Гродзенскія археолагі капаюць замак пад снегам. Як? (ФОТА)

Раскопкі на Старым Замку ў Гродне ладзяцца ўжо не першы год. Канкрэтна гэты этап доўжыцца ад кастрычніка і скончыцца ў лепшым выпадку ўлетку: усю зіму з маразамі да «-15» навукоўцы правялі ў ямах…
Археалагічныя працы сёлета носяць выратавальны характар. То бок навукоўцы капаюць не там, “дзе ім хочацца”, а там, дзе маюць быць праведзеныя камунікацыі альбо паўстаць новыя будынкі ў рамках праекта рэканструкцыі Старога Замку паводле архітэктара Уладзіміра Бачкова, пра які НЧ ужо пісаў.

Напрыклад, раскоп з боку мосту і Новага Замку – гэта зусім не пошукі старадаўняга барбакану ці вежы-данжон, вядомай з гравюры Цюндта, але падрыхтоўка ўчастку для пракладання безтраншэйных камунікацыяў. Агулам на тэрыторыі замку сёння два раскопы, іншы знаходзіцца ў двары.

Тым не менш, раскопкі сталіся ледзве не самымі маштабнымі з часоў Ядкоўскага, які працаваў яшчэ перад вайной, паводле закранутых плошчаў. Ёсць і знаходкі, самымі вядомымі з якіх сталі цудоўна захаваная цагліна з выявай вялікакняскага гербу «Калюмны», шахматная фігура, кавалкі плінфы (цэглы, распаўсюджанай у Кіеўскай Русі) з літарамі ды інш.


Паралельна на тэрыторыі працуюць устаноўкі, якія забіваюць у замкавую гару сваі на глыбіню 14-17 метраў. Гэта неабходна, каб забяспечыць устойлівасць будынкаў, якія паўстануць з боку Нёмана: мернай ізбы і камяніцы. Сярод навукоўцаў няма еднасці адносна іх выгляду: мерная ізба, кажуць, была ў рэальнасці драўлянай, а камяніца – нашмат меншай, чым у праекце рэканструкцыі. Разам з тым, праект Бачкова, які вяртае замку выгляд часоў Баторыя, ужо зацверджаны Мінкультам, таму выбару няма.

На сённешні дзень на раскопках задзейнічаныя ўсяго некалькі прафесійных археолагаў, супрацоўнікаў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Рэшта – працоўныя, дасланыя Гроднажылбуда.

Са словаў удзельнікаў, сярод якіх ёсць і дзяўчаты, найбольш складана было працаваць ад ранку да вечару, калі тэмпература сягала «- 15». У такія дні сагрэцца мажліва было толькі ля металічнай бочкі з вогнішчам, а як адыходзіш на метр-другі – зноў халодна. Але як капаць мёрзлую зямлю? На той глыбіні, на якой працуюць археолагі, зямля не замярзае да стану каменя, таму працаваць складана, але магчыма.

Ці будуць патрэбныя на раскопках валанцёры? Так, але не раней за канец сакавіка. Пажадана, каб гэта былі людзі хаця б з мінімальным археалагічным досведам.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць