Хутчэй, вышэй, стабільней

Нельга не вітаць ідэю супрацоўніка адміністрацыі Наталлі, якая, падводзячы сумныя вынікі дасягненняў беларускай алімпійскай зборнай у Ванкуверы, прапанавала арганізаваць айчынны спорт па армейскаму прынцыпу.

* * *



Нельга не вітаць ідэю супрацоўніка адміністрацыі Наталлі, якая, падводзячы сумныя вынікі дасягненняў беларускай алімпійскай зборнай у Ванкуверы, прапанавала арганізаваць айчынны спорт па армейскаму прынцыпу.

* * *

Кабінет спарткома быў заняты. Прызыўніку не заставалася нічога іншага, як вывучаць плакат «Не — допінгу ў беларускім войску!», які вісеў у калідоры. Тэкст плаката распавядаў пра сумны лёс аднаго генерала, якога злавілі на ўжыванні допінгу падчас расійска-беларускіх вучэнняў “Захад–2. Падпарадкаваныя генералу часткі рухаліся і калашмацілі імправізаванага натаўскага праціўніка занадта хутка, што выклікала лагічнае падазрэнне сярод сяброў антыдопінгавага камітэту Мінабаронспорту.

Нарэшце спартком вызваліўся і паклікаў юнака:

— Хто там — заходзь.

Прызыўнік апынуўся ў невялікім пакоі. За сталом — ён займаў дамінуючую частку прасторы — сядзеў немалады мужчына ў форменных афіцэрскіх трэніках і вязанай шапцы капітана. Ён капаўся ў шуфлядцы.

— Прозвішча? — спытаў гаспадар, не падымаючы галавы.

— Алег Мыла.

Нечакана на свет з’явіўся аркуш паперы. Спартком пару хвілін вывучаў яго, перад тым як абвесціць:

— Магу вас павіншаваць. Вы прыгодныя для службы.

Прызыўнік — тыповы студэнт-батанік — паглядзеў на суразмоўцу як на вар’ята.

— Што?

— Тое, што чуў. Віншую, вы прыгодныя да праходжання службы ў беларускай алімпійскай зборнай.

Хлопец яўна не чакаў такога павароту.

— Як жа так?! У мяне ж зрок… Гэта сапраўдная палітычная замова! Прымусовы алімпійскі прызыў! Спачатку вы звальняеце мяне з ВНУ па фармальных прычынах… Пасля я атрымліваю павестку ў спарткамат! А цяпер яшчэ жадаеце забрыць мяне на стадыён! І ўсё толькі таму, што я сябра Маладога Фронту!!! Такім чынам вы распраўляецеся з апазіцыянерамі?! За нашу актыўную палітычную пазіцыю вы размяркоўваеце палітычна незадаволеных у спартсмены?!

Спарткома не кранула падобная аргументацыя.

— Малады чалавек… Як вас там, Алег Мыла. Палітыка тут не пры чым. Усе мужчыны і жанчыны ў выпадку, калі яны маюць спартовыя таленты, павінны праходзіць службу, падобную на вайсковую, у шэрагах спартовай нацыянальнай дружыны. Менавіта такі прынцып за словамі галоўнага ідэолага краіны гарантуе нам у Сочы мех алімпійскіх медалёў. Вы цалкам пасуеце крытэрыям алімпійца, сябра зборнай па фігурнаму катанню ў парным разрадзе.

— Якому фігурнаму катанню?!

— Ну, фігурнае катанне, від спорту такі. Усякія піруэты на лёдзе. Зайздрошчу я вам, па шчырасці. Я таксама калісьці хацеў катацца, як той Зайцаў або Радніна.

Гэтыя прозвішчы нічога не казалі прадстаўніку новай генерацыі

— Які ж з мяне фігурыст? Я нават на каньках не стаю.

— Навучаць. Для гэтага і існуе вучэбка ў Печах. Цяжка ў вучэнні, лёгка на лёдзе. Хутка будзеце з заплюшчанымі вачыма завязваць і развязваць канькі. Паверце: праз гадкоў дзесяць я яшчэ пабачу вас у парку Горкага ў дзень фігурыста, калі вы будзеце піць гарэлку і даставаць мінакоў пытанням кшталту: а ты можаш двайны тулуп скакаць?

— Слухайце. Я ўсё роўна не прыпыню сваю палітычную дзейнасць. Я пачну пісаць у ЖЖ праўду пра зборную. Я буду патрабаваць, каб мне трэнеры аддавалі загады па-беларуску. Гэта мае канстытуцыйнае права. Я буду падпісвацца на незалежную прэсу.

Хлопец, гучна стукнуўшы дзвярыма, сышоў.

* * *

Гэты гучны і непрыемны стук дзвярэй прымусіў падскочыць двух людзей у адным з кабінетаў таго ж будынку. Раздражняльны гук ішоў з дынаміка маленькага мікрафона, які трансляваў апісаную вышэй размову. Пісаў дыялог, відавочна, схаваны жучок у кабінеце спарткома.

— Ну што думаеце, калега? — спытаў адзін з гэтых людзей.

Другі запаліў цыгарэту.

— Тыповы выпадак ужывання допінгу. Ты чуеш тэмбр яго голасу? Гэты спартком даўно і шчыльна сядзіць на анаболіках. Падазраю, што ў дадатак нюхае гарманальныя стэроіды.

— Маеш рацыю. Ну што, бяры мензурку — і пабеглі.

Сябры антыдопінгавага камітэта Мінабароны (як вы здагадаліся, гэта былі яны) падарваліся і пабеглі браць у спарткома аналіз мачы.

* * *

Пакуль камітэтчыкі беглі з аднаго крыла будынку іншы, спартком узяў мабільнік:

— Алё, мне патрэбны галоўнакамандуючы федэрацыі фігурнага катання. Алё, ну вітаю: гэта Кузкін. Ну ўсё, аформіў я гэтага Івана Мылу да цябе ў зборную, як ты і прасіў. Хлопец што трэба: апазіцыянер самы што ні ёсць жалезабетонны: зробіць тваёй частцы славу на ўсю краіну. Так што даю гарантыю — пасля Сочы з цябе будзе як з гусака вада. «Якія медалі, — скажаш, калі на дыван выклікаюць, — мы тут зранку да вечара апазіцыю перавыхоўваем. Палітычная стабільнасць і ўсё такое». Ну, бывай. Дарэчы, ты чуў, што вярхоўны камандуючы асабіста прыязджае на вучэнні па 64-клетачных шашках і што Колі... Прабач, да мяне прыйшлі. Хто вы? Што вы робіце. Я не хачу ў туалет. За што?

На гэтым тэлефонная размова перарвалася.
 

Каментаваць