Ікона «Усецарыца» паклікала вернікаў у Сынковічы

Сёння, 31 жніўня, у вёсцы Сынковічы Зэльвенскага раёна адбылося вялікае свята іконы «Усецарыцы». У Ватапедскім манастыры, што на святым Афоне ў Грэцыі, захоўваецца сем цудатворных абразоў Божай Маці. Сярод іх ікона «Усецарыца».



Копія гэтай іконы, напісаная манахамі Ватапедскага манастыра, прыкладзеная да арыгінала і асвечаная ва ўсіх 20 манастырах Афона, ёсць у Сынковіцкай царкве.

Знаходзіцца ў храме яшчэ адна копія «Усецарыцы», упрыгожаная ў кіёце сотнямі каштоўных вырабаў. Гэта дары людзей, якія пасля шчырых малітваў ля іконы Божай Маці атрымалі вылячэнне ад анкалагічных захворванняў і ад бясплоддзя. Пагалоска аб цудах у Сынковіцкім храме хутка разнеслася не толькі па ўсёй Беларусі, але і далёка за яе межы.

У прастольнае свята іконы «Усецарыца» ў Сынковічы прыехалі сотні аўтамашын і аўтобусаў. У час Божай літургіі, якую вёў настаяцель протаіерэй Арсеній Ананка ў саслужэнні з іншымі свяшчэннаслужыцелямі, храм не мог умясціць усіх жадаючых. Гучная трансляцыя вялася і звонку храма. Пасля літургіі шматлюдная працэсія з харугвамі і іконай «Усецарыца» наперадзе пайшла Хрэсным ходам да святой крыніцы. Па шляху ўзносіўся акафіст «Усецарыцы». Каля святой крыніцы адслужылі малебен, а затым усе жадаючыя акунуліся ў святую купель.

Фота аўтара

Каментаваць