«Гняздо- 2» Паліны Качатковай

15 кастрычніка ў прыватным краязнаўчым музеі вёскі Стаўры, што пад Оршай, прайшла прэзентацыя новай кнігі пісьменніцы і грамадскай дзяячкі Паліны Качатковай (Сцепаненка) «Гняздо-2». На імпрэзу прыехалі госці з Мінска, Віцебска, Оршы і наваколляў. 


У новай кнізе літаратаркі аб’яднаны апавяданні 1987-1990 гадоў, а таксама творы, напісаныя пасля 2012 года, і аповесць «Паэт» пра класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Месца правядзення прэзентацыі было абрана невыпадкова, бо пісьменніца сама нарадзілася ў Оршы.

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі


На імпрэзу прыехалі вядомыя дзеячы культуры і мастацтва, сябры і калегі Паліны: з Мінска — старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч і паэт Міхась Скобла, рэжысёры Віктар Корзун, Алег Дашкевіч і Вольга Мікалайчык, барды Кася Камоцкая і Андрэй Мельнікаў, старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і пісьменнік Алесь Бяляцкі з жонкай Наталляй і сябра арганізацыі Алена Лапцёнак; з Віцебска — маці расстралянага па абвінавачанні ў тэракце ў мінскім метро Улада Кавалёва Любоў Кавалёва і вядомая журналістка Алена Сцяпанава, а таксама прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі з Оршы, ды іншыя.   

Зміцер Вішнёў

Зміцер Вішнёў


Па словах дырэктара выдавецтва «Галіяфы», дзе выйшла кніга Паліны Качатковай, Змітра Вішнёва, гэтае выданне пісьменніцы рыхтавалася даволі доўга, размовы пра яе вяліся больш за год. У выніку аўтарка і выдаўцы знайшлі паразуменне ў плане таго, якая гэта мусіць быць кніга, і вынік, на думку Вішнёва, атрымаўся цудоўным.

«Асобная гісторыя, як мы раблілі вокладку. Гэтая карціна (твор мастака  Сяргея Дзегцяронка «Гняздо-2» — заўв. Г. К.) вісіць у адной цудоўнай кватэры. Яна была велізарная, і яе трэба было сфатаграфаваць, бо здымак, які ўжо быў, не адпавядаў таму, каб патрапіць на гэтую вокладку. І дызайнер Жэня Багдановіч цудоўна справілася з задачай, і ў рэшце атрымалася тая вокладка, якую мы хацелі, — распавёў выдавец. — На мой погляд, кніга складаецца не проста з нейкіх твораў, а гэта можна ўявіць, як нейкія такія яйкі, і вось аўтар будуе гэтае творчае гняздо, куды складае гэтыя яйкі. На мой погляд, гэта вельмі канцэптуальня кніга, і тут ёсць раман пра Максіма Багдановіча, які ў кнізе абазваны аповесцю, і гэта цэнтральны твор выдання. Тут разгортваюцца таямніцы, факты. Мне здаецца, тут, у гэтай кніжцы, ёсць і містыка, і фантастыка, і рэалізм. І, на мой погляд, што тут ёсць самае важнае: Паліна Качаткова, з аднаго боку, — сур’ёзны рэаліст, але гэты рэалізм часам вельмі паэтычны. Мне як чалавеку, які таксама працуе са словам, гэта было вельмі блізка. І вось гэтая паэтычнасць часам проста падкупляе».


Сама аўтарка патлумачыла, чаму было вырашана зрабіць прэзентацыю акурат на Аршаншчыне. «Мы шмат пра гэта гаварылі з Алесем Шутавым, якога нядаўна не стала з намі. Мы гаварылі пра гэта яшчэ летам падчас паездкі ў Чарнігаў. І гаварылі, што, можа быць, было б добра зрабіць нефармальны літаратурны фестываль на зямлі Уладзіміра Караткевіча, каб не толькі ў нейкіх дамах культуры адбываліся літаратурныя чытанні, але можна было б пачытаць недзе на вуліцы, таму што тут не хапае вольнага слова, менавіта літаратурнага. Алесь Шутаў (актывіст кампаніі «Гавары праўду» – заўв. Г. К.), калі мы наведвалі яго ў бальніцы, абяцаў, што будзе 15 кастрычніка на нашай імпрэзе. Але ніхто не ведае свайго лёсу, і Алесь памёр, учора было дзевяць дзён. І сёння яго няма разам з намі. Таму мне хацелася, каб такая вечарына была ў падобным фармаце не апошняй, каб сюды прыязджалі людзі, каб збіраліся аршанцы. Каб чыталіся творы, і каб з гэтага быў такі пачатак, таму што ў Оршы вельмі жывая энергетыка, вельмі жывыя і вельмі прыемныя людзі, вельмі шмат інтэлігенцыі, яны вельмі шмат паміж сабой кантактуюць, але ў Мінску пра гэта вельмі мала ведаюць. І ўсё гэта вельмі хацелася б ажывіць», — пажадала Паліна Качаткова.  
     

Барыс Пятровіч


Добрыя словы на адрас аўтаркі сказалі Алесь Бяляцкі, Міхась Скобла, які вёў рэй, Барыс Пятровіч, Усевалад Рагойша ды іншыя прысутныя.  

Алена Сцяпанава дорыць Паліне птушку для яе Гнязда

Алена Сцяпанава дорыць Паліне птушку для яе Гнязда


А журналістка з Віцебска Алена Сцяпанава падрыхтавала для «віноўніцы ўрачыстасці» адмысловы падарунак — зробленую самаруч птушку. «Няхай вось такія вылупліваюцца з яйцаў у такіх гнёздах, чырыкаюць, і ўсё будзе добра», — пад апладысменты сказала Алена.


Усе прысутныя атрымалі кніжкі Паліны Качатковай і змаглі ўзяць у аўтаркі аўтографы. Выданне пісьменніцы ўжо ў пятніцу паступіла ў продаж.  

Даведка:
Паліна Качаткова — сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яна адна з аўтарак дакументальных кніг «Трагедыя на Нямізе» (2000 год) і «Смяротнае пакаранне ў Беларусі» (2015), аўтарка сцэнароў дакументальных фільмаў «Гастарбайтар» (2008), «Сыс пра Сыса» (2010), «Пустазелле» (2011), «Прычына смерці – прочырк» (2011), «Убыў па прысудзе» (2012), «Людвіка» (2013), «Шэсць аргументаў супарць смяротнага пакарання». Аўтар зборнікаў навэл «Матылі» (2012) і «Зялёны сон» (2015).
У 1990-1998 гадах працавала ў музеі Максіма Багдановіча ў Мінску, пасля яшчэ дзесяць гадоў — у Праваабарончым цэнтры «Вясна».


Каментаваць