«Я толькі адступіў, а не ўцёк…»

Сёння Ігару Канановічу магло б споўніцца трыццаць тры гады. 19 чэрвеня ён трагічна загінуў — малады паэт, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар кнігі «Астэроід».

Ігар Канановіч. Фота Вікі Трэнас


Беларускія пісьменнікі, сябры і аднадумцы выказалі глыбокія спачуванні родным і блізкім Ігара. Яго трагічны сыход — вялікая страта для літаратурнай Беларусі.

Ігар Канановіч нарадзіўся 22 ліпеня 1983 года ў Клецку. У 2000-м скончыў Заастравецкую СШ Клецкага раёна. У 2003 годзе паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Пасля заканчэння ў 2008–2013 гадах працаваў настаўнікам беларускай і рускай моў у школах Клецкага раёна. Пазней жыў і працаваў у Мінску.

Публікавацца пачаў у 2006 годзе. Друкаваўся ў часопісах «Дзеяслоў» і «Верасень».

Развітанне з Ігарам адбылося на яго малой радзіме ў Клецку.

На саракавіны пасля сыходу Ігара ў іншы свет «Літаратурная Беларусь» змяшчае развітальныя словы аб ім...

«Я толькі адступіў, а не ўцёк…»

Памяці Ігара Канановіча



Ён пайшоў сімвалічна — у дзень народзінаў свайго куміра Васіля Быкава. Зрабіў свой апошні крок з даху дома на праспекце Незалежнасці — разбегся і паляцеў. Паляцеў туды, дзе, як ён верыў, жыццё лепшае, чым у роднай Беларусі.

Ён на ўсё меў сваё меркаванне, асобнае, заўсёды трымаўся сваіх слоў, нават калі ўсе астатнія казалі, што яму варта не ўпарціцца, а пагадзіцца з большасцю, не спрачацца і не даводзіць, а схіліць галаву.

«Удалячынь гляджу з кар’ернай кручы», — спяваў Ігар у адной са сваіх песняў… Цяпер гэтыя словы ўспрымаюцца зусім інакш. Цяпер у кожным ягоным слоўцы бачыцца намёк для нас, родных і сяброў… Намёк, які мы не заўважылі. Даруй, родненькі…

Мы пазнаёміліся на філфаку ў 2003 годзе, і з таго часу Ігар стаў маім найлепшым і самым верным сябруком і аднадумцам. Ён здаваўся такім сталым, разважлівым, спакойным і засяроджаным вельмі. Да яго цягнула. Бывалі і цяжкія часы… Ігар заўсёды падтрымліваў мяне… Памятаю, казаў пра намётавае мястэчка: «Зялінская, калі ты туды пойдзеш, я табе эпітафію напішу!». Мы смяяліся, ён баяўся, што буду пабітая. Хваляваўся за мяне. Мяне і «пабілі». Калі выйшла праз свае восем сутак, Ігар быў першым, хто сустрэў мяне ў вестыбюлі факультэта, падышоў, абняў моцна-моцна… А я, памятаю, спыталася: «Ну, дык дзе мая эпітафія?! Паказвай хутчэй!». Вельмі доўга ён цягнуў з маёй «эпітафіяй», а ў выніку прысвяціў мне песню…

Ён часта пісаў для сяброў… Пісаў выдатныя, вельмі шчымлівыя песні і вершы. Цяпер кожнае слоўца ягонае ўспрымаецца інакш, чым тады, у моманты, калі ён прадстаўляў сябрам творы свае…

Пасля заканчэння БДУ ён з вялікім энтузіязмам распавядаў пра сваю працу ў школе. Яго цягнула да дзяцей, а дзеці вельмі любілі яго. Так, яго моцна засмучала прыніжанасць Настаўніка. Сістэма адукацыі ў краіне, дзе настаўнік — ледзь не апошні чалавек, з якога можна здзекавацца, дурыць яго, дзе кожны крок і любая ініцыятыва захлынаюцца. Але Ігар спрабаваў змагацца. Не дазваляў сябе прыніжаць.

