Хмяльніца: па слядах напалеонаўскіх войскаў

Кіламетраў 15 ад Слоніма знаходзіцца вёска Хмяльніца. Яна стаіць убаку ад дарогі, калі ехаць са Слоніма на Ружаны. Дзесяць гадоў таму ў вёсцы пражывала каля сотні жыхароў, а цяпер — напалову менш. Ды і вёска, як кажуць у народзе, неперспектыўная.

Гісторыя вёскі пачынаецца дзесьці з XVI стагоддзя. Была вёска ўласнасцю Валовічаў, потым у складзе Расійскай імперыі, потым пад Польшчай, а падчас Другой сусветнай вайны немцы і савецкія партызаны знішчылі 26 двароў і 18 яе жыхароў.



Кіламетраў 15 ад Слоніма знаходзіцца вёска Хмяльніца. Яна стаіць убаку ад дарогі, калі ехаць са Слоніма на Ружаны. Дзесяць гадоў таму ў вёсцы пражывала каля сотні жыхароў, а цяпер — напалову менш. Ды і вёска, як кажуць у народзе, неперспектыўная.

Гісторыя вёскі пачынаецца дзесьці з XVI стагоддзя. Была вёска ўласнасцю Валовічаў, потым у складзе Расійскай імперыі, потым пад Польшчай, а падчас Другой сусветнай вайны немцы і савецкія партызаны знішчылі 26 двароў і 18 яе жыхароў.

Часам вёска Хмяльніца Слонімскага павета згадваецца ў гісторыі беларускай літаратуры. Справа ў тым, што ў 1912–1915 гадах у хмяльніцкай пачатковай школе працаваў настаўнікам вядомы заходнебеларускі грамадска-палітычны дзеяч, літаратуразнавец, паэт і педагог Ігнат Дварчанін (1895–1937), які пазней скончыць Карлаў універсітэт у Празе і абароніць доктарскую дысертацыю “Францыск Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве.

У апошнія красавіцкія дні я вырашыў наведаць Хмяльніцу. Мяне цікавілі сляды напалеонаўскай арміі, якая ў 1812 годзе наступала і адступала праз Хмяльніцу. Па вёсцы ішлі аўстрыйскія і прускія жаўнеры, якія ваявалі на баку Напалеона Банапарта.

Вёска Хмяльніца раскідана па невялікіх хутарках-вуліцах. Самая першая вуліца называецца Раманаўская. Яна самая старая, і менавіта па ёй крочылі 200 гадоў таму аўстрыякі і прусакі. На гэтай вуліцы толькі 6 хат. Каля адной з іх на лаўцы сядзелі вясковыя пенсіянеркі. Спыняюся, вітаюся з жанчынамі. Адна з іх прапаноўвае купіць бульбы, бо шмат засталося яшчэ з восені. Але тэма бульбы ў нас хутка адыходзіць на другі план. На першы план пераходзіць гістарычная тэма. “А чаму ваша вуліца называецца Раманаўская? — пытаюся ў жанчын. “Таму што некалі на ёй жыў нейкі Раман, таму і называецца Раманаўская, — адказваюць жанчына. Сапраўды так. А каб жыў нехта Пятро, дык была б Пятроўская…



— А ці чулі вы, жанчынкі, пра вайну з французамі? — зноў экзаменую вяскоўцаў.

— А як жа ж!.. Вунь там знаходзяцца старыя каменныя могілкі. Яны ўсе зараслі кустамі. Тых французаў каля нашай Хмяльніцы некалі шмат палягло. І хавалі іх там, а замест помнікаў клалі толькі камяні. А на адным камні нават захаваўся надпіс, ён каля дачнага доміка знаходзіцца, тут, у вёсцы, пад’едзьце туды, — параілі пенсіянеркі.

Еду шукаць камень з надпісам. У канцы вёскі каля дачнай прыбудовы убачыў. На ім выбіты прозвішчы і ў самым нізе каменя добра відаць пазнаку — 1813 год. Але чаму 1813, а не 1812? Магчыма, камень пэўны час шліфаваўся, набіваліся прозвішчы і лічбы. Пакуль гэта ўсё ў ручную рабілася і камень ставіўся — прайшоў час.

Дзіўна тое, што гэты гістарычны камень нехта з дачнікаў прыстасаваў замест шула. І веснічкі камень трымае, і плот. Што толькі не прыдумаюць нашы людзі. Ад гэтага “наватарства нават горка і балюча бывае.

Калі вяртаўся ад старога каменя назад, сустрэў вяскоўца Колю, так ён сябе назваў. Сказаў Колю, хто я такі і што шукаю. “А ў мяне ёсць штык, я яго знайшоў на французскім могільніку. Ён проста быў усаджаны ў зямлю. Ці не з вінтоўкі гэты штык якога-небудзь француза? — спытаўся Коля. “Магчыма… — адказаў вяскоўцу, трымаючы старую рэч у руках.

Колю са штыком я сфатаграфаваў і паціху пачаў развітвацца з Раманаўскай вуліцай Хмяльніцы і яе жыхарамі. Па дарозе на Слонім сфатаграфаваў старыя каменныя могілкі, дзе нашлі спачын сотні жаўнераў з Прусіі і Аўстрыі. 

 

Каментаваць