«Ізгой-адзін»: неанацысты ў шоку

У Беларусі 15 снежня пачаўся паказ франшызы з сагі «Зорныя войны»: «Ізгой-адзін. Зорныя войны: Гісторыі». А ў свеце яна ўжо выклікала шэраг палітычных скандалаў. Walt Disney Studios Motion Pictures заклікала не шукаць у стужцы палітычных падтэкстаў/


Хаця сусветны рэліз «Ізгой-адзін. Зорныя вайны: Гісторыі» адбыўся на днях, а дакладней, 14 снежня, яшчэ задоўга да выхаду стужкі на экраны вакол яе разгарнулася буйная дыскусія. Частцы аўдыторыі загадзя не спадабаўся сюжэт, характары герояў і гэтак далей. Яшчэ да дня прэм’еры некаторыя лідары праварадыкальных груповак пачалі біць трывогу — група выўленых на экране паўстанцаў нагадвае вінегрэт з розных рас і нацый, не кажучы пра тое, што кіруе імі жанчына.

Супрацьстаяць гэтаму інтэрнацыяналу не вельмі прывабныя імперскія штурмавікі, якія ўсе як адзін маюць белую скуру. Выснова для праварадыкалаў напрошваецца сама сабой — фільм мае на мэце зганьбіць белую расу. А выданне «InfoStormer» увогуле лічыць, што за стужкай стаяць грошы яўрэйскага лобі. Адсюль пачалі гучаць заклікі байкатаваць твор усімі сродкамі. І неанацысты — далёка не адзіныя, якім фільм Гарэта Эдвардса не спадабаўся.

Аднак спачатку будзе лагічна пазнаёміць чытача з фабулай. Фільм з серыі «Зорныя войны» распавядае пра падзеі, якія папярэднічаюць чацвёртаму эпізоду «Зорных войнаў»: «Новая надзея». Даведаўшыся пра тое, што Галактычная імперыя пабудавала дасканалую баявую станцыю, здольную знішчаць цэлыя планеты, Альянс паўстанцаў збірае асаблівы атрад пад кіраўніцтвам былой злачынцы, даручыўшы сябрам фармавання здабыць праект гэтай новай суперзброі. Партызаны, падаецца, вось-вось выканаюць загад, аднак на гарызонце з’яўляецца Дарт Вейдэр, у якім некаторыя пазналі рысы… Дональда Трампа.

Асацыяцыя паміж Трампам і Вейдэрам узнікла дзякуючы сцэнарыстам «Ізгой-адзін». Як і шмат супрацоўнікаў Галівуду, падчас апошніх выбараў яны актыўна падтрымлівалі кандыдатуру Хілары Клінтан, і нават называлі выбаршчыкаў Трампа «выбаршчыкамі Гітлера». Пры гэтым яны давалі зразумець, што злы імператар Палпацін на экране — гэта не што іншае, як карыкатура на Трампа.

Фаны Трампа адказалі той жа манетай. На мінулым тыдні стрыечны брат Барака Абамы Малік Абама, які, у адрозненне ад брата, сімпатызуе рэспубліканцам, заклікаў байкатаваць «Ізгой-Адзін». Яго ініцыятву падхапілі буйныя арганізацыі прыхільнікаў новай адміністрацыі накшталт асацыяцыі «Citizens for Trump» («Грамадзяне за Трампа»). Калі верыць «трампафілам», кінасеансы з фільмам «Ізгой-Адзін» павінны стаць месцам сустрэчы праціўнікаў абранага прэзідэнта і каардынацыі іх акцый.

Свае пяць капеек уставілі і ветэраны вайны ў В’етнаме. Яны ледзь не папярхнуліся, калі пачулі ад аўтараў фільму, што ствараць сцэны атакі імперскіх знішчальнікаў на мірныя планеты іх нат[нялі дакументальныя кадры бамбардзіровак амерыканскімі ВПС в’етнамскіх гарадоў. Калі дадаць, што жаўнеры Палпаціна знешне нагадваюць нацысцкіх штурмавікоў, то негатыўная рэакцыя ветэранаў цалкам зразумелая.


Такое эмацыйнае стаўленне да прадукцыі Галівуду — гэта не проста выпадковасць. За акіянам даўно лічаць, што кінатворы фармуюць стаўленне да палітыкаў. Хрэстаматыйнай лічыцца гісторыя з фільмам «Вяртанне чорнага рыцара» (The Dark Knight Rises) з серыі пра Бэтмэна, якая пабачыла свет у 2012 годзе. Усё прызнаюць, што стужка моцна падкасіла шанцы Міта Ромні, кандыдата ў прэзідэнты ад рэспубліканцаў, на выбарах у тым годзе. Усё таму, што назва кампаніі Bain Capital, якой валодае Ромні, пераклікалася з імём негатыўнага персанажа — Bane — выяўленага ў карціне.

Што толькі ні рабіў няшчасны Ромні, каб яго не параўноўвалі з суперзлодзеем, які спецыялізуецца на тым, што ламае хрыбты! Нават хацеў падаць у суд на стваральнікаў карціны. Аднак аўтары The Dark Knight Rises давялі, што ідэя выявіць Бэйна паўстала задоўга да таго, як стала вядома канфігурацыя выбарчай кампаніі 2012-га.

З-за нарастаючай палітызацыі фільму «Ізгой-адзін», яго стваральнік — кампанія Walt Disney Studios Motion Pictures, — ужо заклікала не шукаць у стужцы нейкіх палітычных падтэкстаў. Аднак пакуль такія заклікі дапамагаюць слаба.

Нарэшце, знайшлося шмат крытыкаў і мастацкіх вартасцяў карціны. Некаторыя кінакрытыкі называюць стужку «лабатаміяй» і «татальнай дэперсаніфікацыяй кінагерояў». У перакладзе на звычайную мову гэта азначае, што гледачу прапануецца вельмі хуткі відэашэраг эфектных і напружаных сцэнаў — бойкі, пагоні, бамбёжкі, перастрэлкі, спецэфекты і гэтак далей. А вось характары герояў — шаблонныя, драматургія — прымітыўная.

Аднак гледачу гэта падабаецца, пра што сведчаць першыя зборы — 310 мільёнаў долараў толькі за папярэднія замовы квіткоў. Калі стужка паб’е рэкорд «Адраджэння сілы» — сёмага эпізоду «Зорных войнаў», які сабраў у пракаце два мільярды долараў, іншыя студыі могуць таксама кінуцца кляпаць падобныя «кінашэдэўры».

Наколькі сапраўды фільм Гарэта Эдвардса пагражае белай расе, «капае» пад новага амерыканскага прэзідэнта і робіць з гледача тупога спажыўца спецэфектаў, лепш пераканацца на ўласным досведзе. Прэм’ера карціны «Ізгой-Адзін» у Беларусі адбылася 15 снежня.


Каментаваць