«Я помню ўсё»

Летась споўнілася 120 год з дня нараджэння выдатнай беларускай пісьменніцы, мемуарысткі, публіцысткі, перакладчыцы, асветніцы, грамадскай дзеячкі Зоські Верас (Людвікі Сівіцкай), якая не дажыла да свайго стагоддзя толькі 11 месяцаў.



Міхась Скобла з кнігай «Я помню ўсё» Фота Лявона Целеша


А сёлета, зусім нядаўна, у выдавецтве «Гарадзенская бібліятэка» выйшла ў свет цікавая кніга «Я помню ўсё», у якой амаль на 500 старонках друкуюцца ўспаміны Зоські Верас і ўпершыню надрукаваны 386 лістоў, адрасаваных яе карэспандэнтам.

У кнізе змешчана 60 фатаздымкаў, на якіх адлюстраваны гэтая выдатная жанчына і тыя блізкія і родныя людзі, з якімі яна кантактавала. Гэта — першая такая змястоўная кніга на Беларусі аб жыцці Зоські Верс і яе ліставанні з такімі вядомымі на Беларусі людзьмі як Ларыса Геніюш, Адам Мальдзіс, Вячка Целеш, Яўген Петрашэвіч, Аляксей Пяткевіч. Данута Бічэль-Загнетава, Уладзімір Ягоўдзік, Арсен Ліс, Алесь Белакоз.

Укладанне, падрыхтоўку тэксту, прадмову, каментар, рэдактуру і карэктуру кнігі выканаў вядомы беларускі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч Міхась Скобла. Ён жа і вёў рэй на прэзентацыі гэтай цікавай кнігі, якая адбылася ў мінулую суботу ў старажытным горадзе Заслаўе, ў хаце гасцінных гаспадароў Вінцэся і Святланы Манько.

Пакой упрыгожваў наш сімвал, вялікі бел-чырвона- белы сцяг, які звісаў ад столі да самога полу. За святочным сталом, накрытым белым абрусам і вышытымі беларускімі ўзорамі ручнікамі, з букетам півоняй размясціліся мастакі Аляксей Марачкін, Алесь Шатэрнік, Мікола Купава, мастацтвазнаўца, гісторык Таццяна Гаранская, паэт Мікола Касцюкевіч і гаспадары хаты, якую Міхась Скобла трапна назваў гасподай.

Агата іграе «Паланэз Агінскага»

Усе гэтыя людзі сустракаліся з Зоськай Верас, наведвалі яе ў вядомай Лясной хатцы ў Панарскім лесе, у якой яна пражыла без усялякіх выгод цэлых 70 год. У 1920 годзе мужа Зоські Верас, Фабіяна Шантыра, растралялі бальшавікі, і яе, маладую ўдаву, прытуліў Панарскі лес пад Вільняй. Міхась распавёў аб жыццёвым шляху Зоські Верас, аб сваёй сустрэчы з ёй, аб працы над кнігай. Ён распавёў, што ў 1916 годзе Зоська Верас прывячала ў Менску Максіма Багдановіча, які абяцаўся ёй пісаць з Ялты, а свой першы твор яна надрукавала яшчэ ў 1907 годзе.

Аўтарам легендарнай «Нашай Нівы» Зоська Верас стала ў 1911 годзе. Яна ж выпускала ў свет часопісы для дзяцей «Заранка» і «Пралескі», а для дарослых –месячнік «Беларуская борць». А знакаміты «Беларуска-польска-расійска-лацінскі батанічны слоўнік», які яна склала і выдала ў 1924 годзе, не страціў сваёй каштоўнасці і ў наш час. За свае сціплыя заробкі гэтая выдатная жанчына ў 1928 годзе выдала паэтычны зборнік Міхася Машары «Малюнкі».

Народжаная на Ўкраіне, у сям’і вайскоўца, пражыўшы большую частку свайго жыцця пад Вільняй, Зоська Верас усё сваё жыццё заставалася патрыёткай Гародні і Гарадзеншчыны, адкуль паходзілі ўсе яе дзяды. Зоська Верас таксама аўтарка паэтычнага зборніка «Каласкі», якую яна падарыла Міхасю Скобле, Алесю Шатэрніку ў час наведвання імі Лясной хаткі. Спадар Аляксей Марачкін адзначыў, што і ён са сваёй жоначкай(зараз нябожчыцай) Ірынай наведваў Зоську Верас у яе Лясной хатцы.

Аляксей Марачкін

З успамінамі выступіў і Мікола Купава. Гэтых выдатных мастакоў Зоська Верас упамінае ў сваіх лістах. Гаспадыня хаты Святлана таксама была ў гасцях у Зоські Верас: яна ўспамінае, што Зоська Верас любіла, калі яе называлі «пані Людвіка». У сваіх успамінах Таццяна Гаранская адзначыла, што Зоська Верас была вельмі сціплай жанчынай. Вечарыну ўпрыгожыла спявачка Таццяна Грыневіч, якая сваім прыемным голасам, пад гітару,выканала песні «Авэ Марыя» на словы З.Пазняка, «О Беларусь, мая шыпшына» на словы Ул. Дубоўкі, «Пагоня» на словы М.Багдановіча і інш.

Спявае Таццяна Грыневіч

Не засталіся ў баку ад вечарыны і дзеці гаспадароў хаты, якіх у іх шасцёра. Сыночак Мар’ян і дачушка Дамініка прачыталі вершы Зоські Верас, верш Ларысы Геніюш прачытала дачурка Уршуля, а Агатка з вялікім майстэрствам скрыпцы сыграла «Паланэз» Агінскага, які ўсе прысутныя выслухалі стоячы. Вечарына прайшла на высокім узроўні. Усе прысутныя набылі кнігу «Я помню ўсё» з аўтографам Міхася Скоблы, які прыклаў шмат намаганняў, каб кніга выйшла ў свет.

Мне не ўпершыню даводзіцца прысутнічаць на прэзентацыі кніг, укладальнікам якіх з’яўляецца Міхась Скобла; гэта кнігі 2-хтомнік «Ларыса Геніюш», «Алесь Салавей» і іншыя, кнігі, якія займаюць пачэснае месца на маёй кніжнай паліцы, і ў якія я часта заглядваю. А зараз побач з гэтымі кнігамі з’явілася і цудоўная, цікавая кніга пра Зоську Верас «Я помню ўсё». Вялікую высакародную справу робіць спадар Міхась, і ад сябе асабіста і ад іншых аматараў кнігі хочацца шчыра падзякаваць яго.

Фота аўтара

                                            

Каментаваць