Гурык піша Ларуце...

Кніга так і называецца: «Лісты жыцця і кахання». Апрыёры адзначаецца такім чынам яе жанравая адметнасць і робіцца ўдакладненне, што шматгадовае ліставанне закаханых адрасантаў звязана непасрэдна, літарай і духам сваімі, з рэальным жыццём.



Вокладка кнігі «Лісты жыцця і кахання»


Менавіта пра гэта сведчаць і першыя радкі прадмовы: «Жыццё аўтараў гэтай кнігі прыйшлося на пакутлівае XX стагоддзе, калі здарылася столькі цяжкіх і жудасных падзей для ўсяго чалавецтва і многіх людзей паасобку: дзве сусветныя вайны, рэвалюцыі, бальшавіцкі тэрор, галадамор». Тут жа аўтар прадмовы зазначае далей перадумову, маральна-псіхалагічную матывацыю ліставання — пачуццё вялікага, узаемнага, глыбокачалавечнага кахання. Ён піша пра суджэнцаў, як пра «дзве палавінкі аднаго цэлага», пра тое, што «супольная праца, блізкія імкненні і думкі выклікалі спачатку шчырую сімпатыю, якая неўзабаве перарасла ў сардэчнае прыцягненне і, нарэшце, у сапраўднае Вялікае Каханне, якое яны пранеслі праз усё жыццё і якое дапамагло перажыць усе ліхалецці».

Так, пад знакам Вялікага Кахання, пад светлаю Зоркай Венерай Гурык піша Ларуце, Ларута (Лара) піша Гурыку. Так яны адзін аднога завуць, так яны адзін да аднога звяртаюцца. З адпаведнымі, вядома ж, эпітэтамі, са словамі незвычайнай пачуццёвай моцы і духоўнай красы…

Колькі гадоў таму выходзіла вялікім накладам, расхоплівалася ў кнігарнях і з захапленнем, памятаю, чыталася кніга «Что движет солнце и ветрила?» з падзагалоўкам: «Каханне ў лістах вялікіх людзей».

Мушу сказаць, што многія з тых лістоў блекнуць у параўнанні з «лістамі жыцця і кахання». Асабліва не ў меру высокамоўныя, з завучанымі, шаблоннымі зваротамі — пачатковымі і развітальнымі. Блекнуць, цьмянеюць перад героямі кнігі, нашымі рэальнымі сучаснікамі з іх каханнем, іх учынкамі, іх лёсам усе гэтыя літаратурна-казачныя Трыстаны ды Ізольды, Русланы і Людмілы, Дафнісы і Хлоі...

Уражвае ўжо сама геаграфія ліставання, тыя абставіны, пры якіх пісаўся той альбо іншы ліст. Чытаем: «8.VII.38. Мая любая, любая! Мая самая дарагая, самая харошая, мая чыстая, сьветлая Ларута! Вітаю цябе з нашым радасным днём, з пятнаццацігоддзем нашага сумеснага шчасьця, шчасьця, якое не праходзіць, а ўсё паглыбляецца і павялічваецца... Ня будзем сумаваць, гараваць. Загартуемся, панясем, захаваем нашае шчасьце ў нашых сэрцах глыбока-глыбока... Позьні час ужо. Не стэнаграфаванае пісаньне зацягваецца, думкі бягуць шпарчэй. Дабранач на сёньня, мая галубка, дабранач, мая сонечная, ласкавая. Твой Гурык».

Гэта радкі з ліста, які быў напісаны драбнюткімі літарамі на тонкіх, для самакрутак, паперках у салавецкай турме. Потым адпраўляецца ліст «з-пад берагу Анежскага возера». Наступны — з Салікамска. На іншых, з цягам часу, пісьмах пазначаны мясціны, населеныя пункты, станцыі: Баравічы, вёска Вялікая Ніва, Чарэпавец, Уфа, Камышлоў, Вавож, вёска Рускі Задлуд, станцыя Кузіна, станцыя Пенза, Масква, Чунжыно, Порыш-Торыно, станцыя Кіраў, Горкі-вакзал, станіца Раманаўская, Мелітопаль, Керч, Гудаута, Масква, Тамань, Ялабуга, Дзедаўск, Чарнобыль (той самы!), Чабаксары — пасажырскае судна, Чаркеск, Растоў на Доне, Смаленск, Чырвоная Горка, Масты — поплаў Нёмана... «Широка страна моя родная (і г.д.)… От  Москвы до самых до окраин, от южных гор до северных морей». Было дзе размахнуцца са сваім змушаным ліставаннем спачатку зэку, потым умоўна рэабілітаванаму «ворагу народа», савецкаму, беларускага паходжання, інжынеру-геолагу.

