Ірына Дубянецкая ў Віцебску распавядзе пра беларускую Біблію

Публічная лекцыя Ірыны Дубянецкай "Беларуская Біблія. Нацыятворчы праект у постнацыянальным свеце" адбудзецца 12 красавіка ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва, 17.00



Сённяшняя Еўропа паўстала з мінуўшчыны духоўна і гістарычна хрысціянскай. Пэўную колькасць стагоддзяў Біблія была своеасаблівым каталізатарам развіцця еўрапейскай культуры і самасвядомасці. Вядома, што беларускія землі не выключаны з гэтага працэсу: скарынаўскі пераклад Бібліі з’явіўся ў ліку першых, і наша культурная традыцыя падмацаваная агульнахрысціянскай.

Развіццё after-постмадэрнай рэчаіснасці здзяйсняе грунтоўнае пераасэнсаванне гісторыі, але не можа быць па-за яе ўплывам. Сучасны глабалізаваны свет усё часцей называюць постнацыянальным, аднак пытанне нацыянальнага самасцвярджэння застаецца актуальным. Асабліва выразна гэта характарызуе Беларусь. У такіх умовах кропкай грамадскай еднасці можа стаць культурны праект з абрысамі і сутнасцю нацыятворчага праекта — напрыклад, стварэнне беларускай Бібліі.

Даследчык біблійных тэкстаў, доктар тэалогіі і філасофіі Ірына Дубянецкая адстойвае права беларусаў мець сваю Біблію — перакладзеную на родную беларускую мову з арыгінальных — яўрэйскай, арамейскай і грэцкай моў.

Паслухаць яе аргументы і абмеркаваць рэальныя перспектывы такога праекта будзе магчыма падчас публічнай лекцыі, якая ладзіцца 12 красавіка ў Віцебску Лятучым ўніверсітэтам і Міжнародным кансорцыумам “ЕўраБеларусь”.

Запрашаем усіх зацікаўленых! Уваход вольны!

Публічная лекцыя Ірыны Дубянецкай "Беларуская Біблія. Нацыятворчы праект у постнацыянальным свеце" адбудзецца 12 красавіка па адрасе: г.Віцебск, вул.Белабародава, 5, вялікая зала Музею “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва”.

Пачатак а 17-й гадзіне. Уваход вольны!

Цыкл “Urbi et Orbi” Лятучага ўніверсітэту ТУТ

Каментаваць