Героі Рэфармацыі

Гістарычнае шоў-падарожжа да Дня Рэфармацыі адбылося 30 кастрычніка ў Моладзевым тэатры эстрады. Свята пачало адзначацца з 2001 года з ініцыятывы евангельскіх супольнасцяў у Мінску. Сёлета гісторыка-літаратурная рэтраспектыва ахапіла пяць апошніх стагоддзяў еўрапейскага развіцця.



Выразныя касцюмы, адмысловыя постаці герояў, пранікнёныя дыялогі на роднай мове стварылі асабліва ўзнёслую атмасферу свята. Вядучы спектаклю запрасіў публіку паразважаць над прычынамі росквіту Беларусі ў ХVI стагоддзі, над пазнейшай стратай народам веры і тоеснасці.



Дзеянне пачынаецца 31 кастрычніка 1517 года ў Вітэнбергу з абвяшчэння 95 тэзісаў Марціна Лютэра супраць індульгенцый. Пропаведзь Лютэра ўскалыхнула Нямеччыну, Швейцарыю і іншыя краіны. Жывая, непасрэдная вера падштурхоўвала развіццё адукацыі, паляпшэнне гаспадарчай дзейнасці, спрыяла эканамічнаму росквіту.

Князь Мікалай Радзівіл Чорны вызнае перад усім народам сваю веру і запрашае на баль з нагоды пераменаў, што адбыліся ў яго жыцці. Ваявода Віленскі выдаткаваў гадавы прыбытак ад сваіх уладанняў на распаўсюджанне Евангелля. Па яго шляху пойдуць Станіслаў Пац, Васіль Тышкевіч, Габрыэль Гарнастай і іншыя прадстаўнікі шляхты ВКЛ. Францішак Скарына ў чырвоным строі са сцэны разважае са сваім паплечнікам, як бы ён хацеў лекаваць душы чалавечыя ад роспачы, страху і адчаю з дапамогай Слова Божага.

Дзеянне пераносіцца ў XVII стагоддзе у Англію. Рэфармацыйны рух стаў крыніцай развіцця Англіі, Нямеччыны, Швейцарыі. Пасля перакладу Бібліі на нацыянальныя мовы расквітнела літаратура, сфармаваліся літаратурныя гурткі, да якіх належалі Джон Мільтан, пазней Клайв Льюіс, Даніэль Дэфо. Сын пратэстанцкага пастара Джэймса Фо атрымаў выдатную духоўную адукацыю і адбыўся як выбітны журналіст і прапаведнік у літаратуры.



Акцёры згадваюць пра падарожжа Рабінзона Круза, які літасцю Усявышняга Провіду быў пакінуты жывым, калі яго каманда загінула ў бурным моры. Ён прыходзіць да пакаяння і ўладкавання новага жыцця. Дарэчы, у іншых кнігах герой Даніэля Дэфо падарожнічаў праз Атлантыку да берагоў Канады, Амерыкі, наведваў Расію.

XVII стагоддзе ў спектаклі прадстаўлена праз аповед пра вялікага кампазітара Ёгана Себасцьяна Баха, выхаванага ў лютэранскай традыцыі. Яго творчасць была кульмінацыйным дасягненнем у музыцы тых часоў. Ён напісаў больш за 1000 твораў. Віртуозны майстра арганнай і клавесіннай музыкі падпісваў свае лісты з нотамі: «Аднаму Богу слава». На сцэне — сям’я Бахаў з дзецьмі, якія ганарацца тым, што іх бацька пераўзышоў віртуоза Луі Маршана і стаў найлепшым кампазітарам і арганістам Саксоніі.

Нечакана для гледача XIX стагоддзе паўстае у спектаклі ў аповедзе пра жыццё і дзейнасць прадстаўніка англійскага парламента Уільяма Уілберфорса. Высакародны лорд усвядоміў каштоўнасць кожнага жыцця ў вачах Божых. Ён праславіўся прамовай у парламенце за адмену гандлю рабамі, прысвяціў гэтаму ўсё сваё далейшае жыццё і ўрэшце перамог. Забарона гандлю рабамі была зацверджана ў Брытаніі ў 1833 годзе, раней за адмену рабства ў ЗША.

У межах гэтага сюжэту ў спектаклі брала ўдзел музычная група цемнаскурых выканаўцаў з Нігерыі «Heirs of Christ». Вось што распавёў яе лідар Гедэон Нвачукаў: «Наш гурт запрасілі прадстаўнікі мінскай евангельскай царквы. Мы з сябрамі вучымся ў Гродне ў Медыцынскім універсітэце цягам шасці гадоў. Мы наведваем царкву і спяваем. Дома ў Нігерыі ў мяне засталіся бацькі, тры браты і дзве сястры, тата з’яўляецца пастарам, мама яму дапамагае».

Гурт цудоўна ўпісаўся ў кантэкст пастаноўкі. Афрыканскія сябры выканалі папулярную песню «Цудоўная Ласка», напісаную ў XIX стагоддзі.

З асобаў ХХ стагоддзя быў прадстаўлены беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, перакладчык духоўных тэкстаў Лукаш Дзекуць-Малей. Ён актыўна распаўсюджваў Добрую Вестку на Палессі, прапаведаваў у Брэсце, Гродне, працаваў з насельніцтвам вёсак. Рэшту жыцця правёў у Гданьску, дзе ў яго гонар назвалі вуліцу. Кожны з персанажаў пераконвае вынікамі свайго жыцця, служэння Богу і людзям.

Пастаноўка з мэтай зрабіць веру сучаснікаў больш дзейснай аб’яднала некалькі дзесяткаў розных выканаўцаў. Сцэнар для яе падрыхтавалі Наталля Бачышча, Алена Сітнік і Дар’я Шэйн.

У спектаклі задзейнічаны акцёры Рэспубліканскага тэатра Беларускай драматургіі. Ролю Мікалая Радзівіла Чорнага выканаў спявак Зміцер Козел, які раней браў удзел у падобным мерапрыемстве разам з групай «Тэзаўрус». У Адама Міцкевіча пераўвасобіўся артыст Максім Брагінец, ролю беларускага прапаведніка ХХ стагоддзя Лукаша Дзекуця-Малея выканаў Зміцер Хведарук. З захапленнем і непасрэднасцю выконвалі свае ролі юныя артысты: Варвара і Мацвей Філіпавы, Адам Бокун, Яна Беленькая і іншыя.

Сола на флейце выканала Наталля Мурзіна з Рэспубліканскага музычнага каледжа.

Завяршыў шоў-вандроўку спевамі з праслаўленнем Айца Нябеснага і светлавымі эфектамі хрысціянскі гурт «Эдэм».

«Беларусы мусяць звяртацца да сваіх традыцыяў, да сваёй гісторыі, да ўсяго самага найлепшага, што ў іх было, пераасэнсоўваць гістарычныя чыннікі, якія прыводзілі не толькі да падзення, але і да ўзлётаў. Глыбінным сэнсам Рэфармацыі быў прыход да жывой хрысціянскай веры, — адзначыў намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі. — Эканоміку робяць людзі з іх унутранымі пачуццямі і натхненнем. Гісторыя паказвае, што краіны, якія сталі на шлях Рэфармацыі, хаця і не былі вельмі развітыя, потым апярэдзілі іншыя дзяржавы ў эканамічным плане. Сённяшняе свята ў карцінах, спевах і чытаннях штрыхамі паказвае гледачам прычыны тых поспехаў».
 

Каментаваць