Гурт "Палац" да свайго 20-годдзя выпусціў два новыя дыскі

"Палац" да свайго 20-годдзя выпусціў два новыя дыскі, паведаміў на прэс-канферэнцыі 14 лістапада ў Мінску лідар гурту Алег Хаменка.

 



Паводле яго слоў, адзін дыск — "Кола грукатала" — з'яўляецца пятым па ліку альбомам гурту. У яго ўвайшлі 10 песень, над якімі працавалі амаль 10 гадоў. Большасць з іх належыць аўтарству Хаменкі, але ўсе яны звязаны з беларускімі легендамі і паданнямі. "Для нас гэта крыніца натхнення. Мы перакананыя ў тым, што трэба браць тэмы, звязаныя з беларускай гісторыяй, і на іх аснове ствараць аўтарскія тэксты. Інакш фолк-музыкі заганяюць самі сябе ў тупік", — лічыць Хаменка.
 


Кожная з песень альбома прысвечана пэўнаму святу ці падзеі. Загалоўная песня "Кола грукатала" звязана з Сёмухай, "Прыляцела ластаўка" — са святам Пятра і Паўла, "Праважала маці сына" Хаменка напісаў паводле згадкі пра песню, якую спявалі касінеры Кастуся Каліноўскага. У альбоме таксама ёсць дзве новыя версіі старых хітоў — "Русалкі" і "Страла".
 


Другі дыск можна назваць сайд-праектам (праект, у якім удзельнічае адзін ці некалькі чалавек, ужо вядомыя па іншых праектах) удзельнікаў гурту. Яны запісалі музычную прытчу "Салдат-доктар", створаную паводле аднайменнай казкі. "Казка была запісана ў канцы XIX стагоддзя ў вёсцы Глыбава на Магілёўшчыне фалькларыстам Я. Раманавым. Іншае прачытанне казкі падала Марыя Іванаўна Бурава з вёскі Тупічына на Віцебшчыне. Частку гэтай казкі Францішак Аляхновіч выкарыстаў у сваёй п'есе "Круці не круці — трэба памярці", — расказаў Хаменка.
 


Ён даследаваў казку і ўсё, што звязана з яе сюжэтам, на працягу васьмі гадоў. "Гэтая казка можа быць яркай ілюстрацыяй таго, які беларус на самой справе, з усімі яго праблемамі, комплексамі і страхамі", — адзначыў музыкант.
 


Хаменка папярэдзіў, што казка разлічана на аўдыторыю пасля 10-гадовага ўзросту, і параіў паслухаць яе найперш дарослым. "Яе вельмі зручна слухаць у дарозе. Да таго ж яна дае гэтулькі сэнсаў і прачытанняў, што выклікае разважанні і спрэчкі", — лічыць лідар "Палаца".

Сяргей Пульша, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць