Хочаш выхоўваць дзіця па-беларуску — праяўляй ініцыятыву

У амаль двухмільённай сталіцы Беларусі ўсяго толькі шэсць беларускамоўных школ і два сталыя беларускамоўныя дзіцячыя садкі. У абласных і раённых цэнтрах сітуацыя не менш складаная, у некаторых гарадах Беларусі нават увогуле няма беларускамоўных адукацыйных устаноў.

У амаль двухмільённай сталіцы Беларусі ўсяго толькі шэсць беларускамоўных школ і два сталыя беларускамоўныя дзіцячыя садкі. У абласных і раённых цэнтрах сітуацыя не менш складаная, у некаторых гарадах Беларусі нават увогуле няма беларускамоўных адукацыйных устаноў.

Штогод колькасць беларускіх школ змяншаецца прыблізна на адзін працэнт. Паводле інфармацыі старшыні Таварыства беларускай школы Алеся Лозкі, у гэтым навучальным годзе толькі 20,9 працэнта дзяцей навучаліся ў школах з беларускай мовай навучання. Летась іх было крыху больш — 21,5 працэнта. Чыноўнікі ад адукацыі кажуць пра незапатрабаванасць беларускай мовы ў дзяцей і іх бацькоў.

«Калі мы прыйшлі запісвацца ў чаргу на месца ў дзіцячы садок, — кажа маці паўтарагадовай Камілы Ляўчук Мілана Харытонава з Брэста, — то у нас нават ніхто не запытаўся, у якую групу — беларускамоўную або рускамоўную — мы жадаем аддаць наша дзіця. Чыноўнікі ўсё вырашылі за бацькоў. У Брэсце няма ніводнага сталага беларускамоўнага садка».

«Мая асабістая пазіцыя такая: калі чалавек штосьці хоча, то не будзе чакаць, што нехта створыць яму спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі запланаванага, — кажа маці дваіх дзяцей, загадчыца рэдакцыі дзіцячай літаратуры дзяржаўнага выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алена Масла. — Але тэма выхавання дзяцей, магчымасці даць ім адукацыю па-беларуску — асаблівая. Дзяржаўная палітыка краіны не скіраваная на вывучэнне роднай мовы, і таму бацькі, апантаныя гэтым, безумоўна, пакутуюць. Мая калега па працы Паліна Грынчук расказвае, што ў беларускамоўны садок на Кахоўскай, куды яна водзіць сваю дачку, бацькі прывозяць дзетак з усяго Мінска. Я назіраю за дзецьмі, якія вучацца разам з маёй дачкой Крысцінай у беларускамоўнай гімназіі, і думаю: а што далей? Добра, калі ты гуманітарый, магчымасці атрымаць вышэйшую адукацыю на роднай мове ёсць. А калі дзіця схільнае да матэматыкі, фізікі, то яму проста замінае тое, што ён вучыцца па-беларуску. Ва ўсіх тэхнічных ВНУ Беларусі выкладанне вядзецца на рускай мове. Выпускнік бачыць бесперспектыўнасць далейшага існавання ва ўмовах адсутнасці беларускамоўнай прасторы. А гэта ўжо пытанне таго, наколькі мова запатрабавана ў краіне».

Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук з Брэста вырашылі выхоўваць па-беларуску сваю паўтарагадовую Камілу з маленства і адразу сутыкнуліся з праблемай: у брэсцкіх крамах няма беларускіх кніжак для самых маленькіх, сябры прывозяць іх з Мінска.

Знаёмыя падказалі сям’і, што ўжо цяпер трэба стаць у чаргу ў РАНА, каб у трохгадовым узросце Каміла магла трапіць у дзіцячы садок. Бацькі са здзіўленнем даведаліся, што ў Брэсце, насельніцтва якога перавышае 300 тысяч, няма беларускамоўных садкоў.

«Ёсць дзве групы толькі ў адным садку недзе ў мікрараёне Рэчыца! — кажа Мілана. — Ад нас вельмі далёка, на супрацьлеглым канцы, куды можам дабірацца толькі «маршруткай». Чыноўніца мне прапанавала знайсці яшчэ адзінаццаць сямей, якія таксама хочуць выхоўваць сваіх дзяцей па-беларуску, і тады, з яе слоў, такую групу створаць у адным з садкоў нашага раёна. Выходзіць, беларускамоўныя дзеці патрэбныя толькі бацькам, а не дзяржаве. Ад нашай ініцыятывы залежыць тое, ці будуць у Беларусі беларускамоўныя садкі».

Мілана разам з мужам правялі сапраўдную кампанію: расклеілі ўлёткі з інфармацыяй пра стварэнне такой групы ў шматлюдных месцах, раскідалі іх у паштовыя скрыні, далі аб’яву ў газету «Вечерний Брест» і ў інтэрнэце, пакінулі кантактныя тэлефоны. Адгукнуліся толькі дзве сям’і.

Тое, што не атрымліваецца пакуль здзейсніць сям’і з Брэста, рэалізавала маладая сям’я з Мінска. Дар’я Каткоўская і Ігар Крэбс жывуць у сталічным мікрараёне Сухарава, яны таксама хацелі аддаць свайго сына ў беларускамоўны садок. І ім мясцовыя чыноўнікі прапанавалі такі ж план дзеяння, як і Мілане Харытонавай і Алесю Ляўчуку з Брэста. Але ў Мінску, як распавяла Дар’я Каткоўская газеце «Звязда», адразу адгукнулася 50 сямей. І ўжо з верасня гэтага года ў сталічным дзіцячым садку № 570 у мікрараёне Сухарава павінна адчыніцца беларускамоўная група. Усяго на гэтую справу бацькам спатрэбілася больш за 7 месяцаў.

«Гэта было цяжка, проста надзвычай цяжка! — расказвала Дар’я Каткоўская. — Чаму, калі б мы вырашылі адукоўваць нашага сына на рускай мове, дык нам спатрэбілася б усяго адна гадзіна нашага жыцця? Чаму, у гэтым жа выпадку, мы маглі б прайсці праз вуліцу і выбраць любы садок Сухарава, а цяпер ледзь не павінны былі б ездзіць праз усю Кунцаўшчыну? Гэта незразумела! У нас у краіне дзейнічае закон пра раўнапраўе дзвюх дзяржаўных моваў і права выбіраць мову навучання свайго дзіцяці, але чаму тады так шмат бар’ераў было на нашым шляху?»

Бацькоў, што выхоўваць беларускамоўных дзетак, жыццё прымушае шукаць і іншыя магчымасці, каб прапанаваць сваім дзеткам паўнавартасную беларускамоўную інфармацыю. Яны самі ствараюць у інтэрнэт-прасторы беларускамоўныя сайты. Адзін з самых вядомых — «Нашы дзеткі». Выданне мае шэраг раздзелаў і шмат карыснай інфармацыі.

Дырэктар ліквідаванага ўладамі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя Уладзімір Колас лічыць, што бацькам і іх беларускамоўным дзеткам яшчэ доўга чакаць лепшых часоў, хаця колькасць жадаючых вучыцца і атрымліваць адукацыю на роднай мове з кожным годам расце.

Паводле «Завтра твоей страны»

Каментаваць