Аднойчы напісаў мне: «Дашуня, трэба нешта рабіць, клецкі РАНА абвясціў негалосны конкурс: хто з настаўнікаў збярэ са сваім класам па горадзе больш бутэлек за вызначаны тэрмін, клас таго паедзе на экскурсію ў Менск! Я што — зусім нічога не варты, каб у летнім лагеры прымушаць дзяцей у мясцовых беспрытульных бутэлькі адбіраць?! Што гэта за конкурс такі?! Афіцыйнага загаду няма, толькі на словах, але два кантэйнеры для бутэлек на тэрыторыі школы з раніцы стаяць! Старэйшыя прамаўчаць, схіляць галовы, але ж некаму трэба змагацца і за дзяцей, і за іх!». Мы стэлефанаваліся з «Еўрарадыё», Ігар распавёў аб тым кантэйнеры, і загад дурны зніклі, як і не было. Начальства здагадвалася, што гэта ён паскардзіўся, але наўпроставых абвінавачанняў не выставіла.

Дзеці вельмі любілі свайго Ігара Васільевіча. Арганізоўваў для іх розныя клубы па цікавостках, часта збіраў іх і вадзіў у паходы… Памятаю, калі звольніўся, на ягонай старонцы «Укантакце» дзеці ледзь не плакалі: «Ігар Васільевіч, куды Вы ад нас?!», «А хто ж цяпер з намі?..»…


Я рады гэты дзень пакінуць ззаду.

Баюся, як забытае дзіця.

Бо тут вакол засады, міны, здрады

На сцежках як бы роўнага жыцця…


Ён любіў дзяцей. Вельмі хацеў вучыць і казаў, што і ад іх вучыцца.


Цяжка падбіраць словы, бо мы, родныя і сябры, і дасюль не верым. Вярталася з яго апошніх «гасцей» і думала: мне там з «Нашай нівы» пісалі, каб я сказала пра Ігара колькі слоў, трэба хуценька ўключыць ноўт і спытацца, ці не супраць ён, каб я што напісала пра яго… Спатрэбілася некалькі хвілінаў на ўсведамленне таго, што пытацца пра гэта больш няма ў каго…

Мой харошы, мой надзейны і верны сябар… Так ганарыўся выхадам сваёй першай кнігі «Астэроід». Радаваўся ўступленню ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Столькі планаў было, так многа песняў і вершаў яшчэ не напісанымі засталіся, столькі дабрыні ў сэрцы… Увесь час здавалася: ну што там — паспеем яшчэ сто разоў!

Не паспелі. Не заўважылі. Не абаранілі. Няма і больш ніколі ўжо не будзе.

Раптам узгадалася: смяяліся колькі гадоў таму, што калі не знойдзем асабістае шчасце, то плюнем на ўсё, сыйдземся ды будзем жыць разам, з павагай адно да аднаго, са шкадаваннем і пяшчотай ды вернасцю… Я называла яго «даражэнькі», а ён мяне — «Дашуня». Ён стрымліваў мяне, калі я моцна ўжо чым абуралася, астуджваў, казаў: «Дашуня, беражы нервы!». Казаў, што нашыя нервы яшчэ спатрэбяцца нам у барацьбе за нашую родную краіну. Ніколі не хацеў з’ехаць, кінуць тут усё… І думак такіх не меў. Беларусь, Радзіма — і толькі яны! І ніяк інакш!


Яшчэ не раз дастане моцы

Здзівіць свайго становішча паноў…


Наш родны пайшоў у свой апошні шлях. Разбегся і паляцеў. Паляцеў у свой вырай.

Казаў мне на імпрэзе, прысвечанай дзесяцігоддзю Плошчы-2006, на якую я яго запрасіла і на якой мы побач сядзелі, плячо да пляча… Саромеўся, што не пайшоў са мной на Плошчу ў 2006-м. Казаў, што адчувае сум і правіну… Зрабіў сваю асабістую Плошчу. На якой і загінуў так неспадзявана, так бязглузда для ўсіх. Немагчыма паверыць, што яго больш ніколі не будзе побач.

Усміхаўся мне перад апошнім крокам… Я і не адчувала, што ён сабраўся ў такі далёкі і самотны шлях… Збіраю думкі, як аскепкі…

«Я толькі адступіў, а не ўцёк…»

Родны, ты назаўжды застанешся ў нашых сэрцах. Мы захаваем цябе; у кожнага, хто ведаў, застанецца ў сэрцы частка тваёй шырокай і чыстай душы. Але май на ўвазе, мой дарагі сябрук, што калі мы сустрэнемся Там, табе давядзецца адказаць на маё пытанне: «Як ты мог нас кінуць тут адных?!»

Вечная памяць, мой мілы! Ты заўжды з намі.

А ў памяць пра Ігара нашая аднакурсніца пасадзіла ў сваёй вёсцы ў Полацкім раёне алею каштанаў...

Каментаваць