Грані таленту: Персанальная выстава Марыны Капілавай

Персанальная выстава Марыны Капілавай упершыню адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы. 



У экспазіцыі прадстаўлены літаграфіі і дэкаратыўныя ўпрыгажэнні. «Гэта толькі некалькі граняў яе таленту і ўнікальнай, як і яна сама, творчасці», — адзначыла куратар выставы Ала Зміёва. Да таго ж мастачка рэалізоўвае сябе ў скульптуры, акварэльным малюнку, калажах і нават робіць лялькі.

Сюжэты літаграфій — антычная міфалогія, біблейскія тэмы, рамантычныя фантазіі. Там прысутнічаюць цар Саламон і царыца Саўская, Саламея і Рышэлье, Анубіс і Бастэт, Давід і Галіяф, сірэны і пацукалоў.

«Марына — чалавек, далучаны да розных культураў, — падкрэсліла Ала Зміёва. — Гэта і славянская язычніцкая культура, і антычная культура, перапрацоўкі сучасных сюжэтаў. Канешне, вельмі шмат асабістага — эмацыянальнага, лірычнага, любоўнага. Вось матывы, якія пастаянна праз усю яе творчасць праходзяць. У дастаткова экспрэсіўнай, не заўсёды традыцыйнай для нашай графікі форме».

Залогам свайго поспеху ў літаграфіі мастачка лічыць супрацоўніцтва з майстрам-друкаром Дзмітрыем Малатковым.

«Я бясконца яму ўдзячная, і наогул лёсу і магчымасці прылюдна гэта сказаць, як я яго люблю. Ён цудоўны майстра, ён падзвіжнік, ён бяссрэбранік. Ён такі -- адзіны», — зазначыла Марына Капілава.

Своеасаблівая стылістыка, вытанчанасць і ў сюжэце, і ў форме ўласцівая кожнаму твору мастачкі. І нават масіўным аздабленням з металу яна здольная надаць прыгажосць і элегантнасць. Коўка, пайка, нажніцы, пласкагубцы — гэта ўсё, што ёй патрэбна, каб з грубага матэрыялу зрабіць фантастычныя рэчы.

Творы Марыны Капілавай знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, ЗША, Германіі, Галандыі, Ізраіля, Латвіі, Расіі.

Ёсць мастакі па дыпломе і мастакі па сутнасці — лічыць старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. «Маша — той выпадак, калі гэта Божае прызначэнне, — перакананы ён. — Бо ўсё, што яна робіць, гэта настолькі шчыра, настолькі пазітыўна, настолькі светла, а значыць, па Божаму, што і сумненняў няма, хто ёй кіруе. Вялікая радасць там, дзе ёсць мастацтва. І тады не трэба прыдумляць нагоду для свята. І Марына Капілава ўжо ў каторы раз нам такую радасць дорыць».

Фота з сайта nlb.by

Каментаваць