Імя Віталя Цвіркі будзе насіць Палац мастацтва ў Мінску

Пра гэта 29 жніўня ў сталічным Палацы мастацтва заявіў першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца на адкрыцці юбілейнай выставы народнага мастака Беларусі і лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Віталя Цвіркі.



Віталь Цвірка. Ружовы вечар. Фота Марата Гаравога


Паводле словаў Сітніцы, нядаўна кіраўніцтва БСМ атрымала згоду Мінгарвыканкама на наданне палацу імя Віталя Цвіркі. Намеснік старшыні творчага  аб’яднання назваў  Цвірку «геніальным беларускім мастаком, які віртуозна валодаў сваёй прафесіяй, як ніхто іншы злавіў у сваіх творах танальнасць, ноту, мелодыю роднай зямлі і дух Беларусі». «Яго мастацтва глыбока духоўнае, разам з тым лёгкае і віртуознае», — сказаў Сітніца.

Дачка народнага мастака Таццяна Цвірка адзначыла, што бацька быў вельмі светлым і пазітыўным чалавекам вялікай энергетыкі, дабрыні і працаздольнасці. «Ён любіў прыроду ва ўсіх яе праявах і не толькі як мастак — у сваім садзе вырошчваў лепшыя гатункі сліў, абрыкосаў і вінаграду, быў цудоўным пчаляром, даглядаў чатырох сабак і прыручаную варону. Тата быў хлебасольным і таварыскім, на сямейных музычных вечарынах любіў спяваць арыі і рамансы сваім гучным раздольным голасам», — сказала Таццяна Цвірко. Яна нагадала, што пасля сыходу бацькі кіраўніцтва творчага аб’яднання адзінагалосна прагаласавала за наданне Палацу мастацтва імя пейзажыста і адкрыцця ў ім пастаяннай экспазіцыі ягоных твораў.  

Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзімір Зінкевіч падкрэсліў, што ад краявідаў Цвіркі патыхае «ашаламляльным бачаннем свету, шчырасцю і харызмай». «Узнікае ўражанне, што гэтыя творы напісаў дваццацігадовы юнак з вялікім майстэрствам так замешваць фарбы. Прычым усе пейзажы Цвіркі насычаны такой энергетыкай, што адарвацца немажліва. І мы сёння можам сказаць — у Беларусі ёсць вялікі майстар, якога можна параўноўвайць з Альберам Маркэ, Клодам Манэ, Анры Мацісам і Паблам Пікаса, з кім заўгодна. Віталь  Цвірка і сёння ўзрушвае. Мабуць нікому з беларускіх мастакоў не ўдалавался ствараць такую мастацкую атмасферу вакол свайго жывапісу. Ягоныя пачуцці жывуць, выхоўваюць і натхняюць», — сказаў Уладзімір Зінкевіч.    

Як адзначае кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Шунейка, Цвірка — таленавіты беларускі жывапісец, вядучы майстар краявіду другой паловы ХХ стагоддзя, пераемнік вялікіх здабыткаў пейзажнага мастацтва сваіх славутых папярэднікаў Фэрдынанда Рушчыца, Станіслава Жукоўскага і Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

Мастак пакінуў нам надзвычай каштоўную творчую спадчыну. Беларуская прырода з яе непараўнальным багаццем вобразных матываў стала для яго невычэрпнай крыніцай натхнення. Пачынаючы ад свайго першага этапнага твора «Беларускі пейзаж» (1951) і да апошняга свайго дня жывапісец услаўляў Бацькаўшчыну ў краявідах, якія  заўжды будуць успрымацца натхнёным і ўрачыстым гімнам эпічнай велічы і лірычнай чароўнасці Беларусі. Мастак валодаў выключнымі здольнасцямі малявальшчыка і каларыста, неўтаймаванага шукальніка новых краявідаў і смелага наватара ў іх кампазіцыйных вырашэннях. Яго творчая дзейнасць выходзіла далёка за межы мінскай майстэрні і пашыралася на пагоркі Лагойшчыны, дасягала берагоў Сожа, Нёмана і Нарачы, была звязана з іншымі мясцінамі, дзе ён працаваў на ўлонні прыроды, выяўляў у ёй самае галоўнае і сутнаснае, абагульняючы свае жывыя і натхнёныя ўражанні вельмі сучаснымі і маляўнічымі сродкамі выразнасці.

Жывапісец не спыняўся ствараць шматлікія пейзажы, якія сталі класічнымі ўзорамі беларускага краявіду: «Ля млына», «Лагойскі сказ», «Мой край родны», «Каложа», «Зямля Янкі Купалы», « Мая радзіма» і «Лепельская сюіта». З 1980-х гадоў мастак актыўна займаецца нацюрмортам, што вельмі ўзбагаціў яго эксперыментальную творчасць. Надзвычайнай тэхнічнай свабодай і вобразнай непаўторнасцю вылучаюцца яго акварэльныя краявіды, выкананыя нібы на адным дыханні. Творы мастака з часу іх стварэння не перастаюць выклікаць агульнае захапленне і прызнанне. Дзякуючы іх вялікаму эстэтычнаму ўздзеянню знайшлі свой шлях у пейзажным жывапісе многія сучасныя беларускія мастакі. 

У розныя гады творы Цвіркі з вялікім поспехам экспанаваліся ў Велікабрытаніі,  Аўстрыі, Балгарыі, Венгрыі, Германіі, Італіі, Польшчы, Канадзе, Францыі, Фінляндыі і Японіі, а таксама ў розных гарадах СССР.

У фондах Беларускага саюза мастакоў захоўваецца мноства выдатнейшых твораў Цвіркі, якія складаюць аснову выставы. Унікальныя, раней мала вядомыя творы перадала ў экспазіцыю сям’я мастака. Усе гэтыя жывапісныя пярліны вялікага маэстра дазваляюць асэнсаваць мастацкія дасягненні Віталя Цвіркі, прасякнуцца іх нязгасным вобразным святлом.

Выстава працуе па 18 верасня.

Творы Віталя Цвіркі. Фота Марата Гаравога

Зноў узышоў месяц

Вечаровае сонца

 

Палі Беларусі

 

Зеленя

Зімой

Элегія

Нацюрморт з партрэтам

Сінія далі

Каментаваць