Глобус роспачы. Шлях прыгодаў без аглядкі

Лета — час, калі палова беларусаў едзе на лецішча, другая палова — у вёску, а ўсе астатнія, не скаваныя неабходнасцю баранаваць радзіме бульбяныя разоры, задумваюцца, куды б зваліць, каб родныя не рэкрутавалі на лецішча.
 

І год Божы 2016-ы выдаўся надта ж своеасаблівым для гэтых трэціх. Ніколі дагэтуль у выраі не было настолькі неспакойна. Большасць традыцыйных парадзізаў, куды у сезон адпачынкаў зляталі беларусы, цяпер, у дадатак да мора і пясочку, прапануюць свідруючае пачуццё неспакою.

Егіпет — цудоўнае месцейка з найлепшым у свеце дайвінгам, дзе пад вадой ля рыфаў паказваюць фільмы Жака Іва Кусто. Тут можна загараць нават у лютым, пра кальянныя і гарбатні Хургады, пра джып-сафары праз пустыню, пра сустрэчу світанкаў у бедуінскіх селішчах я не буду нават згадваць, каб не вярэдзіць сабе і вам уяўленне. Дык вось, у большасці гатэляў гэтай краіны нумары цяпер здаюцца за 20 адсоткаў ад сваёй былой цаны. Робіцца гэта не праз дабрачыннасць гатэльераў, а праз глыбокі крызіс, у якім знаходзяцца аб’екты турыстычнай інфраструктуры тут. Пасля таго як загінуў расійскі А321, што ішоў з Шарм-эль-Шэйху ў Пецярбург, і асабліва пасля таго, як адказнасць за тое ўзялі баевікі ІДІЛа, Егіпет канчаткова страціў сваю рэпутацыю бяспечнага месца.

Страх і спакой — рэчы несумяшчальныя.

Акрамя таго, Расія ўлезла ў вайну ў Сірыі, і стаўленне да нас, беларусаў, на ўсім Блізкім Усходзе зрабілася вельмі неадназначнымі.

Бо, ведаеце, гэта ў Мінску мы адрозныя ад рускіх. Гэта ў Мінску не трэба тлумачыць, што мы — не пра Маскву і не пра Пуціна, мы — адметныя, з уласнай мовай ды Узброенымі сіламі. А для наведнікаў шыша-бара ў трушчобах Луксора мы — рускія. Яны нас ідэнтыфікуюць беспамылкова: па нашых саколках, па колеры вачэй і — галоўнае — па напружаным выразе на тварах, па нашым «р», якое ў англійскай мове ну ніяк не схаваць. Раней гэта прыводзіла толькі да таго, што крамнікі і кухары адразу звярталіся «брат» і запрашалі «прахадзіць» унутр. Але цяпер нас прымаюць за тых, хто парушыў крохкі баланс сілаў паміж краінамі паўмесяца, а гэта ўжо зусім іншае «ты ж рюскі, брат?».

Тое ж тычыцца адвечнага горада Стамбула, у які я асабіста меў слабасць лятаць раз на год — дужа ж прыемна піць гарбату з фазан-травой, закусваць кускавым цукрам і назіраць за тым, як павольна змяняецца колер вады ў Басфоры. Старажытныя руіны ў Эфесе, скульптуры Афрадысіяса, якія даюць рады мармуровым статуям Рыма, нябесны блакіт Памукале, арыгінальныя вароты Іштар з Вавілона ў Музеі старажытнасцяў, Цыстэрны; для беларусаў візы непатрэбныя, збірайся ды едзь, але ж, але ж!.. У канцы мінулага года туркі збілі рускі Су-24, Масква і Стамбул уступілі ў перманентны ідэйны двубой. Рускія  каналы пляжаць Эрдагана, туркі пляжаць Пуціна, а мы, як заўсёды, атрымліваем у дадатак.

Эксплорынг Турэччыны, нават калі размова ідзе пра хуценькі агляд некалькіх старажытных храмаў з візантыйскімі фрэскамі 5–7 стагоддзяў, прадугледжвае шчыльны кантакт з мясцовымі. Бо ты тут ці ездзіш на таксоўцы, і тады рыхтуй дадатковую сотню еўра ў дзень, ці перасоўваешся на грамадскім транспарце, і тады нават каб знайсці паром на Б’юкаду, трэба ўступаць у размову.

