«Іншасвет» Алеся Мары

Вечарам 23 красавіка ў Мінску, у кнігарні «Галіяфы» адкрылася выстава беларускага мастака і грамадскага дзеяча, аднаго з патрыярхаў апошняй хвалі беларускага нацыянальнага адраджэння Алеся Мары (Аляксея Марачкіна) «Іншасвет».




У экспазіцыі — новыя творы майстры, што грунтуюцца на нацыянальнай гістарычна-культурнай спадчыне.

Мастак ля сваіх рушнікоў-«вісюляк», напісаных па матывах традыцыйнага беларускага арнаменту

Разам з тым, спадар Алесь паказаў вядомыя працы вострага сацыяльна-палітычнага гучання, якія ўвасабляюць непарыўную сувязь мастака з сваім народам, з ягонымі болькамі, трывогамі і надзеямі. Прычым, шэраг гэтых актуальных і сёння палотнаў былі забароненыя і знятыя з мастацкіх выстаў.

Алесь Мара сустракае гасцей імпрэзы

Алесь Мара сустракае гасцей імпрэзы

Сярод іх — «Сляза Міндоўга», «Навала» і «Хакеіст». Гэтыя метафарычныя працы адлюстроўваюць эканамічную і палітычную залежнасць беларускіх ўладаў ад свайго ваяўнічага ўсходняга суседа, які вядзе прыхаваную агрэсію супраць Украіны, а таксама акцэнтуюць увагу на небяспецы, што ўяўляе Астравецкая АЭС для беларусаў, якія працягваюць жыць ў цяжкіх наступствах Чарнобылю…

Навала

Навала

 Сляза Міндоўга

Сярод новых прац творцы — партрэт-прысвячэнне аднакурсніку па вучобе на аддзяленні жывапісу Беларускай акадэміі мастацтва, айчыннаму мастаку з трагічным лёсам Анатолю Сухану, які пісаў толькі для сябе, не ўваходзіў у Беларускі саюз мастакоў, папаў пад машыну, страціў зрок і загінуў у сваім палаючым доме. Алесь Мара напісаў свайго апантанага Беларуссю сябру з ягоным апошнім творам — бел-чырвона-белым сцягам, які Анатоль Сухан намаляваў на фанеры і прымацаваў на сцяне сваёй хаты.

Анатоль Сухан

Анатоль Сухан

Аўтар выставы паказаў яшчэ адно новае палатно «Ціха ўкраінская ноч?». У карціну невядомага мастака канца XIX стагоддзя, напісаную пад уплывам знакамітага твора Архіпа Куінджы «Месячная ноч на Дняпры» і знойдзеную Алесям Марай на закінутым беларускім хутары, жывапісец увёў некаторыя дапаўняльныя элементы, у тым ліку жоўта-блакітны дзяржаўны сцяг Украіны, прымацаваны да носу рыбацкай лодкі, а таксама стрэльбу, што «надзеў» на рыбака. «Так што ў маёй інтэрпрэтацыі не зусім і ціхая ўкраінская ноч, калі мужчына бароніць ад ворага хутар сваёй любай Алесі», — сказаў Алесь Мара.

Ціха ўкраінская ноч?

Ціха ўкраінская ноч?


У адкрыцці выставы прынялі ўдзел сябры творцы і прыхільнікі яго творчасці, у тым ліку самы малады вучань спадара Алеся шасцігадовы Рыгор-Валадзей Іскрык, які таксама паказаў свае малюнкі.

Рыгор-Валадзей Іскрык з мамай

Рыгор-Валадзей Іскрык з мамай


Аўтара выставы павіталі ягоныя сябры — прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі.


Так, «непаўторнаму Алесю Мары» паэт Эдуард Акулін падараваў кнігу пра сваю творчасць «Бой з сабой», напісаную Алесям Бяляцкім у турме, а таксама кнігу вершаў Анатоля Сыса «Берагі майго юнацтва», што выйшла днямі і якую пры жыцці паэта адмовілася публікаваць кіраўніцтва выдавецтва «Мастацкая літаратура». Эдуард Акулін запрасіў прысутных на свой творчы вечар «Бой з сабой», што адбудзецца 3 траўня а 19.00 у сталічным Доме літаратара.

Эдуард Акулін

Эдуард Акулін

Як заўважыў паэт Алесь Разанаў, найважнейшы час для мастака Алеся Мары — цяперашні. «Мінулае — ужо не існуе, будучыня — яшчэ не існуе. Цяпер існуе заўсёды. Мастак робіць цяпер у сустрэчы гэтага свету з іншым, а калі адбываецца гэта сустрэча — з’яўляецца твор. У гэтую сустрэчу ўкладаецца імкненне, здзіўленне, радасць, любоў і шчасце. Без іх твору не будзе. І ў цябе гэта ёсць і гэта адчуваецца, гэтым ты дзелішся з намі і з Беларуссю. Дзякуй табе за гэта», — сказаў Алесь Разанаў.    
 
Алесь Разанаў

Алесь Разанаў

Кінарэжысёр Уладзімір Арлоў, які чвэрць стагоддзя таму стварыў дакументальна-публіцыстычную стужку «Мара», узгадаў пра здымкі гэтага фільму. «Мы прыехалі ў родную вёску Алеся Папоўшчына, якая называлася Октябрь. У ёй была толькі адна жылая хата, дзе насупраць бацькоўскай сядзібы мастака суседавала старая цётачка. І Алесь з сумам узгадваў, якая гэта была вясёлая вёска, дзе ў адной хаце жыў дзед, які лекаваў маладзіц у лазні, у другой — мясцовы самавук, які сканструяваў аэрасані, а ў трэцяй — заўжды таньчылі, прычым скакалі так, што ламалася падлога. Затым мы выставілі палотны творцы пра ягоную вёску ля плоту каля пуні і хаты з выбітымі шыбамі, на коміне якой гойдалася колца з дзіцячай люлькі, і здымалі ўсё гэта на фоне снега, які ціха і павольна ападаў на зямлю вялізнымі камякамі», — распавёў Уладзімір Арлоў.          

Уладзімір Арлоў

Уладзімір Арлоў

Сваімі песнямі вечарыну аздобіў папулярны беларускі бард Зміцер Захарэвіч.  

Зміцер Захарэвіч

Зміцер Захарэвіч

Выстава працуе да 1 траўня. 

Каментаваць