Ідэальнае цела ў ЦСМ

Цэнтр сучаснага мастацтва 30 чэрвеня прэзентаваў міжнародную выставу «Anatomia. Ідэальнае цела». Яна праходзіць з адзнакай 18+



Міжнародны праект «Anatomia» працуе ў вобласці візуальных мастацтваў, аб’ектам даследавання якога з’яўляюцца праблемы ўспрымання цела (межы цела, самаідэнтыфікацыя, разбурэнне цялесных стэрэатыпаў, эратычнае ўспрыманне цела) і цялеснасць.

Першая выстава ў межах гэтага праекта адбылася ў красавіку 2013 года ў Віцебску на дзвух пляцоўках: Арт-цэнтры Марка Шагала і Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва. У ёй прынялі ўдзел 18 мастакоў і фатографаў з Беларусі, Францыі, Чэхіі і Латвіі. Роўна праз год у тых жа залах адбылося адкрыццё другой выставы ў межах праекта. Яна сабрала 19 удзельнікаў з Беларусі, Чэхіі і Польшчы. Крыху пазней ў Мінску экспазіцыя праекта аб’яднала працы ранейшых ўдзельнікаў і такім чынам дала магчымасць асэнсаваць матэрыял, напрацаваны за два гады.

Першыя наведвальнікі выставы разглядаюць працы

На некаторыя блокі хадзілі нават натоўпамі

Тэмай выставы ў гэтым годзе з’яўляецца ідэальнае цела. Мастакі спрабуюць разабрацца, якім чынам зараз ідзе фармаванне крытэраў ідэальнага цела, калі прыгажосць не з’яўляецца абавязковай умовай, не знаходзіцца пад разглядам сучаснага мастацтва? Раздумваючы над гэтым, 22 аўтары і мастацкія калектывы з Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Швецыі, Латвіі і Аўcтрыі прадставілі свой погляд на прыгажосць анатоміі чалавека.

Прыкметнай рысай экспазіцыі з’яўляюцца працы вядомага польскага фатографа Збігнева Длубака з серыі «Жэстыкуляцыя» і працы маладых фатографаў Рэйніса Хофманіса і Паўла Хейны, якія прадстаўляюць Латвійскую і Чэшскую рэспублікі. Піянерам выставаў гэтага праекта будзе цікава паглядзець рэтраспектыўную фотаэкспазіцыю з выставы «Гаворачае цела». Працы прадстаўленыя галерэяй візуальнага мастацтва «Nova».

Цікава выглядаюць маленькія падблокі інсталяцыяў

Такія выставы заўсёды выклікаюць шмат дыскусій

Сама выстава падзелена на пакоі. Кожны з іх – асобны міні-праект, са сваёй ідэяй і канцэпцыяй. Апроч фатаграфій на выставе можна будзе пабачыць інсталяцыі, фільмы і іншыя віды візуальнага мастацтва. Таксама, будуць праходзіць розныя суправаджальныя мерапрыемствы і перфомансы. Аб іх раскладзе будзе вядома пазней.

Цёмны пакой з муміяй і надпісам D&C

Выстава будзе праходзіць да 30 жніўня.

Фота: ​Георгій Камісараў

Каментаваць