Туркі — ветлівыя ды гасцінныя людзі, але цяпер мы для іх «таксама рускія», з усім, што з гэтага выбягае.

І вось літаральна куды ні паглядзіш, на якія традыцыйныя вабы для адпачынку — усюды цяпер нейкі пападос. Для нашых бацькоў мора заўсёды значыла Крым. І хто цяпер наважыцца сунуцца ў Судак? Гэтая зямля цяпер — месца адчаю, куды нават пераможцы ехаць не спяшаюцца. І ў самой Украіне, кажуць, не вельмі салодка цяпер — трэба дзесяць разоў падумаць, перад тым як ехаць у Карпаты ці Адэсу: краіна вядзе вайну, а гэта заўсёды вядзе да з’яўлення зброі не толькі на руках паліцыі, але і ў тых спартовага выгляду гаўрыкаў, для абароны ад якіх паліцыя і створаная. І што вы будзеце рабіць, калі гэтых джэнтльменаў зацікавіць ваш аўтамабіль? Хай для гэтых мы не рускія, пад раздачу можна трапіць не з палітычных, а з сацыяльных прычынаў.

У армян і азербайджанцаў зноўку абвастрылася карабахскае пытанне і ў любы момант можа грымнуць, а таму цяпер трэба пільнаваць навіны перад тым, як выпраўляцца ў Гехард, на возера Севан ці ў рамантычны Баку, што месціцца проста на ўзбярэжжы.

Ці вось вам Грэцыя — калыска еўрапейскай цывілізацыі. У Афінах цяпер два крызісы, эканамічны і мігранцкі. І куды б у старой Еўропе ты ні накіраваўся — заўсёды будзеш адчуваць прагорклы подых новай сусветнай сітуацыі, гэтага забурэння ды неспакою.

Усе маналітныя трывалішчы, на якіх ляжала глабальная стабільнасць, прыйшлі ў зрух — як гэта было напярэдадні сусветных войнаў мінулага стагоддзя.

І нават такія аддаленыя ад еўрапейскага мурашніка месцы, як Непал ці Тайланд зноў і зноў трапляюць у стужкі навін. У Непала канфлікт з Індыяй за паўднёвыя тэрыторыі, Тайланд перажыў палітычны крызіс, у Мексіцы землятрус, у Фларыдзе страляніна, на Цэйлоне патоп, Луўр эвакуяваны праз паводку — ну, і гэтак далей.

З апісанай сітуацыі можна зрабіць дзве практычныя высновы.

Першая — паколькі свет зрабіўся неспакойным месцам, і, набываючы квіткі да Стамбула, ты міжволі сутыкаешся з паведамленнямі пра ўзарваны ў гэтым горадзе аўтобус, — праз усю гэтую муць варта перастаць быць «трэцяй паловай» і хуценька далучацца да родных, што курчацца на гародчыках, габлююць плот, «пырскаюць жука». Ці пачынаць вандраваць па роднай зямельцы, адкрываючы, што краснасельскія крэйдавыя кар’еры не надта горшыя за травярціны Памукале — прынамсі, блакітны колер аднолькавы.

Але другая стратэгія — махнуць рукой і працягваць вандраваць. Быць гатовым да скасавання рэйсаў, паліўных забурэнняў (кейс Індыі і Непала), перманентных еўрапейскіх страйкаў, насцярожаных шэнгенскіх памежнікаў, грэблівасці і пагарды ад ветлівых раней абарыгенаў, размоў пра тое, які дрэнны Пуцін, і пра тое, што мы ні разу не рускія. Быць гатовым да таго, што самыя простыя рэчы ў гэтым звар’яцелым свеце цяпер патрабуюць вытрымкі і процьмы часу. Але — вандраваць.

І для сябе — пасля ўсяго напісанага я пакідаю менавіта другі шлях, шлях прыгодаў без аглядкі на плямы роспачы, раскіданыя па глобусе. Што ёсць вашым выйсцем — вырашайце самі.


budzma.by

 


Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-06-14 15:40:26
Задзяўбаў зварот "ведаеце", які аўтар паўтарае і паўтарае... Як бы намякаючы, што ён нясе нам нейкія сакральныя веды, а не зарабляе грошыкі сваімі павярхоўнымі замалотамі.

Каментаваць