Гурык піша Ларуце, Ларута (Лара) піша Гурыку. Як, якой мовай? У дадзеным выпадку гэта — асобная тэма, — для літаратуразнаўцы-тэкстолага. Ды не магу не сказаць усё ж некалькі слоў. Хаця б пра тыя самыя эпітэты, азначэнні, параўнанні. Рэч у тым, што Ларута для Гурыка не толькі адназначна «любая», «дарагая», «харошая», «родная» і «мілая». Яна для яго — і «само сонца», «само шчасце», і «Das Evigweibliche» («вечная жаноцкасць»), і «пралесачка дрыжучая, зелянёк кволы», і «Вераніка скромная, ціхая», і «званочак сінюткі», і «вялікае сэрца, верная мне Сольвэйг»), і «чабор пахучы», і «белы мятлік». I яшчэ — выдзелю асобна — «мой дарагі, мой любы Здрыжнічак». Гэтае нечакана адметнае азначэнне пераходзіць з ліста ў ліст. Давялося шукаць тлумачэння ў слоўніках, у адным, у другім. Знайшоў у «Краёвым слоўніку ўсходняй Магілёўшчыны» І.К.Бялькевіча: «ЗДРЫЖНIК, -а, м. бат. Здрыжнік, канапелькі, божыя слёзкі». Вось такі вобраз, такое дзівоснае параўнанне.

У адным з лістоў гучыць прызнанне: «Калі б я ня быў геолагам, дык стаў бы этнографам». Застаючыся геолагам, Гурык з’яўляецца адначасна і натхнёным песняром сваёй любай Ларуты. Мае рацыю Міхась Мушынскі, які, грунтоўна даследуючы тэму, зазначае: «Не будзе перабольшваннем сказаць, што паэты-рамантыкі ў сваім абагаўленні «чароўнай дамы» нават саступаюць прызнанням беларускага вучонага».

Каханне ўзаемнае, узаемнасцю прасякнутае наскрозь і ліставанне. Ларута піша Гурыку ў тым жа духу, з тымі ж пачуццямі, з тым жа суперажываннем. Ён для яе і «родны, дарагі Гурык», і «родны Гурынька», і «любы Гурэечка, зоранька далёкая», і «любы Гурэйка, зямлісты Гур», і «любачка дарагі, Гур-Гурэечка», і «адзіны праз усё жыцьцё»... Гэта зачыны, пачатковыя радкі пісьмаў. А вось звароты развітальныя: «Бывай, бывай, маё сонца, сэрца, жыцьцё... Хай будзе табе добра, хай задача вядзе твой крок, моцна б’ецца сэрца. Цалую цябе ўсяго, лашчу. Твая Лара», «Вельмі хачу мець твае лісты ўжо за гэты месяц. Радыё слухаем штодня. Многа трэба сілы і цьвёрдасьці, каб захаваць супакоенасьць. Цалую цябе, мой голубе, лашчу. Твая Лара», «Бывай здароў, мой родны, дарагі. Кожную хвіліну думкаю з табою. Твая Лара. Цалую, тулюся, шапчу табе аб любасьці сэрца майго»...

А калі ён, яе любы Гурык, паведамляе ў сваім лісце, напісаным ноччу ў нейкім Поныш-Торыно, пра сваё адчайнае, прынятае, пэўна, у мінуты душэўнага ўзрушэння рашэнне «аддаць усё за магчымасьць займацца самому дасьледваньнем Беларусі: самога сябе, каханьне, сям’ю», адрачыся дзеля справы «ад сябе, ад блізкіх, родных, любых, ад сэрца» (ліст датаваны 21.VII.44.) — то яна, Ларута, годна cустракае такую навіну і напраўду самаахвярна адказвае ў сваім лісце: «...вельмі разумею тваё жаданьне астатак жыцьця аддаць Бацькаўшчыне». Ды яшчэ дадасць ласкава, без ценю крыўды і дакору (Гурык жа просіць не крыўдаваць): «Цалую цябе, лашчу, абдымаю. Твая Лара» (ліст ад 11.VII.44 г.).

Вось такія яны — «лісты жыцця і кахання». Вось такія яны — аўтары гэтых незвычайных лістоў. Яны пісалі, прамаўлялі гэтак, як жылі, словы ў іх не разыходзіліся з іхнімі справамі і ўчынкамі.

Ну ды, мяркую, самы час «расшыфраваць» усё ж гэтыя памяншальна-ласкальныя, сямейныя «Гурык» і «Ларута» ды ўдакладніць — хоць чытач, пэўна, і без таго здагадаўся, — што кнігу «Лісты жыцця і кахання», якая сёлета пабачыла свет у выдавецтве «Тэхналогія», склалі пісьмы слыннага навукоўца і грамадскага дзеяча Гаўрылы Гарэцкага і яго жонкі Ларысы Парфяновіч-Гарэцкай.

 

Падрыхтаваў жа кнігу да выдання акадэмік, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар і аўтарытэтны грамадскі дзеяч Радзім Гарэцкі, г.зн. Гарэцкі-малодшы. Яго пяру належаць і цікавая прадмова і грунтоўныя каментары да кожнага з раздзелаў кнігі. Р. Гарэцкі надзвычай шмат зрабіў для захавання і ўвекавечання спадчыны свайго бацькі. Выданне кнігі «Лісты жыцця і кахання» — яшчэ адна ягоная высакародная, важная для ўсіх нас справа.

7 снежня Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі адзначыў сваё 85-годдзе. «Літаратурная Беларусь» разам з аўтарам гэтага эсэ шчыра віншуюць юбіляра ды жадаюць яму радасці і здароўя!

Каментаваць