Ігар Бабкоў паразважае ў "Флэце" пра Ігната Абдзіраловіча

19 снежня ў межах пяці рэгіянальных лекцый пра пачынальніка беларускай філасофскай традыцыі Ігната Абдзіраловіча ў Гомелі адбудзецца прамова філосафа, паэта, лаўрэата прэміі Гедройца Ігара Бабкова. Падчас лекцыі спадар Бабкоў прадставіць інтэлектуальнаму і культурнаму асяроддзю Гомеля сваё бачанне ролі і месца ідэй Абдзіраловіча ў беларускай традыцыі.



Лятучы ўніверсітэт, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі”, курсы беларускай мовы “Мова Нанова” прадстаўляюць цыкл лекцый, прысвечаных Ігнату Абдзіраловічу.

Ігнат Абдзіраловіч — аўтар маленькага эсэ “Адвечным шляхам” і вялікай ідэі "ліючайся формы". Амаль невядомы ў мінулым стагоддзі, цяпер ён выразна бачыцца намі як ПАЧАТАК самастойнай беларускай ТРАДЫЦЫІ МЫСЛЕННЯ.

З аднаго боку, пачатак — радыкальнае абнуленне, анігіляцыя ўсяго папярэдняга, пункт зэро гісторыі. Але менавіта абнуленне дазваляе ДУМАЦЬ традыцыю, а не проста яе даследаваць альбо канструяваць. Абдзіраловіч — гэта радыкальная заяўка на суб’ектнасць і разгортванне адмысловай беларускай метафізікі. Сёння, калі вялікія праекты здаюцца вычарпанымі і будучыню трэба ствараць нанова, вельмі дзейсным можа аказацца зварот да ПАЧАТКУ.

У межах Году беларускага мыслення  Лятучы ўнівэрсітэт  у партнёрстве з грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі”, курсамі беларускай мовы “Мова Нанова” падрыхтаваў інтэлектуальны калядны падарунак для беларусаў — цыкл пяці лекцый пра спадчыну Ігната Абдзіраловіча. У межах гэтага цыклу сваімі разважаннямі і рэфлексіямі дзеляцца сучасныя беларускія філосафы: Павел Баркоўскі, Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая,  Міхаіл Баярын, Валянцін Акудовіч.  Лекцыі будуць адбывацца на працягу снежня і студзеня ў пяці беларускіх гарадах: Гародня, Гомель, Віцебск, Маладзечна, Магілёў.

19 снежня (субота) а 18.00 у Тайм-кафэ “ФЛЭТ” філосаф, паэт Ігар Бабкоў прамовіць лекцыю  "Абдзіраловіч і беларуская традыцыя". Лекцыя адбудзецца па адрасе: вул. Савецкая, 124. Пачатак а 18.00. Уваход вольны!

Дадатковая інфармацыя па тэл.: +375296408812 (Гомель);  +375297422040 (Менск)

Анонс лекцыі суправаджае акварэль беларускага мастака Вячаслава Паўлоўца, крыніца тут.

Каментаваць