не мелі аніякіх заказаў. Генадзь Драздоў звярнуў увагу на неабходнасць дэмакратызацыі саюзу, на праблемы выжывання беларускай нацыянальнай культуры, у тым ліку на наступ русіфікацыі, скарачэнне беларускамоўных школ і класаў, спробу зніжэння статусу сталічнага Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, разбурэнне шэрагу помнікаў культуры, у тым ліку Першай Мінскай электрастанцыі і склаўшагася архітэктурнага ансамблю ў цэнтры сталіцы.
 
 
На думку спадара Генадзя, менавіта ў абароне беларушчыны айчынную мастакі могуць найбольш яскрава раскрыць свае мастацкую і грамадзянскую пазіцыі.
 
 
Старшыня суполкі прапанаваў новаму кіраўніцтву саюза размяркоўваць паступаючыя ад дзяржавы заказы і прапановы на закупкі мастацкіх твораў з удзелам кіраўнікоў усіх 14 секцый і суполак БСМ; прадаставіць гэтым структурам аб’яднання самастойнасць у размеркаванні сродкаў, што вылучаюцца на падрыхтоўку выстаў; аплочваць працу кіраўнікоў секцый і суполак; прадастаўляць бонусы для правядзення дадатковых выстаў тым структурам саюза, якія не маюць запазычанасцяў на працягу дзвух-трох гадоў; замест не адэкватнай часу сістэмы дзяржаўных узнагарод у галіне літаратуры і мастацтва захаваць адну Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь і зацвердзіць медаль Фердынанда Рушчыца для ўшанавання заслужаных мастакоў; увесці ў праграмы Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі спецыяльныя беларускамоўныя перадачы пра творчасць айчынных мастакоў.
 
 
Генадзь Драздоў заклікаў творчую інтэлігенцыю “быць пракладам дэмакратычнасці, празрыстасці і павагі да нашых законаў, а таксама да адказнасці і мудрасці дзеля захавання Беларускага саюзу мастакоў”.

Каментаваць